Здарэнні

Прымушэнне да жалобы і «вясёлая гаўняшачка». За якія каментары судзяць і саджаюць беларусаў

Адразу пасля падзей жніўня 2020 беларуская сістэма пачала пошук і пакаранне ўсіх, хто хоць неяк выказваў сваю незадаволенасць: хоць дзеяннем, хоць словам. Паралельна з працэсамі за кінутыя ў сілавікоў камяні ішлі і суды за кінутыя ў бок сілавікоў словы. І тыя, і тыя скончваліся аднолькава — абвінаваўчымі прысудамі. Але выглядае, што цяпер рэпрэсіі за каментары выйшлі на новы ўзровень. «Наша Ніва» згадала самыя гучныя гісторыі.

2 гады «хіміі» за «эмоджы-гаўняшачку»

Гісторыя якая прама прагрымела па ўсёй Беларусі і не толькі. 33-гадовая Вольга з Івацэвічаў напісала пад інфармацыяй пра мясцовага міліцыянта: «Знаёмая морда. Чалавек — ***». Толькі замест зорачак у яе каменце былі тры эмоджы з гаўняшкай. Неўзабаве да яе прыйшлі, быў ператрус, пагрозы адабраць дзіця, пасля закрыты суд. Вырак — два гады «хатняй хіміі» і 2000 рублёў кампенсацыі пацярпеламу міліцыянту. 

Але на гэтым усё не скончылася. Пасля прысуду засмучаная Вольга ў івацэвіцкім чаце напісала, што «міліцыянт абас****ся і зганьбіўся». Той пацярпелы міліцыянт зноў напісаў на яе заяву за абразу, так што жанчыну цяпер чакае яшчэ адзін суд.

Крыміналка за каментары ў адрас памерлага сілавіка

Магілёўскі міліцыянт памёр ад ускладненняў пасля каранавіруса, пра гэта напісалі ў тэлеграм-канале аднаго са СМІ, дадаўшы афіцыйны некралог з фота.

За каменты пад пастом завялі крыміналку — негатыўныя выразы палічылі абразай прадстаўніка ўлады. Вядома, што як мінімум адзін з каментатараў быў пакараны двума гадамі «хатняй хіміі».

2000 рублёў за «херояў»

Тыя ж два гады «хатняй хіміі» атрымаў і звычайны мінскі мантажнік. У лютым 2021 года мужчына напісаў каментар: «Такія хероі і хай увесь свет пачакае» пад фота, дзе супрацоўнікі МУС у форме здымалі надзіманыя шарыкі.

Гэта палічылі абразай супрацоўнікаў МУС, завялі крыміналку. Самі двое пацярпелых на суд не прыйшлі, але кожны выставіў матэрыяльны пазоў у 1000 рублёў. 

Лінгвістычная экспертыза пастанавіла, што слова «хероі» мае негатыўны характар. Само сабой, аўтара каментара прызналі вінаватым. 

Не пытанне, а «абраза прэзідэнта»

19-гадовы хлопец пакінуў каментар у тэлеграм-чаце «Каратели Беларуси» пад публікацыяй супольнай выявы Лукашэнкі і Пуціна. Ён напісаў: «Самая мілая пара Усходняй Еўропы. Як вы думаеце, хто ў гэтых адносінах мужчына?»

Гэтага хапіла, каб на юнака завялі крыміналку. На судзе ён прызнаў віну, тлумачыў, што не меў на мэце абразы, а проста напісаў каментар. Каментар абвінавачваны пакінуў на эмоцыях «з-за прадастаўлення крэдыту Беларусі». 

Пракурорка запрасіла для хлопца год калоніі, але ж вырак быў мякчэйшым: 1,5 года «хатняй хіміі»

Назвала казлом — атрымала два гады

Цікава, што пад рэпрэсіі трапляюць і калегі «пакрыўджаных». 

Два гады «хатняй» хіміі атрымала былая работніца Дэпартамента аховы МУС за тое, што абразіла супрацоўніка міліцыі. Вольга Шукаловіч апублікавала каментар пад фота міліцыянта: «З-за такіх казлоў мянтоў не любяць». Пасля затрымання яе звольнілі з працы.

