Грамадства3030

Раней фоткаўся з Сабчак, цяпер — з Севярынцам. Хто такі палітычны блогер Сяргей Ціханоўскі?

Апошні год адзначыўся нечаканай хваляй папулярнасці беларускіх каляпалітычных блогераў. Пасля суіцыду магілёўскага даішніка гіганцкую аўдыторыю набраў 21-гадовы Nexta (Сцяпан Пуціла). Амаль 130 тысяч чалавек падпісаліся на блог Марата Мінскага. У Брэсце на хвалі «акумулятарных пратэстаў» пэўную вагу набраў блог Сяргея Пятрухіна, у Гомелі запісвае відэаролікі мясцовы блогер Арцём Шапараў.

Але нядаўна шэрагі блогераў папоўніў яшчэ адзін — 41-гадовы гамяльчук Сяргей Ціханоўскі, аўтар канала «Страна для Жизни». Ціханоўскі пазіцыянуе сябе як паспяховы бізнэсоўца, які пайшоў у блогеры, бо дастала жыць «у гэтай дупе, дзе паўсюль безгаспадарчасць».

Сяргей Ціханоўскі

Пры гэтым, у адрозненне ад іншых блогераў, Ціханоўскі неахвотна кантактуе са СМІ, адмаўляецца ад інтэрв’ю і размоваў пра сябе. Вядома, што ён амаль увесь час праводзіць у Гомелі. Сям'я ж яго жыве ў Мінску. 

Кантэнт: ад бізнэсоўцаў да апазіцыі

Ціханоўскі завёў відэаблог толькі ў 2019 годзе. Першыя відэа з’явіліся ў сярэдзіне сакавіка, а сёння ў яго больш за 37 тысяч падпісчыкаў — для Беларусі вынік вельмі неблагі. Ролікі набіраюць па некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў, самыя папулярныя па 100-130 тысяч.

Ціханоўскі сцвярджае, што здымае па тры відэаролікі штодня (!). Сапраўды, актыўнасць у блогера надзвычайная, новыя відэа з’яўляюцца кожны дзень — інтэрв’ю са стандартнымі апазіцыйнымі персанажамі (Статкевіч, Севярынец, Канапацкая), жывыя стрымы размоваў з кандыдатамі ў дэпутаты ад незалежных партый, абмяркоўваюцца праблемы бізнэсу і сацыяльныя праблемы, вядуцца гутаркі з паспяховымі прадпрымальнікамі сярэдняй рукі…

Некаторыя гутаркі з бізнэсоўцамі выглядаюць рэкламнымі. Але ж прадстаўнікі кампаній запэўнілі «Нашу Ніву», што ніякіх грошай Ціханоўскаму не плацілі.

Цяпер Ціханоўскі збірае грошы на новае абсталяванне, з якім, як ён кажа ў адным з відэа, «можна будзе прыходзіць да чыноўнікаў і задаваць ім пытанні ў жывым эфіры» ці штотыдзень выдаваць «навіны без рэкламы і цэнзуры».

«Сума патрэбна вялікая, але ёсць варыянты здымаць з больш простым абсталяваннем. Усё залежыць ад таго, наколькі менавіта вам патрэбныя перамены ў нашай краіне. У лічбах гэта ад 4 да 80 тысяч беларускіх рублёў», — заяўляе блогер.

На платформе «Вулей» людзі перавялі яму ўжо 6500 рублёў. Няблага.

У якасці падзякі ахвярадаўцам прапануецца мерч блога «Страна для Жизни». Калі перавесці буйную суму, можна разлічваць на кароткі відэаролік пра праблемы, якія вас цікавяць ці пра ваш бізнэс (300 рублёў). Даўжэйшае відэа з гарантаванай колькасцю праглядаў і прасоўваннем каштуе даражэй: за 1000 рублёў блогер гарантуе 30 тысяч праглядаў, за 2400 рублёў — 100 тысяч праглядаў.

Бізнэс: рэклама і кліпы для расійскай папсы

Ціханоўскі амаль у кожным сваім відэа нагадвае, што ён прадпрымальнік. Якім жа прадпрымальніцтвам ён займаецца?

Сам Ціханоўскі кажа, што ўжо 15 гадоў здымае рэкламу, яму належыць студыя па вытворчасці відэакантэнту «Компас».

Студыя працуе як у Беларусі, так і ва Украіне і Расіі. Можа, памятаеце рэкламу беларускага тураператара «Тэз-Тур» з рэперам Сярогай? Яе рабіў якраз «Компас». Таксама «Компас» здымаў кліпы расійскаму поп-гурту «Прапаганда» і коміку і шоумену Артуру Піражкову (Аляксандру Рэву).

Раней змест сацсетак Ціханоўскага быў зусім іншым. Гэта сёння там відэагутаркі з Анісім ці Севярынцам. А яшчэ год-два таму старонка будучага блогера была запоўненая здымкамі з паездак па свеце і сумеснымі фота з прадстаўнікамі расійскага шоу-бізнэсу.

Сёння на сайце студыі ўказаныя офісы ў Мінску, Гомелі, Маскве і Кіеве. «Наша Ніва» патэлефанавала па ўказаных нумарах. У Маскве слухаўку знялі, але пасля першага ж пытання кінулі. Суразмоўца нават адмовіўся назвацца — дзіўнавата для паспяховай студыі.

У Кіеве адказала маладая жанчына. «Студыя «Компас» працуе ў Расіі і Беларусі. Я не супрацоўніца «Компаса», проста знаёмая Ціханоўскага. Мой нумар указаны, каб, калі з’явяцца кліенты, накіраваць іх да яго», — паведаміла яна.

Па мінскім нумары падняў сам Ціханоўскі. Ён у чарговы раз паўтарыў: інтэрв’ю не дае, гаварыць пра свой бізнэс не хоча.

«З гэтага года я вельмі мала займаюся сваім бізнэсам. Кампаніі працуюць, але сам я гэтым ужо амаль не займаюся. І ў роліках я не рэкламую свой бізнэс і не хацеў бы яго рэкламаваць, — кажа Ціханоўскі. — Сёння ёсць некаторыя кантракты, якія я выконваю, — рэкламныя ролікі, відэа… Але я ў здымках не ўдзельнічаю. Я знаходжуся ў Беларусі і амаль увесь свой час я аддаю блогу.

Некаторыя калегі пра мяне кажуць: гэта камерцыйны праект. Але чаму? Я з блога ані капейкі не зарабляю, толькі ўкладваю туды сілы. Ютуб я не манетызую, у мяне рэклама адключаная. Я хоць з каго ўзяў хаця б даляр? Не.

А вось гэтыя таварышы, якія пра мяне кажуць, — ва ўсіх іх ёсць прайсы на размяшчэнне рэкламы. Яны робяць платныя ролікі. Дык хто тады камерцыйны праект?

Людзі, якія так пра мяне кажуць, яны і з’яўляюцца камерцыйнымі праектамі. А я раблю ўсё на покліч сэрца».

«Кулацкі» дом: буйныя планы і беларуская рэальнасць

Праўда, да пачатку сваёй блогерскай кар’еры Ціханоўскі не цураўся беларускіх СМІ. Пра яго ў 2017 годзе зрабіў вялікі матэрыял партал «Анлайнер»: Ціханоўскі набыў былы «кулацкі» дом у вёсцы Агародня-Гомельская, што пад Добрушам. Аддаў за яго $2200.

Будучы блогер расказваў журналістам, што дом можна адрамантаваць і зрабіць у ім гатэльчык ці хостэл з кавярняй і крамай. Магчымай мэтавай аўдыторыяй маглі б быць, напрыклад, рэлігійныя паломнікі, якія прыязджаюць у суседнюю Карму пакланіцца мошчам святога Іаана Кармянскага. Але не толькі яны.

«Хачу стварыць тут не проста аграсядзібу, а комплекс, дзе знайшлі б цікавыя і карысныя заняткі і дарослыя, і дзеці. Каб можна было пазнаёміцца ​​з нейкімі рамёствамі, нешта зрабіць самому, пакатацца на кані, палятаць на самалёце, з'ехаць зімой з гары — вы ж бачылі, якія тут пагоркі!.. Зноў жа, да Расіі пяць хвілін крокам, усе іх сотавыя аператары прымаюцца — таксама плюс для нас, будзем адтуль гасцей клікаць. Але ты зразумей, я не дзеля бізнэсу гэта пачынаю, а для людзей», — казаў Ціханоўскі.

Таксама ён планаваў паставіць бронзавы помнік святому Іаану Кармянскаму, быў гатовы выдаткаваць на гэта $20 тысяч.

