«Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы не сталі фаршам». Найстарэйшаму незалежнаму агенцтву навін «БелаПАН» — 30 гадоў
19 лістапада найстарэйшаму ў Беларусі незалежнаму агенцтву «БелаПАН» спаўняецца 30 гадоў. Яго заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком быў Алесь Ліпай, які памёр у 2018 годзе. Пасьля Ліпая кампаніяй кіраваў Дзмітрый Наважылаў, затым — Ірына Леўшына. Цяпер Дзьмітрый і Ірына, а таксама былы намесьнік Алеся Ліпая Андрэй Аляксандраў — у турме, а КДБ прызнаў інфармацыйнае агенцтва «экстрэмісцкім фармаваннем», піша «Радыё Свабода».
Дырэктарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога кіраўніка кампаніі Дзмітрыя Наважылава абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».
Чытаем лісты, якія піша з турмы дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына, і ўспамінаем гісторыю найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва.
На выданне падпісваліся дыпламаты, беларускія і міжнародныя арганізацыі
У 90-х за кароткі тэрмін агенцтва заваявала рэпутацыю незалежнай, дакладнай і апэратыўнай крыніцы інфармацыі. Навіны «БелаПАН» публікавалі вядучыя дзяржаўныя і недзяржаўныя выданні, цытавалі нацыянальныя і сусветныя радыёстанцыі і тэлекампаніі. На навіны і аналітыку «БелаПАН» падпісваліся міжнародныя арганізацыі, дыпламатычныя прадстаўніцтвы, банкаўскія і фінансавыя інстытуты, прадпрыемствы і кампаніі многіх краін сьвету.
Ірына Леўшына працуе ў «БелаПАН» з заснавання.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Канцэпцыя майго цяперашняга жыцьця такая: з кожным днём я набліжаюся да свабоды. Усё астатняе другаснае і, па вялікаму рахунку, не мае значэння. Таму я вельмі спакойна ўспрыняла сваю «прадлёнку» (падаўжэньне ўтрыманьня пад вартай. — РС). Думаю, яна будзе не апошняй, ну і ладна. …Я працягваю працаваць па прафэсіі, бо сутнасць нашай працы — пазнаваць жыцьцё ва ўсіх яго праявах. А тут ну вельмі цікава!».
Штодзень сто навін на стужцы
Спачатку ў агенцтве працавалі тры чалавекі. У «лепшыя часы» — 50 супрацоўнікаў. Штодзень на стужцы БелаПАН выходзіла па сто навін на рускай, беларускай і англійскай мовах.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Шмат гадоў таму Алесь Ліпай сказаў: «БелаПАН» будзе заўсёды, нават калі нам давядзецца пайсьці ў падполле». Ці мог ён падумаць, з праблемамі якога маштабу прыйдзецца сутыкнуцца яго стварэнню? Наўрад… Не сумняваюся ў адным: ён быў бы намі задаволены. Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы не дазволілі ператварыць сябе ў фарш: мы не толькі выжылі, але і працягваем працаваць. Нашы чытачы нам не здрадзілі — таму што людзям патрэбная праўда. Заўсёды».
Першымі пачалі выкарыстоўваць новыя інструменты медыя
«БелаПАН» першым пачаў рабіць інфаграфіку, затым — аўдыёслайдшоў, відэанавіны, праводзіць онлайн-канфэрэнцыі.
З 2000 года кампанія запусціла праект «Выбары ў Беларусі», у якім падзеі ўсіх выбарчых кампаній і рэферэндумаў асвятляліся ў рэжыме рэальнага часу.
У склад «БелаПАН» ўваходзіла сацыялягічная служба «Люстэрка», якая праводзіла даследаванні, на падставе якіх рыхтаваліся сур’ёзныя аналітычныя матэрыялы.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «У нас ёсць тэлевізар. Сутнасьць таго, што адбываецца, мне вядомая. Але час цяпер такі, што страціць працу ў сферы журналістыкі — гэта такі своеасаблівы знак якасці, як і знаходжанне ў турме. Усё перакручана з ног на галаву. Некалі мы будзем гэта ўзгадваць, і я ўпэўненая, што ўсё кепскае забудзецца, а вось добрыя людзі, годныя паводзіны і чалавечнасьць запомняцца да канца жыцця».
