Высветлілася, што яшчэ год таму палітык з’ехаў у ЗША і нават паспеў заснаваць там эмігранцкую суполку.
За апошні год у Беларусі было шмат падзей, з’яўляліся новыя асобы, па-іншаму праяўлялі сябе даўно вядомыя. Але зусім не было чуваць пра Юрася Беленькага, які ў адсутнасць Зянона Пазняка кіраваў партыяй КХП-БНФ у Беларусі.
«Наша Ніва» высветліла, што ўжо больш як год таму палітык з’ехаў у ЗША, у паўночны штат Мінесота. Там жа жывуць яго сястра і дачка.
У інтэрв’ю эмігранцкаму выданню «Зеркало» Беленькі кажа: «Амерыка — краіна сапраўднай дэмакратыі. Мы верым, што можам нешта змяніць. У першую чаргу, з дапамогай прыцягнення ўвагі да нашай пазіцыі мясцовых сенатараў, а там глядзіш — і да Кангрэса ўдасца дагрукацца. Рэжым дыктатара Лукашэнкі — злачынны, і ён павінен сысці!»
Беленькі стаў адным з сузаснавальнікаў арганізацыі ў падтрымку перамен у Беларусі. Разам з ім лідарамі суполкі з’яўляюцца браты-бізнэсоўцы Андрэй і Павел Сакурцы. Андрэй — уласнік кампаніі Home Stead Road, якая рамантуе дамы.
«Мы маем стасункі з сем'ямі там, у Беларусі, пераводзім ім грошы, купляем прадукты, аказваем маральную падтрымку. Таксама супрацоўнічаем з беларускімі арганізацыямі дапамогі насельніцтву. Мы хочам, каб гэтыя смелыя людзі, якія паўсталі супраць самавольства ўлады Лукашэнкі, ведалі, што тут, за мяжой, іх падтрымліваюць», — кажа Беленькі.
У Штатах палітык завёў блог на ютубе, дзе шмат гаворыць пра Зянона Пазняка, а таксама крытыкуе ягоных праціўнікаў. Пакуль вялікую папулярнасць блог не займеў.
«НН» стала вядома, што Беленькі першапачаткова ехаў у ЗША ў госці да родных, але ў сувязі з каранавірусам і выбарамі вырашыў пакуль не вяртацца. У 2020 годзе з Беларусі ў Польшчу з’ехаў яшчэ адзін з лідараў КХП-БНФ — Валерый Буйвал.
Юрасю Беленькаму 60 гадоў, ён працаваў начальнікам фінансавага аддзела завода «Ударнік», намеснікам гендырэктара «Амкадор-Траст», быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Пасля эміграцыі Зянона Пазняка выконваў ролю кіраўніка КХП-БНФ унутры Беларусі.
Каментары