«Суцэльная пакута». Японцы рады новай хвалі кавіду, бо не трэба ісці на карпаратыў з босам
У снежні пачынаецца баненкаі, сезон вечарынак у Японіі, традыцыя, якой ужо больш васьмі стагоддзяў. Але людзі не гараць жаданнем ісці на працоўныя карпаратывы сёлета. І гэта звязана не толькі з пандэміяй. Чаму старая традыцыя выклікае трывожнасць у японцаў, высвятляў Guardian.
Баненкаі перакладаецца літаральна як «забудзься пра год». Гэта пераднавагодні карпаратыў, на якім калегі, па задуме, мусяць разняволена камунікаваць за ежай і пітвом. Нават слова новае з’явілася ў англамоўным асяродку Японіі — намунікаваць, ад японскага «ному» — есці і «камунікаваць», то-бок размаўляць за пачастункам.
Але многія, як паказваюць апошнія даследаванні, чакаюць сёлетніях карпаратываў з жахам, нягледзячы на тое, што колькасць выпадкаў кавіду значна знізілася ў краіне за апошні час, а значыць, бары і рэстараны адкрыюцца для карпаратыўных вечарынак.
Каб зразумець настроі людзей, газета «Асагі Шымбун» папрасіла сваіх анлайн-чытачоў падзяліцца думкамі пра карпаратывы напярэдадні баненкаі, і высветлілася, што многія супраць гэтых вечарынак, але не наважваюцца адкрыта пра гэта казаць.
Многія напісалі, што баяцца гэтай традыцыі, бо вымушаныя кантраляваць сябе, каб не сказаць лішняга перад начальствам, і які тут ужо адпачынак. А нехта нават назваў баненкаі «суцэльнай пакутай».
Вынікі апытання газеты пацвярджае і даследаванне, праведзенае страхавой кампаніяй Nipon Life Insurance. 60% апытаных лічаць «намунікацыю» з калегамі пасля працоўнага дня лішняй, і толькі 11% думаюць, што бавіць час з калегамі па-за працай абсалютна неабходна.
Галоўны закід да традыцыі звязаны з неабходнасцю зважаць на карпаратыўныю ерархію, што не дазваляе бесклапотна весяліцца. Але многія таксама ўспрымаюць гэтыя вечарынкі як працу звышурочна, якая да таго ж не аплочваецца.
Больш за 20% проста сказалі, што яны не любяць алкаголь.
У адказ на пытанне газеты «Асагі» пра карпаратывы многія напісалі, што
з палёгкай сустрэлі навіну пра верагоднасць чарговай хвалі каранавіруса, якая прымусіла б кампаніі альбо скасаваць карпаратывы сёлета, альбо перавесці іх у анлайн-фармат.
Сёлета 70% плануюць абысціся без баненкаі.
Адзін з чытачоў напісаў, што хацеў бы, каб такія вечарынкі засталіся ў фармаце анлайн, нават пасля таго, як пандэмія адступіць.
«На анлайн-вечарынках мне не трэба хвалявацца, хто што пра мяне падумае праз тое, што я не п’ю», — патлумачыў ён.
Каментары