Дзяржабвінаваўца прасіў пакараць Вольгу двума гадамі «хатняй хіміі». «Пацярпелы» заявіў маральную шкоду ў 1 тысячу рублёў. Суддзя цалкам падтрымала абвінавачанне, піша «Вясна».

1,5 гады «хатняй хіміі» за «тв*рь» 

Ніякія акалічнасці не ўплываюць на вынясенне прысудаў. 65-гадовую хворую на анкалогію пенсіянерку Людмілу Хлусевіч асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу супрацоўніка міліцыі з Вілейкі Жарыкава. 

Пад адным з пастоў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» жанчына пакінула каментар з аднаго слова: «Тв*рь». 

А жыхарка Ліды Таццяна Звярко, адправіла паведамленне знаёмаму міліцыянту, убачыўшы яго фота ў тэлеграм-каналах. Таксама яна пакінула некалькі публічных каментароў пра таго міліцыянта і Лукашэнку.

Вынік сумны: ператрусы, суд і жахлівы вырак у 1,5 года калоніі. Жанчына мае малое дзіця, якое яшчэ корміць грудзямі, але гэты фактар ні на што не паўплываў.

Напісала «генеральны пракурор — злачынец», атрымала артыкул за паклёп

Калі да каментара цяжка падцягнуць адзін артыкул КК, дык заўсёды знойдзецца іншы.

Так жыхарка Бараўлянаў атрымала 2 гады хіміі з накіраваннем у папраўчую ўстанову за каментар «генеральны пракурор — злачынец». Суд прызнаў яе словы паклёпам. Акрамя таго жанчына мусіць сплаціць генпракурору Шведу 9 тысяч рублёў кампенсацыі (сам Швед прасіў 10 тысяч, але суд зменшыў суму).

«Я з гэтым ч** у маладосці гуляла». 

Таксама ў сённяшнія часы трэба асцярожней згадваць сваіх былых каханкаў. Настаўніца з Баранавічаў атрымала два гады хатняй хіміі за каментар пад фота міліцыянта, які калісьці быў яе кавалерам.

Жанчына напісала: «Я з гэтым ч** у маладосці гуляла». Лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што слова «ч**» нясе ў сабе прыніжальную афарбоўку, якая зневажае чалавечую годнасць.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну. Суд палічыў наяўнасць двух дзяцей і «чыстасардэчнае раскаянне» змякчальнай акалічнасцю.

У выніку жанчыне далі два гады хатняй хіміі і канфіскавалі тэлефон.

Тры гады калоніі за «шэраг каментароў»

Як расказвала жонка мужчыны, Дзяніс убачыў відэа жорсткіх дзеянняў сілавікоў і напісаў, што з імі трэба так жа паступаць.

Гэта ўжо пацягнула на крыміналку, завялі справу па арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). У выніку, суд пакараў мужчыну за «шэраг каментароў, накіраваных на распальванне варожасці супраць прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі».

Дзяніс атрымаў тры гады калоніі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

«Мярзотнікі» і прымушэнне да пакаяння

Гісторыя вышэйзгаданага Дзяніса зусім не адзіная, калі «не тыя» каментары скончваліся калоніяй. Раней логіка ў выраках і затрыманнях працавала таксама не заўсёды, але ж праглядалася: што маглі кваліфікаваць як абразу, тое, часцей за ўсё скончвалася «хіміяй», калі хатняй, а калі і звычайнай, з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Калі ж чалавек пісаў пра неабходнасць сілавога супраціву ці заклікаў выходзіць на вуліцу — гэта ўжо кваліфікавалі па больш сур’ёзных артыкулах, суд за такія справы нярэдка караў людзей калоніяй.

Але ж першы званочак празвінеў пасля смерці пілотаў у Баранавічах. У маі маёр Нічыпорчык і лейтэнант Куканенка спрабавалі адвесці няспраўны самалёт ад населенага пункту і катапультаваліся надта позна, абодва лётчыкі загінулі. Ужо на наступны дзень Лукашэнка публічна загадаў КДБ заняцца тымі, хто пакідае негатыўныя допісы пра пілотаў, назваўшы такіх каментатараў «мярзотнікамі» і «будучымі паліцаямі». 