У 2002 годзе з'явілася першая ў краіне поўнамаштабная інтэрнэт-газета «Беларускія навіны». Старонка Naviny.by стала неўзабаве адным з самых прыкметных грамадска-палітычных рэсурсаў краіны.
У апошнія шэсць год многія інавацыі і новыя праекты першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва былі звязаныя з імем Андрэя Аляксандрава, які займаў пасаду намесьніка гендырэктара «БелаПАН» з 2015 па 2018 год, а пасьля супрацоўнічаў з кампаніяй у якасьці кансультанта. Рэжым Лукашэнкі вінаваціць прафесійнага медыяменеджара ў фінансаваньні пратэстаў, «здрадзе дзяржаве» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
«Справа БелТА», сьмерць Ліпая, арышт Леўшынай
Складаным у гісторыі агенцтва стаў 2018 год: у чэрвені генеральнага дырэктара Алеся Ліпая абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, у яго прайшоў ператрус. Следчыя распачалі крымінальную справу.
На той момант Ліпай меў анкалагічнае захворванне.
7 жніўня 2018 года прайшоў ператрус у офісе «БелаПАН» і затрымалі некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну і журналістку Тацяну Каравянкову. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА.
23 жніўня заснавальнік і генеральны дырэктар Алесь Ліпай памёр — падзеі гэтых месяцаў паскорылі цячэнне цяжкай хваробы, ён перажываў за сваіх супрацоўнікаў і, нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, да канца сваіх дзён падтрымліваў і іх, і кампанію.
Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Цяжкі серыял, канечне, зацягнуўся, але, улічваючы ўсю цяжкасць сітуацыі, было б наіўна думаць, што ён хутка скончыцца. Усё ідзе самым натуральным чынам, я дакладна гэта ведаю. Не ведаю толькі, адкуль у мяне гэтая ўпэўненасьць — мабыць, інтуіцыя».
Цяжкі год: ператрусы, арышты, зняволенне
У студзені 2021-га ў рэдакцыі прайшоў ператрус, канфіскавалі тэхніку і дакументы.
18 жніўня 2021 года падчас чарговага ператрусу ў рэдакцыі і ў журналістаў забралі тэхніку, некалькіх супрацоўнікаў затрымалі, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну, былога дырэктара Дзмітрыя Наважылава і бухгалтарку Кацярыну Баеву (якую пасля выпусцілі).
На сённяшні дзень праца рэдакцыі паралізаваная, сайты belapan.by і naviny.by, якія і раней былі заблакаваныя, не абнаўляюцца. Галоўны рэдактар і дырэктар Ірына Леўшына да гэтага часу знаходзіцца ў следчым ізалятары.
У лістападзе 2021-га КДБ прызнаў «групу грамадзян з ліку супрацоўнікаў «БелаПАН»» «экстрэмісцкім фармаваннем».
«Мы жывём сапраўды ў гістарычныя часы»
Ірына Леўшына ў лістах з турмы:
«Я часам нават думаю — не дарма ўсё гэта на нас звалілася. Цяпер мы дакладна ведаем, чаго мы вартыя, што можам і ў імя чаго яно нам дадзена. Слушна кажуць: «Што б ні адбывалася, стаў пытанне не «Чаму гэта здарылася са мной?» а «Для чаго?». І ўвогуле, хто сказаў, што жыцьцё мусіць быць лёгкім? Розным яно мусіць быць, розным. Зараз мяне панясе пра гістарычныя часы, у якія мы жывём, але я сапраўды так лічу.
Ты не ўяўляеш, колькі тут цікавага матэрыялу, якія гісторыі! Успрымаю гэты адрэзак свайго жыцьця як працяг працы, «журналіст змяняе прафесію».
Каментары