За два тыдні талібы ўзялі пад кантроль усю афганска-таджыкскую мяжу. Таджыкістан маўчыць
Талібам дастаюцца цяпер усе мытныя даходы.
22 чэрвеня талібы захапілі пабудаваны амерыканцамі кантрольна-прапускны пункт Шархан-Бандар. 134 памежнікі і іншыя ўрадавыя чыноўнікі збеглі ў суседні Таджыкістан. Пасля гэтага паўстанцкая групоўка ўзяла пад кантроль большую частку астатняй мяжы Афганістана з Таджыкістанам, піша The Wall Street Journal.
Пасля захопу паўстанцамі кантрольна-прапускны пункт Шархан-Бандар мусіў закрыцца, але, па словах мясцовых гандляроў, працягвае функцыянаваць праз маўклівыя дамоўленасці паміж талібамі і Таджыкістанам.
Комплекс Шархан-Бандар доўгі час быў адным з паказальных праектаў 20-гадовай амерыканскай прысутнасці ў Афганістане. Інжынерныя часці амерыканскай арміі пабудавалі вялізны мост праз раку Пяндж, якая якраз праходзіць паміж Афганістанам і Таджыкістанам. На памежны пункт было затрачана больш за 40 мільёнаў даляраў, а скончаны ён быў у 2007 годзе. Тагачасны міністр гандлю ЗША Гутэр’ес апісаў гэты комплекс як «скрыжаванне гандлю, міру і стабільнасці».
Афганскія чыноўнікі сцвярджаюць, што кантрольна-прапускны пункт Шархан-Бандар закрыты пасля таго, як Кабул страціў над ім кантроль. Аднак гандляры і мясцовыя чыноўнікі па-іншаму апісваюць сітуацыю. Па іх словах, праз дзень пасля захопу талібы запэўнілі мясцовых прадпрымальнікаў, што мытня будзе працаваць у штатным рэжыме. А пазней памежнікі Таджыкістана і талібы правялі сустрэчы на мосце, дзе дамовіліся, як будзе функцыянаваць мяжа.
Прадстаўнік талібаў Сухайл Шахін заявіў, што групоўка звярнулася да ўрадаў Таджыкістана і Узбекістана пасля захопу некалькіх памежных пунктаў. «Мы паінфармавалі ўрады гэтых краін і запэўнілі, што праца на мяжы будзе працягвацца, як і раней. Мы нават супрацоўнікаў мытні пакінулі тых жа. Проста мы не збіраемся ствараць праблемы прадпрымальнікам, гандлярам і простым людям», — пракаментаваў сітуацыю Шахін у адным з інтэрв’ю.
Шахін таксама дадаў, што мытныя даходы, якія раней дасягалі дзясяткаў мільёнаў даляраў, цяпер паступаюць талібам. «Гэта наша тэрыторыя, таму ўсе даходы павінны атрымліваць мы, — сцвярджае Шахін. — Прадпрымальнікам гэта выгадна, бо раней прыходзілася даваць хабар чыноўнікам, а цяпер усё стала прасцей».
Цяпер штодзень таджыкска-афганскую мяжу перасякаюць ад 50 да 80 грузавікоў, якія сплачваюць мыты талібам. Таджыкістан гэтай сітуацыі пакуль не каментуе.
Да ўвядзення амерыканскіх войскаў у Афганістан у 2001 годзе Таджыкістан рашуча аказваў падтрымку Паўночнаму альянсу супраць талібаў, які ўзначальваў таджыкскі камандзір Ахмад Шах Масуд.
За апошнія тыдні талібы захапілі больш за трэць раёнаў Афганістана. Пакуль амерыканскія войскі пакідаюць краіну, дэмаралізаваныя афганскія салдаты часта без бою аддаюць адну тэрыторыю за іншай. Многія ўцякаюць ці здаюцца ў палон.
Згодна з апошняй ацэнкай разведкі ЗША, афганскі ўрад можа пасці ўжо праз шэсць месяцаў пасля вываду амерыканскіх войскаў. Гэта пабудзіла афганскіх суседзяў ісці на кантакт з талібамі.
За апошнія 16 месяцаў у Афганістане не загінуў ніводны амерыканскі салдат. Тым не менш ЗША выводзіць свае войскі, што плануецца завяршыць да канца жніўня.
У апошні час амерыканская прысутнасць скарацілася да некалькіх тысяч вайскоўцаў, якія, як правіла, не бралі ўдзел у баявых дзеяннях. Нягледзячы на гэта амерыканскія войскі стваралі падабенства стабільнасці і не дапускалі прыходу талібаў да ўлады.
Усяго за 20 гадоў прысутнасці ў Афганістане амерыканцы страцілі забітымі 2420 вайскоўцаў, яшчэ прыкладна 1100 чалавек страцілі краіны-саюзніцы (для параўнання: Савецкі Саюз за 10 гадоў, 1979—1989, страціў забітымі больш за 15 тысяч байцоў).
На фоне гэтага відавочныя высокія рызыкі сыходу войскаў ЗША: цяпер уладу ў Афганістане могуць захапіць талібы. А гэта, у сваю чаргу, можа зноў зрабіць Афганістан прытулкам для ісламскіх экстрэмістаў, у тым ліку з «Аль-Кайды», якія ўсё яшчэ намагаюцца нанесці шкоду ЗША.
Акрамя гэтага, прыход да ўлады талібаў можа прывесці да гуманітарнай катастрофы, калі новая ўлада будзе помсціць афганцам, што падтрымлівалі ЗША, а таксама тым, хто выступае супраць радыкальнага ісламу. А ўсе дасягненні ў правах афганскіх жанчын могуць быць скасаваныя.
Існуюць таксама і стратэгічныя рызыкі. Амерыканская прысутнасць у Афганістане ў пэўнай ступені стрымлівала Іран і Кітай. Цяпер жа ЗША губляюць буйную пляцоўку для разведвальных службаў.
Таму сыход амерыканскіх войскаў можа падавацца нелагічным. Але на тое ёсць свае прычыны. Па-першае, бюджэтныя выдаткі на знаходжанне ў Афганістане былі значнымі. Да таго ж, не было ніякіх гарантый, што чалавечыя страты ЗША заставаліся б на такім жа ўзроўні. А значная частка афганскага грамадства ўвогуле супраць прысутнасці амерыканскіх вайскоўцаў. Галоўным аргументам стала тое, што амерыканцы не хочуць адчуваць сябе акупантамі. Яны лічылі, што вызваляюць Афганістан ад ісламскіх тэрарыстаў. І заставаліся ў краіне досыць доўга, каб афганцы самі мелі час збудаваць дэмакратыю. Але надышоў час, калі Амерыка вырашыла ўмыць рукі.
Каментары