Грамадства

«Дачцэ прад’яўлялі даты акцый, калі яна ўжо была на сутках». Што адбывалася на судзе па справе студэнтаў?

На пасяджэнне па справе студэнтаў змагла патрапіць толькі частка сваякоў і блізкіх. Астатніх, хто прыйшоў падтрымаць моладзь, разагналі. «Наша Ніва» папрасіла родных студэнтаў падзяліцца ўражаннямі ад першага дня. 

Да студэнткі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ксеніі Сырамалот у залу патрапілі бацькі і сястра.

«На судзе Ксюша была бадзёрай, рабіла «сэрца» рукамі. Добра выглядала, — распавядае сястра Кася. — 

Світшот для яе на суд я абірала доўга. Шукала ў краме нешта мілае і з сэнсам. На выпускным у ліцэі Ксюша была ў блакітнай сукенцы, ёй вельмі пасуе гэты колер, і яна яго любіць. Я перадала світшот ёй месяц назад і прапанавала надзець яго на суд. Яна з радасцю пагадзілася, ёй спадабаўся колер і надпіс — feel empathy (адчуй эмпатыю). Аказалася, гэта было добрай ідэяй — яе здалёк нам было добра бачна. Падобны эфект быў у мілага ружовага світшота Машы Каленік, які ёй знайшла сястра. І аранжавай майкі ў Іллі Трахтэнберга.

Мы з Ксюшай сядзелі далёка, таму толькі пераміргваліся і капіявалі жэсты адна адной. Па ёй было бачна, што яна вельмі рада ўсіх пабачыць».

Справу вядуць маладыя пракуроры. Сёння пачалі агучваць абвінавачанне — агульнае, а пасля на кожнага студэнта (паспелі на пяцярых). «Размяшчалі ў чатах заклікі, каардынавалі ўдзельнікаў»…

«Для кожнага студэнта зачытвалі практычна адно і тое ж вельмі доўгае і складана сфармуляванае, абсурднае абвінавачанне. Яны заблыталі ўсіх. Зачытвалі хутка, не гучна», — дадае Кася.

Сваякі Марыі Каленік з Акадэміі мастацтва таксама адзначаюць, што ў абвінавачанні паўтараліся адны і тыя ж фразы.

«Студэнтаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта перашкаджалі навучальнаму працэсу, загараджалі праход у ВНУ, заміналі праезду транспарту і пераконвалі людзей, што выбары несумленныя і недэмакратычныя. І з-за ўсяго гэтага іх водзяць у кайданках і трымаюць за кратамі. А ахоўваюць чатыры чалавекі ў бронекамізэльках і з пісталетамі. Гэта ўсё вельмі дзіўна выглядае, залішне», — мяркуе маці Вольга.

«Маша выглядала ўсхваляванай, сумнай ці задумлівай. Знешне не змянілася, такая ж дагледжаная. Мы да суда бачыліся — на спатканні яна была вясёлая. У гэты раз не так», — перажывае яна за дачку.

Маша спадзявалася ўбачыць яшчэ тату і бабулю, але на суд змаглі патрапіць толькі сястра і мама.

«Адчувалася, што акрамя васьмі чалавек (надзіральнікаў, пракурораў, сакратара і суддзі), ніхто у зале не лічыў падсудных злачынцамі», — дадае сястра студэнткі. 

Бацька другакурсніка мехмата БДУ Іллі Трахтэнберга Віталь прысутнічаў на пасяджэнні паўгадзіны — адвакат хадайнічаў, каб Віталь быў сведкам абароны, хадайніцтва задаволілі, таму бацька мусіў пакінуць залу.

«Хлопцы і дзяўчаты малайцы, трымаюцца вельмі добра. Выкладчыца Вольга Філатчанкава выступіла з разгорнутым хадайніцтвам і, як яе суддзя ні спрабавала перабіць, дагаварыла да канца. Нягледзячы на маламеснасць залы, зменшаную яшчэ і з прычыны кавіду, там былі два ціхары — то-бок частку сваякоў не пусцілі, але іх пасадзілі», — кажа Віталь.

З сынам у яго было тры спатканні ў СІЗА. Заўважае, што Ілля за гэтыя паўгода ўзмужнеў. Чаканні ад суда ў іх рэалістычныя.

«Абодва ілюзій не маем. Верагодней за ўсё хімію дадуць, думаем, паўтара-два года. З улікам тэрміну ў СІЗА застанецца недзе месяцаў восем», — дзеліцца невясёлымі разважаннямі бацька.

Да былой студэнткі БНТУ Настассі Булыбенка змагла патрапіць толькі мама Аксана. Цётку, якая таксама прыйшла на суд, не пусцілі ў залу. Падтрымаць дзяўчыну хацеў і яе новы сябра па перапісцы — усе паўгода, што Ася сядзіць, ён дасылае ёй лісты і грашовыя пераводы.

Аксана была на спатканні з дачкой толькі аднойчы — у сакавіку.

«Тады мне падалося, што яна добра выглядае. Цяпер на судзе я ўбачыла, што дзеці не такія, як на фота, — яны схуднелі. Бачна, што яны дзеці, гэта чыталася па цішотках, па позірках. Яны былі ў масках, але было заўважна, што рады нас бачыць — усміхаліся вачыма, шукалі родных.

Пасля абеду дзеці вельмі стаміліся. Хтосьці заплюшчваў вочы, хтосьці спрабаваў абстрагавацца ад пасяджэння. Яны разумелі, што адбываецца».

Моладзь рассадзілі ў дзве клеткі. У адной — выкладчыца Вольга Філатчанкава і хлопцы, у другой — дзяўчаты.

«Насця сядзела на дальняй лаўцы, я яе практычна не бачыла. З абвінавачання, якое ішло скорагаворкай, я выхоплівала асобныя словы, але было зразумела, што яно абсалютна абсурднае. Насці прад’яўлялі даты акцый, калі яна была на сутках. У мяне ёсць квітанцыі за харчаванне», — кажа Аксана.

Яна марыць убачыць, як дачку выпускаюць у зале суда.

«Калі яе затрымалі на 10 сутак, мне здавалася, гэта доўга, а тут паўгода ўжо прайшло…»

***

Суд працягнецца ў суботу 15 мая ў 10.30. Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава. Нагадаем, па «справе студэнтаў» праходзіць 12 чалавек. Іх судзяць па артыкуле 342 — грубае парушэнне грамадскага парадку. Моладзі пагражае да трох гадоў калоніі.

Каментары

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне10

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскае «Дынама» стала дзевяціразовым чэмпіёнам Беларусі па футболе

Беларусы Гданьска хочуць прыбраць партрэт Пратасевіча з плаката каля Еўрапейскага цэнтра Салідарнасці3

У Беларусі зменшылася колькасць «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці» — Следчы камітэт3

Лукашэнка прыляцеў у Ісламабад. Горад з усіх бакоў акружаны пратэстоўцамі19

У чатырох дамах Мінска ўвялі каранцін. Што такое?

Генпракуратура абяцае не караць аўтара роліка ў тыктоку, калі «экстрэмісцкі» рэсурс выкарыстае гэта відэа2

Кітайцы вырабілі рэальны самалёт-невідзімку. Гэта можа мець наступствы для балансу сілаў15

Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў3

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне10

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →