Маці Ігара Аліневіча пра прысуд анархістам: Уражанне, што хлопцы мацнейшыя ў турме, чым мы на свабодзе
Валянціна Аліневіч расказала Свабодзе, як прайшло судовае паседжаньне і як рэагавалі на прысуд родныя асуджаных.
22 снежня актывістаў анархісцкага руху Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава прызналі вінаватымі ў падпале службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ ў Мазыры, Дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласці і пакаралі тэрмінамі ад 18 да 20 гадоў зняволеньня.
«Я ўспрыняла [прысуд] спакойна, таксама як і яны. Ведаючы артыкулы, была гатовая да гэтага тэрміну. Бо з самага пачатку, яшчэ год таму, іх запалохвалі расстрэлам, і я, натуральна, разумела, што наша ўлада можа і на такое пайсьці, — кажа Валянціна Аліневіч.
Паводле яе, астатнія бацькі абвінавачаных на вырак сваім дзецям адрэагавалі досыць балюча.
«Усе яны немаладыя. Гучалі такія словы: «Мы не дажывем — раптам я яго ўвогуле больш ня ўбачу» і ў такім духу, — успамінае Валянціна. —- Ну а як можна ўспрымаць такія тэрміны? Да іх прызвычаіцца немагчыма. Можна толькі супрацьпаставіць сваю сілу волі і не ўпадаць у роспач».
Многіх ахвочых у залю судовага паседжаньня не пусьцілі, хаця свабодныя месцы, кажа Валянціна Аліневіч, былі.
«Як заўсёды, праўладныя каналы мелі магчымасьць здымаць, а калі я хацела гэта зрабіць, дык адразу пачалі гарлапаніць, што здымкі забароненыя. Вось такія няроўныя ўмовы. Аднак нехта ўсё ж такі змог зрабіць фота, і хлопцы паказалі, што яны былі ў кайданках, у адрозьненьне ад першага разу».
Сілавікоў у судзе сёньня было значна больш, чым у пачатку першага судовага паседжаньня, заўважае Валянціна.
«Калі ў першы раз сытуацыя была больш лагодная, то сёньня сярод таго боку была нейкая моцная напруга. Сказаць нічога [падсудным і іх сваякам] не дазволілі. Нават не давалі рукой памахаць. На гэты раз былі значна больш жорсткія ахоўнікі, шмат людзей было «ў цывільным». І мікрааўтобус стаяў з танаванымі шыбамі проста каля ўваходу ў суд. Двойчы нас абшуквалі».
Валянціна прызнаецца, што не пасьпела ўважліва выслухаць прысуд, бо хацела «атрымаць асалоду ад 15 хвілін, падчас якіх магла ўбачыць свайго сына». Зь яе словаў, абвінавачаных пакаралі калёніяй узмоцненага і строгага рэжыму. Яны павінны выплаціць пэўныя кампэнсацыі, у асноўным за «маральную шкоду».
Судзьдзя Тулейка пастанавіў спагнаць з кожнага з «анархапартызанаў» па 1200 эўра як кампэнсацыю выдаткаў судовага працэсу. Пры гэтым анархістам прызначылі яшчэ і пакрыцьцё стратаў на 6650 эўра.
«Гэта ўсё [выракі] яшчэ трэба пераасэнсаваць, бо калі бачыш родны твар, то інфармацыя ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае, — прызнаецца Валянціна. — Але склалася ўражаньне, што ўсе хлопцы мацнейшыя ў турме, чым мы на волі».
Валянціна кажа, што сваякам абвінавачаных нарэшце далі дазвол на спатканьні. Дзьмітрый Разановіч ужо сустрэўся зь сястрой.
«2 хлопцаў з Гомля [Разановіча і Раманава] мы прапусьцілі наперад, бо сваякі іх і так здалёку ехалі, а потым ужо мы пойдзем, — кажа Валянціна, — У Сяргея Раманава толькі маці і бацька, больш нікога няма. Трэба, каб людзі іх падтрымлівалі, бо асабліва гомельскія сам-насам з сваёй бядой, іх там ніхто не падтрымлівае».
Каментары