У Радзе бяспекі занепакоіліся рэйтынгам Беларусі па карупцыі — вінавацяць міжнародныя арганізацыі
«Фарміруюць аснову для прадузятых ацэнак», як мяркуе Рада бяспекі.
У Радзе бяспекі прааналізавалі, як Беларусь выглядае ў рэйтынгах па ўзроўні карупцыі. Аўтары публікацыі, сярод якіх значыцца намеснік дзяржсакратара Уладзімір Арчакоў, лічаць, што заходнія арганізацыі не заўважаюць поспехаў беларускіх уладаў і ў барацьбе з карупцыяй, і ў паказальніках дэмакратыі.
А ўсё чаму? Бо незалежныя эксперты насамрэч залежаць ад пазіцыі ЗША і спасылаюцца на ангажаванае меркаванне прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, тых самых, якія апошнія месяцы знішчаюць у Беларусі.
У публікацыі прадстаўнікоў Рады бяспекі прыводзіцца кароткае апісанне міжнародных арганізацый, якія даследуюць тэму карупцыі ў свеце.
«Гэтую працу, апроч нацыянальных суб'ектаў, выконваюць міжнародныя ўрадавыя і няўрадавыя арганізацыі, што дазваляе ім уплываць на вырашэнне сусветных праблем, прадухіляць развіццё наступстваў ад карупцыйных паводзінаў. Такая дзейнасць прывабная і актыўна фінансуецца», — заўважае Арчакоў і ягоныя суаўтары.
«Карупцыя ў асабліва буйных памерах застаецца праблемай для Беларусі»
Апісваючы няўрадавую Transparency International, яны ўдакладняюць, што арганізацыя штогод з 1995-га публікуе спіс краін па ўзроўні карупцыі.
«Фінансуецца Transparency International пераважна дзяржаўнымі ўстановамі і буйнымі карпарацыямі краін-удзельніц ЕС і самім Еўрасаюзам. На тэрыторыі Беларусі Transparency International прадстаўляе свае інтарэсы з пазіцыі так званай экспертнай групы», — адзначаецца ў публікацыі.
Transparency International штогод публікуе індэкс успрымання карупцыі на аснове апытання, праведзенага сярод экспертаў і ў дзелавых колах. Арганізацыя збірае найбольш аўтарытэтныя думкі аб узроўні карупцыі, а таксама выкарыстоўвае даследаванні іншых міжнародных арганізацый: Сусветнага банка, Freedom House, Фонду Бертэльсмана і іншых.
«Такім чынам, слова «ўспрыманне» азначае вымярэнне не карупцыі, а грамадскай думкі аб узроўні карупцыі ў краінах, — лічаць у кіраўніцтве Рады бяспекі Беларусі. — Важна і тое, што адзін з офісаў Transparency International знаходзіцца ў Вашынгтоне. Фінансуецца гэтая арганізацыя ў тым ліку Нацыянальным фондам дэмакратыі, які быў створаны Кангрэсам ЗША ў 1983 годзе для прасоўвання амерыканскіх інтарэсаў у свеце.
Як вынік, сяброўскія да амерыканцаў краіны атрымліваюць у рэйтынгу завышаныя адзнакі, а несяброўскія — заніжаныя.
Беларусь, нягледзячы на меры і аб'ектыўныя статыстычныя паказальнікі, больш карумпаваная, чым афрыканскія Батсвана, Руанда і Намібія. Расія таксама стабільна размяшчаецца ў рэйтынгу на неапраўдана нізкіх месцах».
Летась Беларусь у гэтым рэйтынгу заняла 63 месца са 180 краін, падзяліўшы пазіцыю з Кубай і Харватыяй. У рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Беларусь выглядае куды лепш — уваходзіць у тройку лідараў, пасля Грузіі і Арменіі.
У каманды Арчакова ёсць што на гэта адказаць:
«У раздзеле справаздачы «Фокус на краінах» тэндэнцыйна і бяздоказна адзначана: «Беларусь дэманструе станоўчую дынаміку, падняўшыся на 16 пунктаў з 2012 года.
Аднак з пачаткам пратэстаў супраць спрэчных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе беларускія і міжнародныя назіральнікі забілі трывогу ў сувязі з паліцэйскім гвалтам і жорсткім абыходжаннем з грамадзянамі.
Карупцыя ў асабліва буйных памерах застаецца праблемай для Беларусі, бо яна засяроджаная на самым высокім урадавым узроўні. У 2019 годзе ГРЭКА [група дзяржаў супраць карупцыі, куды ўваходзіць і Беларусі — Заўв. НН] публічна заявіла, што Беларусь не адпавядае большасці патрабаванням па правядзенні неабходных антыкарупцыйных рэформ і выкананні рэкамендацый».
Фактычна сам сабою адзін паказчык, няхай нават інтэграваны, не можа быць абсалютна аб'ектыўным, аб чым сведчаць праведзеныя ў Беларусі і Расіі даследаванні індэкса, да якасных і колькасных паказчыкаў якога ёсць абгрунтаваныя пытанні».
Супрацоўнікі Рады бяспекі лічаць, што трэба звяртацца да іншых рэйтынгаў, і прыводзяць у прыклад вынікі з «Барометра сусветнай карупцыі» за 2017 год, дзе наша краіна абышла Расію, Украіну і Азербайджан, але саступіла, напрыклад, Латвіі, Польшчы, Германіі.
«Аўтарытарная паліцэйская дзяржава, дзе абмяжоўваюцца свабоды»
У фокусе ўвагі Арчакова і яго суаўтараў таксама высновы няўрадавай арганізацыі Freedom House. Вось якое апісанне даюць прадстаўнікі Рады бяспекі:
«Штаб-кватэра ў Вашынгтоне. З 1978-га Freedom House даследуе стан палітычных і грамадзянскіх свабод, дэмакратычныя змены ў свеце. Па розных ацэнках, яе бюджэт на 80% шляхам грантаў фінансуецца ўрадам ЗША. Freedom House штогод публікуе даследаванні па тэмах «Свабода ў свеце», «Свабода прэсы», «Краіны ў пераходным перыядзе». У складзе выніковай ацэнкі ўлічваецца ў тым ліку вынік даследавання ўзроўню карупцыі».
Кіраўніцтва Рады бяспекі звяртае ўвагу, што паказальнік дэмакратыі ў Беларусі, па даных Freedom House, нязменны з 2017 года і складаецца «на падставе ацэнак і меркавання прадстаўнікоў трэцяга сектара, звесткі, як правіла, ангажаваныя і неаб’ектыўныя».
«У справаздачы за 2020 год падкрэсліваецца, што другі па велічыні спад (страта васьмі пунктаў) адбыўся ў Беларусі ў сувязі з тым, што сілы бяспекі спрабавалі падавіць антыўрадавыя дэманстрацыі, выкліканыя фальсіфікацыяй пераабрання кіраўніка дзяржавы», — адзначаецца ў публікацыі.
І тут жа кіраўніцтва Рады бяспекі кідае камень у агарод ЗША: «У Штатах адзначана пагаршэнне сітуацыі ўсяго на тры пункты праз беспарадкі ў Капітоліі, а таксама жорсткасць паліцыі падчас беспарадкаў у 2020-м».
У справаздачы Freedom House па сітуацыі ў Беларусі за мінулы год адзначана: палітычныя правы — 5 пунктаў з 40 магчымых, грамадзянскія правы — 14 з 60.
«Беларусь — аўтарытарная паліцэйская дзяржава, у якой адкрыта фальсіфікуюцца выбары і абмяжоўваюцца грамадзянскія свабоды», — падсумоўвае міжнародная арганізацыя.
А да якіх высноў прыйшоў Арчакоў і ягоныя суаўтары? «Адсутнасць празрыстых, навукова абгрунтаваных і прызнаных методык, вынікі якіх фарміруюць аснову для прадузятых і неаб'ектыўных ацэнак аб успрыманні насельніцтвам барацьбы з карупцыяй, выкарыстоўваюцца для палітычна матываваных абвінавачанняў асобных краін у непрыняцці псеўдадэмакратычных рэкамендацый гэтых структур».
Адзначым, што, па афіцыйных лічбах, за год карупцыя ў Беларусі скарацілася на траціну. У Вярхоўным судзе гэту лічбу называюць «анамальнай» і дыпламатычна адзначаюць, што справа ў тым, што праваахоўнікі сталі дзейнічаць актыўней. Напраўду ж, у праваахоўнікаў змясціліся прыярытэты.
Пасля выбараў асноўныя высілкі былі накіраваныя на злачынствы, звязаныя з масавымі пратэстамі, у 2021-м дадалася ўзмоцненая барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам. Так адбылося пераразмеркаванне спецыялістаў і прэмій за выкананую работу.
Каментары