З заявай аб прызнанні маладафронтаўца Піліпа Шаўрова палітвязнем выступілі праваабарончыя арганізацыі.
Нагадаем, малады чалавек быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам з’явіўся ў міліцыю з прызнаннем у тым, што гэта ён расфарбаваў рукі помніку Аляксандру Пушкіну ў Мінску.
Актывіст таксама прызнаўся следству, што 16-17 студзеня нанёс фарбай невялікую выяву бел-чырвона-белага сцяга на памятны знак загінулым супрацоўнікам МУС, а таксама 17-18 студзеня нанёс надпіс «1937» на плоце помпавай станцыі ў Бараўлянах.
На дадзены момант матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Піліп Шаўроў да гэтага часу ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА №1 г. Мінска. У выпадку прызнання яго вінаватым яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі (максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй ч. 2 арт. 339 КК).
Праваабаронцы ж лічаць, што ў ягоных дзеяннях няма складу злачынства па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК («Хуліганства»), а пазбаўленне волі Піліпа Шаўрова з'яўляецца адвольным і палітычна матываваным.
Таму праваабарончыя арганізацыі прызнаюць Піліпа Шаўрова палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «Палітычны зняволены» і патрабуюць спынення крымінальнага пераследу актывіста з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.
Каментары