Тэатр22

Купалавец Дзмітрый Есяневіч: Тэатр сёння павінен іграць у дварах і на страйках

Большасць акцёраў і рэжысёры Купалаўскага звольніліся. Тэатр разбураны альбо па-за будынкам на Энгельса ў купалаўцаў яшчэ лепшыя перспектывы? Мы сустрэліся з Дзмітрыем Есяневічам — не толькі адным з самых харызматычных купалаўцаў, але і музыкам, і «чыноўнікам» у гумарыстычных відэа YouTube-канала «ЧинЧинЧенэл». Пра лікбез на вёсцы, «Паўлінку» ў шахце і што давялося выслухаць ад людзей у вобразе чыноўніка — у гутарцы для «Нашай Нівы».

— Я правільна разумею, што ў купалаўцаў, якія звольніліся, планы на будучыню сумесныя?

— Канечне, усім цяпер выгадна быць разам: разам не так страшна, адзінока і дэпрэсіўна, да таго ж больш зробіш. Планы ёсць, але невядома, наколькі яны ажыццявяцца, бо ўсё можа «жэстачайшэ прэсечся».

— Тыя, хто звольніўся, камунікуюць з тымі, хто застаўся ў тэатры?

— На жаль, не. У нас была паездка ў грыбы — калектыў вырашыў адзначыць стагоддзе Купалаўскага ў лесе, праўда, я не змог там быць. Ведаю, што з нашага боку быў абзвон, але, напэўна, не згадзіліся далучыцца. Думаю, гэта справа часу, мы ж не ворагі. У краіне людзі таксама падзяліліся, і гэта натуральна. Кожны раз, калі прыязджаю ў вёску да бабулі, мне даводзіцца праводзіць лікбез. Пакуль я прысутнічаю, яна падтрымлівае пратэст, але потым гэта ўсё амываецца іншымі фарбамі. Ведаеце, як на вёсцы кажуць? «Мы не глядзім беларускія каналы, мы ім не верым — мы глядзім расійскія».

— Калі калектыў тэатра вырашыў выказаць сваю пазіцыю, вы чакалі, што наступствы будуць настолькі сур’ёзнымі?

— Канечне, гэта ўсё адразу прадумваецца, тым больш у нашай краіне. Але я не думаю, што наступствы такія ўжо сур’ёзныя. Тое, што з людзьмі зрабілі ў тыя дні і што з імі робяць зараз — цягаюць з двароў і шыюць крымінальныя справы за звяржэнне ўлады і тэрарызм, — вось гэта сур’ёзна. А тое, што мы звольніліся… ну і добра, працуем далей. Канешне, быў разлік на тое, што мы так «ваў, тыдышч». Але яшчэ да гэтага было прынята рашэнне не іграць спектаклі: якая забаўляльная праграма, калі такое робіцца? Мы б іх зрывалі і нас усё роўна б пазвальнялі, па-любому.

— Як вы думаеце, дзяржава альбо тыя, хто яе ў гэтым выпадку прадстаўляе, бачыць страту ў Купалаўскім?

— Не. Страту бачаць толькі простыя людзі. Мне з маёй вёскі патэлефанаваў былы амапавец, які некалі даўно на затрыманні «прышыў» чалавека і зараз з гэтым жыве. У юнацтве я з ім падбухваў і на свае вочы бачыў, як ён есць шклянку і запівае вадой. Дык вось з-за гісторыі з тэатрам ён плакаў. Магчыма, страту адчувае сярэдняе звяно апарату — якія-небудзь сакратары і памочнікі, а тым, хто сядзіць зверху, усё роўна.

У нас міністры культуры мяняліся ледзь не раз на год. Я працую ўжо шаснаццаць гадоў — ведаеце, колькі ў мяне гэтых міністраў было? І што яны разумеюць, яны што — нейкія асобы, нейкія хтосьці там? Не, канешне, дзяржаве такія не патрэбны. Прыйшоў, набраў грошай, пабудаваў хату, падтрымаў сям’ю і пайшоў.

— Калі мяняліся міністры, ці мянялася адчувальна праца ў тэатры?

— Змена была адна — рэканструкцыя. Помню закрыццё апошняга сезону ў старым будынку: старэйшае пакаленне акцёраў перажывала і плакала, што ўсё — тэатр больш ніколі не будзе ранейшым. У выніку ўсіх усё задаволіла: і сцэна, і сістэма «разумны дом», якая перамагла нашых служачых, бо яны не маглі з ёй справіцца. У тэатры зрабілі студыю гуказапісу, якую мы і не бачылі ніколі, — вось я, музыка, нават туды не схадзіў, бо яна не завершана на нейкія пяць адсоткаў. А яшчэ і зацякае. Тэатр — супер, але пасля прыходу ў новы будынак мы пачалі развальвацца як сям’я. Затое пасля сыходу з Купалаўскага мы самая што ні на ёсць сям’я.

— Сыход вас згуртаваў?