Праз два гады «Анлайнер» зноў пагутарыў з Сяргеем Ціханоўскім. Турыстычным аб’ектам вясковы дом так і не стаў. Ціханоўскі распавёў, што памяняў дах у доме. Усе іншыя вынікі толькі на паперы: перапіска з чыноўнікамі, дазволы, рашэнні камісій… Праблема ў тым, што дом лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. І без дазволаў чыноўнікаў мяняць у ім нічога нельга — а мяняць і рамантаваць трэба амаль усё.

Ціханоўскі запэўніў журналістаў, што здавацца не збіраецца. А да таго ж прыглядваецца яшчэ і да мясцовага вадасховішча. Казаў, што прасіў у мясцовых уладаў узяць яго ў арэнду, пабудаваць домікі для рыбакоў, зрабіць прыстойны пляж, пракат лодак, кавярню. Але яму адмовілі. Так што пакуль вадасховішча так і стаіць закінутае.

У апошнім стрыме Ціханоўскі сказаў, што менавіта праблемы з рэканструкцыяй гэтага дома і былі адным з галоўных фактараў, чаму з’явіўся блог.

«Першы ролік мяне вымусіла запосціць гэтая с*аная краіна, у якой я купіў дом 19-га стагоддзя, хацеў аднавіць за свае бабкі гэты разбураны помнік. 2,5 года біўся, біўся — ніхрана нельга зрабіць! Восем рашэнняў выканкама — і нічога яшчэ нельга рабіць! Мінкульт у выніку згубіў праект! — распавёў Ціханоўскі ў эмацыйнай прамове.

— Я задзяўбаўся да іх ездзіць, пачаў весці гэты блог. Паглядзіце, з чаго гэта ўсё пачалося! Першыя ролікі на маім канале! І не кажыце, што я нічога не раблю — я, с*ка, рабіў у гэтай краіне! Рабіў! І мне не даюць ніхрана рабіць гэтыя ўроды! І не толькі мне, яны кожнаму з вас ніхрана не даюць рабіць!

І не толькі дом — праект з возерам таксама загубілі! Чыноўнікі, вы ўх*елі?»

У гэтай жа прамове Ціханоўскі сказаў, што спачатку рабіць палітычны блог не збіраўся: маўляў, хацеў гаварыць пра бізнэс і эканамічныя тэмы, «але ўсё ўпіраецца ў палітыку, бо нічога нельга зрабіць у гэтай краіне».

Гомель: «Ціханоўскі — мутны персанаж»

Але ж не ўсе лічаць, што Ціханоўскі, як ён сам кажа, вядзе свой блог толькі «на покліч сэрца».

Пётр Кузняцоў, заснавальнік самага буйнога гомельскага партала «Моцныя навіны», распавёў «Нашай Ніве», што Ціханоўскі звяртаўся да яго ў пачатку сваёй блогерскай дзейнасці.

Пётр Кузняцоў

«Ён прыходзіў з прапановай аб супрацы. У яго была ідэя рабіць гутаркі з бізнэсоўцамі і ў перспектыве, калі канал раскруціцца, браць грошы з прадпрымальнікаў за рэкламу. Як я зразумеў, Ціханоўскі хацеў, каб наш партал дапамог яму раскруціцца. Тады я адмовіў яму, — кажа Кузняцоў. — Але пазней, калі Ціханоўскі пачаў здымаць тое, што здымае сёння, мы ставілі на свой сайт некаторыя яго відэа, прысвечаныя сацыяльным праблемам.

Я пра яго крыху цікавіўся ў людзей. І на мой сённяшні погляд, гэта вельмі мутны чалавек, і вельмі цяжка сказаць, чаго ад яго чакаць».

Ціханоўскі доўгі час працаваў у Маскве, у Гомель вярнуўся вясной, кажа Кузняцоў. Якраз вясною і з’явіўся блог «Страна для Жизни».

«Сцвярджаць, што гэта праўда, я не магу, але даволі надзейныя крыніцы расказваюць, што Ціханоўскі ў Маскве «заляцеў» з адным з праектаў. Змарнаваў вялікі бюджэт, грошы былі не яго. І пасля гэтага ён раптоўна вярнуўся ў Гомель і пачаў рабіць палітычна-апазіцыйныя рэчы. І ніхто са знаёмых Ціханоўскага, з якімі я гаварыў, не разумее, навошта яму гэта трэба. Бо такія рэчы не манетызуюцца, гэта не бізнэс, якім прывык займацца Ціханоўскі. І ва ўсіх цяпер трохі насцярожанае стаўленне да яго дзейнасці», — расказвае Пётр Кузняцоў.

