Віктар Марціновіч пра вылучэнне Бабарыкі і Цапкалы: Чаму заможныя і ўплывовыя людзі вырашылі пайсці ва-банк?
Віктар Марціновіч разважае на budzma.by аб тым, чаму банкір Віктар Бабарыка і стваральнік ПВТ Валер Цапкала вырашылі выставіць свае кандыдатуры на прэзідэнцкія выбары.
Хачу папярэдзіць: яшчэ могуць быць сюрпрызы, да канца падачы дакументаў тры дні, а моцныя гульцы маюць дурную звычку хадзіць апошнімі.
Але і таго, што ўжо зроблена, дастаткова, каб зразумець, што нас чакаюць выключныя выбары: такіх яшчэ не было. Нават не з 2010 года, а наогул не было.
І так, зразумела, што ёсць безадказны і шмат разоў апрабаваны варыянт не зарэгістраваць. І тое, што ўжо проста цяпер робіцца з пякельнымі арыштамі блогераў і журналістаў у рэгіёнах, як бы намякае, што з усіх магчымых варыянтаў зваротнай рэакцыі абраны самы жорсткі. Той, якога таксама дагэтуль у Беларусі не было (бо раней пасля абвяшчэння выбараў адвольныя арышты на суткі прыпыняліся, каб не псаваць карцінку міжнародным ацэншчыкам галасавання).
То паўстае самае галоўнае пытанне: чаму абодва вырашылі пайсці? Яны добра ведаюць гульню. З допісу Бабарыкі вынікае, што ён выдатна ўсё разумее, ён нават цытуе показку часоў Сталіна — пра тое, што няважна, як галасуюць, важна, як лічаць.
Дык што адбываецца?
Чаму гэтыя заможныя і ўплывовыя людзі вырашылі пайсці ва-банк?
Бо для іх гэта менавіта ва-банк: тут ці хэпі-энд, ці страта ўсяго, што маеш, уключна са свабодай. Мне цяжка ўявіць сабе Саннікава ці Казуліна пасля выбараў у нейкай іншай траекторыі, чым тая, якая ім была наканаваная.
Па-першае: я абсалютна выключаю магчымасць таго, што Бабарыка ці Цапкала — «спойлеры», «як Сабчак». Таму што гэта Пуцін у Расіі мусіў гуляцца ў настолькі складаныя гульні.
Бо ў Расіі зусім іншыя тэхналогіі падробкі. Там, ведаеце, галасы лічаць. І яўка — рэальная яўка, а не тое, што з’явіцца ў выніковых пратаколах, — важная. Таму і патрэбныя такія кульбіты, які быў прароблены з Сабчак.
У Беларусі патрэбы ў моцнай альтэрнатыве няма, таму што выбары носяць зусім іншы характар. Колькі б людзей ні прыйшло, і яўка, і фінальная лічба будуць патрэбнымі. У такіх умовах альтэрнатывы большай, чым ЛДП, не прадугледжана гульнёй.
То абодва моцныя апаненты — не праект беларускай улады.
То, можа, рэч у наяўнасці плана? І відавочна, што гэты план не можа ўключаць вуліцу, бо плошча ўлетку і ва ўмовах эпідэміі неэфектыўная.
У спадзеве на папярэднія дамоўленасці з вертыкаллю, якой таксама, мабыць, няпроста даўся нядаўні парад (пры гэтым трэба разумець, што ўсе кантакты абодвух вылучэнцаў ва ўсіх, нават самых шыфраваных, сродках сувязі цяпер пільна аналізуюцца)?
У тэхналогіях, да якіх ні Мацкевіч, ні Губарэвіч пакуль не датумкалі?
Прынамсі, за Бабарыкам — некалькі моцных рэалізаваных праектаў на мяжы дыгітальнасці, культуры і сацыяльнага дзеяння (на ўсялякі выпадак: я ў тых краўдфандынгах не ўдзельнічаў, ніякага дачынення да Белгазпрамбанка не меў і ні ў якую каманду на выбарах ніколі не ўключуся). Цапкала, выглядае, такі ж стыхійны містык, як той, у штабе якога ён некалі працаваў, а манера мыслення такіх людзей, бывае, выводзіць да крокаў, якія чалавеку рацыянальнаму прадказаць немагчыма.
Калі нейкага геніяльнага плана ў іх няма — што ж, абодва цягам найбліжэйшага года ператворацца ў пакутнікаў і застануцца ў новай гісторыі краіны як тыя, што, у адрозненне ад нас, кніжных разумнікаў, не проста гугнявілі з утульных кухняў, але спрабавалі дзейнічаць.
«Удзячнае» беларускае грамадства (і Бабарыку, і Цапкалу трэба гэта ўсведамляць!) па завядзёнцы з часоў Каліноўскага працягне падазраваць іх у тым, што «спрацавалі на Крэмль» ці «пабылі спойлерамі».
Я б хацеў абазначыць сваім чытачам гэты момант. Мяжа, на якой мы аказаліся. Запомніце гэтую вясну.
Вось ён, парог, на якім людзі, што маглі, як і мы, пражыць адносна спакойна і бестурботна, вырашылі, што далей адкладаць няма куды і трэба дзейнічаць.
Чым бы ні кіраваліся — здымаю капялюш!
Каментары