— Канечне. Мы хадзілі такія нэндзныя: «Ой, зноў гэтыя спектаклі, зноў гэтыя рэпетыцыі, зноў гэтую «Паўлінку» танцаваць. Як гэта ўсё згадла». А цяпер я выходжу на той жа Чарвякова і пяю «Паўлінку» з такім задавальненнем, што аж адлятае.

— А вы б маглі зараз сыграць у спектаклі?

— Не, у мяне была ўстаноўка: «Пайшлі на хер, я не іграю». Мы дамаўляліся з калегамі, што выходзіць не будзем, — такі настрой, і ён не змяніўся. А якія спектаклі зараз іграць? Тое, што адбываецца на радыё і тэлебачанні, што наперадзе Дажынкі і ўсё цудоўна?

Мне падаецца, народ цяпер не павінен хадзіць у тэатры — у нас жа салідарнасць. Калі ўжо хадзіць, дык на «Эмігрантаў» паводле Мрожака, «Матухну Кураж» паводле Брэхта альбо «Тутэйшых» паводле Купалы.

— То-бок нам не да культуры.

— Да культуры, але іншай — дваровай.

Вы ж бачыце: людзі з дзецьмі выходзяць на вуліцу піць гарбату, прыязджаюць артысты, потым ціхушнікі — вось такая культура. Альбо калі б заводы стачкавалі, купалаўцы б ездзілі «па франтах» і ігралі тую ж «Паўлінку», спусціліся б у шахту да калійшчыкаў — «Паўлінку» ў шахце было б клёва жахнуць.

— Як думаеце, чаму Купалаўскі — дзяржаўны тэатр — стаў такім рассаднікам ідэалагічнай крамолы?

— Ён стаіць у цэнтры — гэта месца сілы. Сюды прыходзяць студэнтамі, дрыгаюць ножкамі і ручкамі, потым, прачытаўшы якую п’есу, пачынаюць цікавіцца гісторыяй, потым на гастролях у Францыі сорак дзён сумуюць па Беларусі — і вырастаюць у людзей. Яны ведаюць, што Купала загінуў не проста так, што ў 1989 годзе ў Курапатах павыплывалі косці расстраляных, што побач знаходзіцца Трасцянец. Каб тут ніхто нічога не гаварыў, тэатр трэба было своечасова знішчыць — усіх павыганяць і засяліць чым-небудзь маўклівым.

— У вас асабіста не было праблем у тэатры праз супрацу з «Белсатам»?

— Не, у мяне самога была перасцярога — часам я казаў хлопцам, маўляў, у гэтым скетчы ўдзельнічаць не буду. Самацэнзура, канечне, працавала, але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Бывала, знаёмыя падыходзяць і пачынаюць кашмарыць: «Слухай, а ты не баішся, што за табой прыдуць?» Ну баюся. Не, каб падтрымалі, дапамаглі неяк, пастаялі побач.

— Вы адчувалі цэнзуру ў Купалаўскім?

— Не так усё было жорстка.

Памятаю выпадак, у «Пане Тадэвушу» перакалбасілі нейкую сцэну і з чатырох сцягоў прыбралі, канечне ж, «Пагоню». Потым да пастаноўкі «Translations» тэатр зрабіў афішу з дзяўчынай, у якой заклеены рот, — таксама нафіг прыбралі.

У татара-мангольскай няволі на нашых цяжкіх землях улады не ўмеюць па-іншаму змагацца з вальнадумствам, апроч як забаронай і розгамі.

— А сёння адчуваеце большую свабоду ў выказваннях?

— Не, цяпер трэба усё рабіць асцярожна, я яшчэ інтэрв’ю вашае пачытаю — калі са мной што здарыцца, адказнасць будзе на вас (смяецца). Выказвацца без фільтраў могуць тыя, хто за мяжой. Але і выказванні асабліва нічога не вызначаюць.

— Вы з Міхасём Зуём для асобнага праекта іграеце чыноўнікаў. Якім вы бачыце гэты тыпаж?

— У нас хутка будзе серыя, дзе нашы касцюмы павінны зліцца з шэрай сцяной. На пасадзе чыноўніка ты павінен іграць па правілах сістэмы — заплюшчваць вочы, каб цябе нідзе ніяк ніхто нічога. Ціхенька сядзець і рабіць, што скажуць.

Упершыню ў гэтай ролі мы з Міхасём засвяціліся на капусніку: ігралі чыноўнікаў сферы культуры, што рацыяналізуюць творчы працэс — раяць артыстам, дзе рабіць паўзы, як спяваць і пра што гаварыць. Спадарыня Дрыга (былы першы намеснік міністра культуры, — НН.) нас пахваліла і сказала працягваць.

Вось мы і працягваем. Магу сказаць, чыноўнікаў людзі ненавідзяць. Калі мы здымалі ў нашым двары, людзі ішлі міма і казалі: «Чынуша я***ы».

Неяк мы паехалі пад МТЗ, каб зняць момант, як у рабочых канчаецца змена і яны выходзяць з завода. Мы сталі да іх спінамі і перанеслі пекла — чаго толькі не выслухалі!

Дзіма Тумас, які ў нас іграў ціхара, таксама перажыў шмат чаго, да яго нават падыходзілі вэдэвэшнікі — выратоўвала майка «Я/Мы купалаўцы».

— За апошні час вы зняліся ў беларускіх фільмах «Прыгоды Пранціша Вырвіча» і «Купала». 

Гэта былі клёвыя здымкі. Яны, дарэчы, ішлі паралельна, і здымачныя групы мяне дзялілі: сёння ў начную, заўтра ўдзень, у Есяневіча гастролі — мы здымаем першыя. Вось такі я запатрабаваны акцёр… быў. У «Вырвічы» — коні, шаблі, шрамы, я прыдумаў уставіць у вока адмысловую лінзу. Для мяне гэта праца, можна грошы зарабіць хоць нейкія. І гэтыя два фільмы для нашай краіны годныя.

У нас жа і расійкага шмат здымаецца — год таму для энтэвэшнай канторы я зняўся з Ахлабысціным. Я знарок не чытаў яго выказванні, але яно само далятае, чуў шмат дрэннага. Але ён, натуральна, харызматычны, мы з ім паразмаўлялі, ён цікавіўся беларускім напісаннем слоў, прамаўленнем, літарай «ў». Карацей, я яму падарыў кніжку «Радзіва Прудок» Горвата.

— Некаторыя беларускія акцёры бачаць здымкі ў расійскіх праектах як нешта вымушанае.

— Як, ну гэта праца, грошы, знаёмыя людзі, бо там заўжды здымаецца шмат беларусаў. Калі патрапіш у клёвы праект… Хаця беларускі артыст, нават вядомы ці напаўвядомы, не можа выбіраць, таму прыходзіцца працаваць ва ўмовах, у якіх прапануюць. У нас артыст выжывае і ў кіно, і ў тэатры. Паколькі рэжысура зазвычай слабаватая, ён вымушаны многае прыдумляць сам і ўсё рабіць добра. Таму нас так любяць, увесь час чую, што беларусы неверагодныя. «Ну так, мы неверагодныя, тады плаціце адпаведна». — «Не, ну тут жа выгадна здымаць». Неверагодныя і танныя.

— Што вы думаеце пра беларускіх артыстаў, якія ўдзельнічаюць у праўладных канцэртах?

— Каб гэта ўсё амартызаваць, я іх не гляджу. Была ж названая дакладная лічба, якую Бязрукаў атрымаў за падтрымку змен у Канстытуцыі Расіі. Гэта што, ён пазіцыю выказвае? Тым больш што працуе мастацкім кіраўніком тэатра — усё, ён у сістэме, трэба адпавядаць.

— Вы б пайшлі вядоўцам на такі канцэрт?

— Божа, вы нават не вымаўляйце, каб яно ніколі не адбылося.

— Але павітаецеся за руку з тым, хто пайшоў?

— Павітаюся і паразмаўляю, што тут такога… Калі гэта трэба будзе. Але невядома, у што выльецца пасля.

— Як вы перажылі каранавірусны прастой?

— Як усе, на нагах. Не скажу, што я патануў — бывалі і складанейшыя часы. Трэба было проста не паддавацца паніцы. Мы рабілі рэпетыцыі ў зуме, потым рэпетавалі ў тэатры. Зараз увогуле каранавіруса няма, усе пра яго забылі. А ў СМІ тым часам пачынаецца перадгульня, відаць, каб загнаць людзей у які-небудзь каранцін.

— У беларускай культуры наперадзе — уздым ці заняпад?

— У нас ужо ўздым, такога крэатыву не было ніколі. Я лічу, што культура не можа нешта кардынальна мяняць, але цяпер зараджаецца наша нацыя, а яе фарміраванне праходзіць праз боль, жах і пакуты, і культура павінна ісці побач. У гэтым яна сёння робіць сваю справу.

Самае цяжкае — чакаць. Але ведаеце, як настаўнікі кажуць: «Калі вам гэта не трэба, мне таксама не трэба». Калі народу нешта вельмі спатрэбіцца, ён усё зробіць.

Каментары2

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»8

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомы гомельскі сілавік судзіцца з УУС і МУС1

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй44

Былая жонка Камісаранкі: Я працавала ў масажным салоне эратычнага характару14

Ізраіль знішчыў вайсковы флот Сірыі12

Дзяўчына падабрала забыты букет з ружаў, выкінула яго ў сметніцу і атрымала крыміналку1

Лукашэнка: Ніякі Асад не дыктатар. Ён лячыў людзей, ніколі нікога не забіваў33

Адбыўся ператрус у мінскім рэкламным агенцтве AdPlanes

У Мінску і Гродне можна ўзяць жывую ялінку на святы ў арэнду. Колькі гэта каштуе?2

Беларуска ўпала з чацвёртага паверха гатэля ў Тайландзе і атрымала цяжкія траўмы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»8

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Галоўнае
Усе навіны →