Гомельскі блогер Арцём Шапараў распавёў «Нашай Ніве», што пытанні да Ціханоўскага ўзніклі амаль ва ўсіх беларускіх блогераў. 

Арцём Шапараў

«Мы запрасілі Ціханоўскага ў агульны чат, дзе камунікуюць амаль усе беларускія палітычныя відэаблогеры: у гэтым чаце Nexta, «Рудабельская паказуха», Наташа Багданава, я… Агулам 20 чалавек. Мы хацелі задаць пытанні, якіх было шмат.

Напрыклад, чаму Ціханоўскі падбіваў адных блогераў скардзіцца на другіх? Марат Мінскі тэгаў Nexta ў сваіх роліках, проста каб прыцягнуць аўдыторыю. І Ціханоўскі заклікаў Nexta напісаць мадэратарам Ютуба скаргу на Марата, — згадвае Шапараў. —

Чаму Ціханоўскі вінаваціць і Марата, і Сцяпана Нехту, і мяне, і іншых блогераў у працы на КДБ?

Чаму Ціханоўскі часта наведвае Маскву? Адкуль у яго грошы?

На пачатку свайго блогерства Ціханоўскі прыйшоў да мяне і распавёў, што хоча здымаць відэа пра прадпрымальнікаў. Я дапамагаў яму раскруціцца. Бясплатна. Бо ён казаў, што грошай не мае. Часам ён дапамагаў мне, пазычаў камеру…

А пасля раптам у Ціханоўскага пачаліся незразумелыя ад’езды ў Маскву, пасля якіх пачалі з’яўляцца грошы. Ён змог дазволіць сабе студыю, купіў дарагую камеру коштам каля 3 тысяч даляраў. І спачатку расказваў, што для гэтага прадаў машыну, пасля казаў у чаце, што ў яго ёсць зберажэнні…

Навошта цішком запісваць размовы з калегамі? На сустрэчы блогераў Ціханоўскі размаўляў з Маратам Мінскім, а пасля ў чаце неяк ляпнуў, што ён запісваў тую размову.

Навошта правакаваць блогераў? Ціханоўскі мог падысці да іншага блогера з уключанай камерай і пачаць размову пра тое, што прэзідэнт — злачынца.

Агулам было каля 30 пытанняў. На іх Ціханоўскі нам не адказаў».

У выніку з чата Ціханоўскага выдалілі. Але пытанні да яго засталіся.

«Я бачу, як развіваецца яго канал. Магу як блогер ацаніць, што туды ўкладзена тысяч 50 даляраў: камеры, мантаж, студыя, гукарэжысёры, аператары… Я дакладна ведаю, што ён шмат укладвае ў рэкламу — толькі аднаму з вядомых тэлеграм-каналаў Ціханоўскі заплаціў 500 даляраў, каб яго прарэкламавалі. На пікеце Ціханоўскі спакойна раздае майкі і кепкі з лога свайго канала — гэта таксама ж каштуе грошай. Але адкуль тыя грошы, калі ён кажа, што нічога не зарабляе? Няма адказу», — кажа Арцём Шапараў.

Некаторыя суразмоўцы адкрыта сцвярджаюць, што Ціханоўскі ўсё ж бярэ грошы. Але робіць гэта прыгожа.

«Мяне абвінавацілі ў крадзяжы газу. Пазней я суд выйграў, але пакуль працэс ішоў, я шукаў дапамогі ў блогераў. Спачатку прыйшоў да Шапарава, пасля звярнуў увагу на блог «Страна для Жизни» — якасна зроблены, я нават не думаў, што ён наш, гомельскі, — распавёў «Нашай Ніве» гамяльчук Юрый Драянкоў. — Я хацеў, каб Ціханоўскі агучыў маю праблему, я хацеў, каб ён узяў у мяне інтэрв’ю, і я ў жывым эфіры змагу назваць прозвішчы суддзяў, чыноўнікаў. Ён не адмовіў. Але ж прапанаваў мне наступнае: можаце паглядзець на спасылачку ў профілі, якая вядзе на збор грошай для блога, там выбраць фармат, які цікавіць, і паглядзець, колькі каштуюць паслугі. Пасля пералічыць адпаведную суму. Жывымі грашыма мы не бяром. У выніку ў нас не зраслося».

Іншыя абвяргаюць версію, што канал патрэбны Ціханоўскаму для заробкаў. Аператар Павел Ляцяга працаваў на блогера каля 5 месяцаў.

«Я сышоў, бо мы… не сышліся характарамі. Вельмі шмат было працы. У Ціханоўскага, сапраўды, тры-чатыры здымкі на дзень. Часам трэба працаваць і позна ўвечары, і ноччу. Але заробак не адпавядаў: 600 рублёў на месяц. Праблема ў тым, што Ціханоўскі сказаў: будзе тры месяцы выпрабавальнага тэрміну, пасля заробак вырасце. Але пачаліся абяцанкі: я падыму заробак, ты пачакай… Плюс я працаваў у яго неафіцыйна. Ды і сам Ціханоўскі чалавек даволі пагардлівы. Я не вытрымаў і сышоў», — кажа Павел.

Па словах Ляцягі, блогер жыве за даходы ад рэкламнай студыі. Павел абвяргае абвінавачанні, што Ціханоўскі зарабляе на блогу.

«Наколькі я да яго непрыязна стаўлюся, але хлусіць не хачу. Каб Ціханоўскі браў грошы — я не бачыў ніколі. Часам яму прапаноўвалі — ён адмаўляўся, я быў сведкам», — згадвае Ляцяга.

Але ж навошта паспяховаму бізнэсмену Ціханоўскаму раптам спатрэбіўся відэаблог? Некалькі здымак штодня.

«Маё меркаванне, што ў чалавека штосьці стала з галавой. Ён паўтарае, што яму брыдка жыць у гэтай краіне, хоча стварыць Краіну для Жыцця», — кажа Павел.

«Наша Ніва» звярталася да самога блогера, але ён паведаміў, што размовы са СМІ яму не патрэбныя.

«Я не даю інтэрв’ю, мне гэта не цікава і не патрэбна. Нават калі мяне арыштоўвалі, да мяне звярталіся журналісты. Я адказаў ім: а навошта мне інтэрв’ю?

Усё, што я хачу сказаць людзям, — я кажу ў сваіх роліках. Няма ніводнай прычыны казаць гэта яшчэ недзе», — паўтарыў Сяргей Ціханоўскі.

А ў адным са стрымаў блогер агучыў свой «дэдлайн».

«Калі будуць наступныя прэзідэнцкія выбары — і калі вы сажраце зноў гэта, значыць, беларусы вартыя такой улады. Я тады з’еду, адкрыта кажу. Я зарабляў бабкі да, у час і пасля буду зарабляць. Я магу зарабляць бабкі як прадпрымальнік у любой краіне».

Каментары30

Мы здабылі лічбы імпарту расійскай нафты. З іх ясна, як Лукашэнка кампенсуе страты ад санкцый2

Мы здабылі лічбы імпарту расійскай нафты. З іх ясна, як Лукашэнка кампенсуе страты ад санкцый

Усе навіны →
Усе навіны

Расія пачала вывад войскаў з Сірыі4

Сёння ўначы ў Беларусі было да мінус 12, прычым на поўдні краіны

Беларуская чыгунка паскорыць рух некаторых цягнікоў у абласныя цэнтры

У Віцебску пасля пажару ў ГЦ «Беларусь» ратавальнікі не знайшлі людзей у памяшканнях

Парламент Паўднёвай Карэі абвясціў імпічмент прэзідэнту3

Беларускі аўтобусны перавозчык абвясціў пра зніжку 50 працэнтаў на шэраг замежных маршрутаў1

Шмат драўляных канструкцый. Чаму ўскладнялася тушэнне пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску4

«Зробім Расію зноў маленькай»: літоўку знялі з удзелу ў чэмпіянаце, за ёй пайшла і ўся зборная 48

Упершыню за доўгі час адбылася масавая атака дронаў на Украіну1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мы здабылі лічбы імпарту расійскай нафты. З іх ясна, як Лукашэнка кампенсуе страты ад санкцый2

Мы здабылі лічбы імпарту расійскай нафты. З іх ясна, як Лукашэнка кампенсуе страты ад санкцый

Галоўнае
Усе навіны →