Прыкладна праз тыдзень сілавікі пахваліліся: затрымалі не менш за 20 каментатараў. Некаторых з іх паказалі ў сюжэце па БТ, а намеснік міністра ўнутраных спраў Казакевіч паведаміў, што завялі справу па артыкулу 130 КК (распальванне варожасці).

Праўда, некаторыя з затрыманых ананімна распавядалі «Нашай Ніве», што нават следчыя не знаходзілі ў іх допісах падстаў для крыміналкі, людзей адпускалі праз трое сутак, наўпрост патлумачыўшы, што выпусціць іх адразу нельга. 

Крыміналка за спачуванні сям'і

Усё канчаткова змянілася пасля перастрэлкі айцішніка Зельцэра і кадэбэшнікаў. 

Па-першае, колькасць затрыманых аказалася ў 10 разоў большай, чым пасля смерці пілотаў. Па словах Кубракова, за каментары затрымалі каля 200 чалавек.

Па-другое, усіх іх затрымалі ў межах справы, заведзенай ужо па двух артыкулах: тое ж распальванне варожасці (арт.130 КК) і абраза прадстаўніка ўлады (арт.369 КК).

Па-трэцяе, змяніўся падыход да гэтых каментатараў. Цяпер тыя ж, на жаль, ужо звыклыя выбачэнні затрыманых на відэакамеру сталі яшчэ больш прыніжальнымі. Людзей прымушаюць казаць пра гомасэксуальныя сувязі і нават называць партнёраў.

Адразу ж больш жорсткія «відэавыбачэнні» пачалі публікавацца і з затрыманымі па іншых справах. Людзям лепяць на ілбы стыкеры з «Пагоняй», прымушаюць называць свае медыцынскія дыягназы і — таксама «ноу-хау» — прымушаюць называць заробкі, калі яны былі вялікімі па беларускіх мерках. 

І галоўнае — змест каментараў, па якіх можна адправіцца за краты цяпер зусім неабавязкова негатыўны. Гомельскі валанцёр і актывіст Ілля Міронаў быў затрыманы спачатку на трое сутак, а пасля пакінуты пад вартай. Яго камент і па сёння вісіць на старонцы ў Фэйсбуку: гэта спачувальныя словы родным і блізкім Зельцэра. І ўсё. Без ніводнага кепскага слова ў адрас загінулага сілавіка.

Але і гэтага сёння дастаткова для затрымання і крыміналкі. 

Прымушэнне да жалобы — так хтосьці трапна ахарактарызаваў тое, што пачалося пасля смерці Зельцэра і кадэбэшніка Федасюка. Цяпер беларусам можна спачуваць толькі сілавіку і яго родным.

Пра Зельцэра жа пісаць публічна можна хіба толькі называючы яго тэрарыстам. Яго не забілі — яго ліквідавалі. У яго і жонкі Марыі Успенскай таксама застаўся малы сын — ну і што?

Прадавачцы вырак, прапагандысту — медалі

Афіцыйную пазіцыю як у дачыненні да Зельцэра, так і да таго, што ўсе роўныя, але некаторыя раўнейшыя, выдатна ілюструе тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы», Азаронак і іншыя праўладныя вядучыя і каналы.

Той жа Азаронак, кажучы пра Зельцэра, дазваляе сабе адкрыта антысеміцкія выказванні ў эфіры дзяржтэлебачання.

А эпітэты, якія гучаць з яго вуснаў у адрас абсалютна канкрэтных людзей — мразь, прастытутка, ведзьма, п*дар — даўно ўжо б сталі падставай для крымінальнай справы.

Але тое, за што івацэвіцкую прадавачку караюць «хіміяй», у выпадку Азаронка ўзнагароджваецца медалямі.

Гэта не жарт, Грыгорый сапраўды мае аж два медалі, адзін з іх — «За Адвагу».

Каментары

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа14

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?8

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ сямі чалавек, вызваленых праз памілаванне

Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе10

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?7

Выйшаў на волю заснавальнік «Кальяннай №1» Іван Мураўёў2

На Расію ўпаў астэроід21

Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча2

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа14

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →