16 ліпеня ў Брыджуотэры (Нью-Джэрсі) памерла дзеячка беларускай эміграцыі ў ЗША, мастачка Ірэна Рагалевіч-Дутко.
Яна нарадзілася ў 1942 годе ў Жыткавічах. Бацькі Ірэны, Міхаль з Ефіміяй Рагалевічы, з сямёркай дзяцей перасяліліся з паваеннай Нямеччыны ў Амерыку ў 1950 годзе.
Тут усе яны добра абжыліся дзякуючы працавітасці ды прыроджаным талентам. Усе дзеці здабылі сабе вышэйшую асвету і добрую працу.
Ірэна пасля заканчэння ў горадзе Ёрк (Пенсільванія) Акадэміі Мастацтва працавала ў розных жанрах мастацкай творчасці: класічным, графічным, а таксама іканапісным. У шмат якіх дамах амерыканскіх беларусаў яе карціны напамінаюць жыльцам пра мілую сэрцу далёкую бацькаўшчыну.
Вокладкі выдадзеных Беларускім інстытутам навукі і мастацтва твораў эміграцыйных пісьменнікаў узбагачаныя партрэтамі аўтараў Ірэнінай работы.
А ў царкве св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы дваццаць напісаных ёю ікон дадаюць малітоўны настрой у гэтай святыні.
Таксама напісаная ёю ікона Благавешчання ўзбагачвае іканастас царквы імя Жыровіцкай Маці Божай у горадзе Гайленд-Парк недалёка ад Саўт-Рывера.
Ірэна Рагалевіч-Дутко была актыўнай ініцыятаркай і ўдзельніцай цэлага шэрагу культурных мерапрыемстваў (выстаўкі, фестывалі, афармленне плакатаў ды інш.), мэтай якіх было інфармаваць амерыканцаў пра Беларусь. Разам з мужам Мікалаем Дутко яны забяспечылі вёрстку шыкарнай двухмоўнай кнігі Янкі Запрудніка «Беларускія фэстывалі й выстаўкі ў Нью-Джерсі. Палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948-2011 гг)».
Пахаваная на беларускім могільніку царквы св. Еўфрасінні Полацкай нябожчыца пакінула ў глыбокім смутку мужа Мікалая, замужнюю дачку Тамару і двое ўнукаў. Вечная ёй памяць!
-
Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі
-
«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў
-
Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада
Каментары