Тэлеграм-каналы: У офісе кампаніі A1 адбываецца ператрус. У кантакт-цэнтры адмаўляюць
Пра ператрус у офісе кампаніі паведаміў Тэлеграм-канал @motolkohelp са спасылкай на свае крыніцы. Пасля інфармацыю на падставе сваіх крыніц пацвердзілі на Zerkalo.io.
«Наша Ніва» пазваніла ў кантакт-цэнтр А1, там адказалі: «Ніякай інфармацыі пра гэта мы не маем. Усё добра, паслугі аказваюцца ў звычайным парадку».
Некалькі работнікаў кампаніі, з якімі ўдалося паразмаўляць Zerkalo.io, выказалі меркаванне, што пытанні ў сілавікоў маглі ўзнікнуць да некаторых кіраўнікоў кампаніі, «таму звычайныя супрацоўнікі могуць нічога пра гэта не ведаць».
Яшчэ адна з крыніц Zerkalo.io сцвярджае, што сілавікі, хутчэй за ўсё, прыходзілі ў офіс на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. Прычына — пытанні з-за затрымання прэс-сакратара кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева. Гэтая крыніца сцвярджае, што сёння былі пытанні да ІТ-спецыялістаў. Пры гэтым адначасова з гэтым некалькі работнікаў гэтага офіса паведамілі, што не бачылі, каб да іх прыходзілі «госці» з сілавых структур.
19 снежня намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі паведаміў, што Лукашэнка даў даручэнне правесці ацэнку дзеянняў кампаніі A1 і прыняць самыя жорсткія меры
«Тэлекамунікацыйны і кантэнт-правайдар А1 у пэўным сэнсе «зліваў» не той кантэнт і не туды. Гэта парушае любыя маральныя, этычныя і юрыдычныя нормы і правілы. У сувязі з гэтым Аляксандрам Лукашэнкам дадзена даручэнне правесці ацэнку дзеянняў кампаніі», — паведаміў ён.
10 снежня стала вядома пра затрыманне прэс-сакратара кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева, якога асудзілі на 15 сутак, але пасля іх не выпусцілі. У канцы снежня яго перавялі на Валадарку. Брэдзелева нібыта абвінавацілі ў «зліве» звестак абанентаў.
У кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да персанальных даных кліентаў, і паабяцалі правесці ўнутраную праверку.
«Я думаю, будзе спроба ўвесці ў менеджмент нейкіх сваіх людзей. Ну а паралельна рознага роду канкурэнты будуць спрабаваць вырашыць свае задачы: МТС — свае, ААЦ, які, як ужо вядома, пойдзе ў А1 з праверкай — свае (ААЦ — сузаснавальнік BeCloud, аднаго з двух у Беларусі цэнтраў захавання звестак, другі ‒ А1).
«Чым скончыцца праверка, якую правядзе непасрэдны канкурэнт, можна ў прынцыпе спрагназаваць — нічым добрым», — каментаваў у свой час «наезд» уладаў на А1 «Нашай Ніве» эксперт.
Каментары