Пункт вакцынацыі ад кавіду ў «Экспабеле» — усё. Прышчэпкі больш рабіць не будуць
Прадстаўнікі ГЦ «Экспабел» паведамілі Tut.by, што ў цэнтры вакцынацыі з 19 мая па рашэнні медыкаў спыняюць рабіць прышчэпкі ад COVID-19. Цэнтр адкрыўся 8 мая.
Планавалася, што пункт у «Экспабеле», які быў падрыхтаваны да працы медперсаналу за кошт гандлёвага цэнтра, будзе працаваць штодня з 10 раніцы да 9 вечара і прымаць зможа ўсіх ахвотных, якія па розных прычынах не могуць вакцынавацца ў сваёй паліклініцы.
Ад медыкаў Мінскай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы залежалі пастаўкі вакцыны і медычнае суправаджэнне працэсу.
Калі высветлілася, што адкрыццё Цэнтра вакцынацыі выклікала ажыятаж, для зручнасці арганізавалі папярэдні запіс замест жывой чаргі.
Цяпер у запісе адмаўляюць: жадаючых адпраўляюць на прышчэпку ў паліклінікі па месцы жыхарства.
У «Экспабеле», спасылаючыся на словы медыцынскіх супрацоўнікаў, распавялі: рашэнне органаў аховы здароўя абумоўлена тым, што працэдура па вакцынацыі «патрабуе спецыяльных умоў, якія могуць быць забяспечаны толькі ў медыцынскіх установах».
Пры гэтым наведвальнікаў, якія запісаліся раней (запіс сфарміраваны да 18 мая), папрасілі не хвалявацца: вакцынацыя ім будзе праведзена. Тут жа — у «Экспабеле» — увядуць другі кампанент вакцыны тым, хто паспеў прыступіць да працэдуры ў першыя дні працы цэнтра.
Каментары