Даследчыкі распрацавалі заплечнік са штучным інтэлектам для людзей, якія слаба бачаць
Навукоўцы спадзяюцца, што такі заплечнік можа замяніць кій і сабаку-павадыра.
Для людзей, якія маюць праблемы са зрокам, найвялікшая праблема — навігацыя ў грамадскіх месцах.
За апошнія гады з’явілася нямала тэхнічных рашэнняў, каб палегчыць жыццё тым, хто слаба бачыць. Навукоўцы ўжо распрацавалі «разумныя» акуляры, якія дапамагаюць распазнаваць прадметы, а таксама кіі, што даюць людзям знак, калі яны набліжаюцца да бардзюраў.
Сярод апошніх інавацый — заплечнік, які ствараюць даследчыкі з Універсітэта Джорджыі, паведамляе The Washington Post. У заплечніку знаходзіцца праграмнае забеспячэнне штучнага інтэлекту Intel. Ён прызначаны для таго, каб папярэджваць уладальнікаў, калі яны набліжаюцца да пешаходных пераходаў або мінакоў.
Заплечнік знаходзіцца яшчэ на стадыі распрацоўкі, і могуць спатрэбіцца некалькі гадоў, пакуль ён з’явіцца ў продажы. Аднак такі прадукт паказвае, што прагрэс у галіне штучнага інтэлекту і машыннага навучання ўсё больш дапамагае людзям з дрэнным зрокам лепш успрымаць навакольнае асяроддзе і, адпаведна, мець больш незалежнасці.
Знешне «разумны» заплечнік амаль не адрозніваецца ад звычайнага. Гэта просты шэры рукзак з невялікім камп’ютарам унутры. Звонку прымацаваны GPS памерам з карабок запалак. У заплечніку ёсць камера, якая аналізуе навакольнае асяроддзе і папярэджвае пра змены вышыні і пешаходныя пераходы.
Карыстальнік атрымлівае інфармацыю праз бесправадныя навушнікі і можа ўслых запытваць звесткі аб сваім месцазнаходжанні, на што сістэма дасць адказ.
Каментары