Рудкоўскі: ПЭН-Цэнтр у рэйтынгу павагі да свабоды слова апусціўся ніжэй за «бастыён цемрашальства»
Паважаная старшыня Рады Беларускага ПЭН-Цэнтру Святлана Алексіевіч, шаноўныя сябры і сяброўны Рады!
Вы ўзначальваеце адну з найбуйнейшых і найстарэйшых празаходніх арганізацый Беларусі. У Вашай арганізацыі светлая і шляхетная місія: ахоўваць і развіваць культурна-каштоўнаснае вымярэнне грамадства, пашыраць творчасць і спрыяць інтэлектуальнаму дыялогу. Ні палітычныя партыі, ні грамадскія актывісты, ні нават экспертная супольнасць не заменяць Вас у гэтай місіі.
Нічога дзіўнага, што канфлікт паміж Радай ПЭН і вядомым пісьменнікам-дысідэнтам Паўлам Севярынцам выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. Лічу, што гэты канфлікт на 50% з'яўляецца ўнутранай справай арганізацыі, але на 50% — гэта таксама справа беларускай грамадскасці, асабліва яе празаходняй часткі.
З увагі на маштаб арганізацыі, яе гісторыю, місію, маральны доўг перад Рыгорам Барадуліным і Васілём Быкавым, якія засноўвалі і фарміравалі ПЭН-Цэнтр, мы ўсе — празаходнія, прадэмакратычныя і пранацыянальныя сілы — з'яўляемся стэйкхолдэрамі працэсаў у ПЭНе. Адсюль маё рашэнне напісаць адкрыты ліст.
У гэтым лісце хацеў бы звесці да мінімуму абмеркаванне персон. Усе разумеем, што канфлікт пачаўся не ўчора і не пазаўчора; ён мае ўжо доўгую гісторыю, таму, каб яго рассудзіць, патрэбна было б прааналізаваць справу пачынаючы як мінімум з 2014 года. Што ж, паколькі асабіста ведаю шэраг асоб, якія прадстаўляюць абодва бакі канфлікту, і паколькі ўсіх іх цаню і шаную, мне дужа хацелася б, каб хваля негатыўных эмоцый паміж імі апала і з'явіліся пробліскі паразумення. Але наўрад ці мне пад сілу паспрыяць гэтаму.
Хацеў бы звярнуцца да кораня канфлікту: суадносіны паміж свабодай слова і правам на недыскрымінацыю. У дадзеным выпадку гэта тычыцца свабоды крытыкаваць погляды або дзеянні прыхільнікаў ЛГБТ vs права прадстаўнікоў ЛГБТ на недыскрымінацыю. Думаю, заняцца «коранем» у нейкім сэнсе важней, чым знайсці адказ на пытанні «Хто больш вінаваты» ці «Хто першы пачаў».
Што ўпаўнаважвае мяне выказвацца на тэму гэтага «кораня»? Дазвольце, тое-сёе скажу на гэты конт.
У 2010 годзе я апублікаваў у «Нашай Ніве» артыкул «Гей — герой ці злачынца?», у якім звяртаў увагу на атмасферу нецярпімасці і пагарды ў адносінах да прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Сярод іншага я скрытыкаваў злоўжыванне біблійнымі тэкстамі дзеля апраўдання такога стаўлення. Артыкул быў перадрукаваны рознымі сайтамі, у тым ліку адным гейскім.
Важная акалічнасць: на той момант я быў дыяканам Каталіцкай царквы, гэта значыць юрыдычна, маральна і фінансава залежаў ад царкоўных структураў. На мяне абрынулася хваля жорсткай крытыкі. «Абаронца садамітаў», «лібераст», «здрайца»… розныя эпітэты падалі ў мой адрас, пераважна з боку свецкіх вернікаў (дый, здаецца, і атэісты крытыкавалі). Адзін з апанентаў пачаў нават збіраць подпісы пад адкрытым пісьмом на адрас мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча (пісьмо так і не было выслана).
Гэты эпізод, пра які я толькі што распавёў, мае два сэнсы. Па-першае, вы можаце пераканацца, што, як казаў Гэйнэ, «мне гэты боль знаёмы».
Я на сваёй скуры спазнаў, што значыць быць аблаяным, названым… хай сабе не «садамітам», але «ліберастам, які лабіруе інтарэсы садамітаў». Калі ласка, трымайце гэта ў памяці, калі будзеце чытаць мае крытычныя заўвагі наконт некаторых формаў барацьбы супраць дыскрымінацыі.
Але ёсць яшчэ адзін важны — і павучальны — момант у гэтым эпізодзе. Нягледзячы на абурэнне, пратэсты, гнеўныя выпады з боку свецкіх вернікаў, мяне не пазбавілі духоўнага сану. Не было нават ніякага асаблівага пакарання. Так, шмат хто не ўхваляў маіх поглядаў, але ніхто мяне за мае погляды не выганяў і не караў.
Паважаныя сябры/сяброўны Рады, ці не бачыце ў гэтым своеасаблівы парадокс? У царкоўнай іерархіі былі ўсе падставы ўспрымаць мяне прыблізна так, як Вы ўспрымаеце зараз Севярынца. У маіх тагачасных настаяцеляў было не менш падстаў заявіць, што мае словы «ерэтычныя» (перфарматыўны эквівалент слова «гамафобскі») для значнай часткі вернікаў. Але пры ўсім гэтым іерархія ўшанавала маю свабоду слова.
Ведаю, што некаторыя з Вас звысоку глядзяць на Царкву, асабліва царкоўную іерархію, успрымаючы яе як «бастыён цемрашальства». І што, гатовы цяпер змірыцца з думкай, што дзякуючы Вам Беларускі ПЭН-Цэнтр у рэйтынгу павагі да свабоды слова апусціўся ніжэй за «бастыён цемрашальства»? І гэта пры тым, што для Царквы абарона свабоды слова не ёсць першаснай місіяй, а для ПЭН-Цэнтру — так!
Цяпер я не з'яўляюся духоўнай асобай. Я сышоў у свецкі стан сем гадоў таму, што было звязана з шэрагам духоўных і псіхалагічных прычын (той эпізод з артыкулам не меў да гэтага ніякага дачынення.) Працую цяпер у празаходняй недзяржаўнай арганізацыі, даўным-даўно не залежу ад царкоўных структур — ні фінансава, ні юрыдычна. Здавалася б, цяпер выпадае ад мяне чакаць безагаворачнай падтрымкі для ЛГБТ. Гэта было б нават выгадна ў кан'юнктурным плане. Але я чамусь не спяшаюся пляскаць у далоні ў звязку з выключэннем Севярынца і радасна ўсклікаць: «Цемрашальства знішчана, святло трыумфуе!»
Мае базавыя прынцыпы не змяніліся. Гэтаксама як дзесяць год таму я выступаў супраць пагарды і дыскрымінацыі ў дачыненні да асоб ЛГБТ, так раблю і зараз. І гэтаксама як тады свабода слова была для мяне важнай каштоўнасцю, так ёсць і зараз. Я з'яўляюся паслядоўным прыхільнікам адкрытага грамадства (можна называць гэта лібералізмам). І Вас заклікаю падумаць над тым, каб дзейнасць ПЭН-Цэнтру выбудоўваць у духу ліберальных прынцыпаў. Што гэта за прынцыпы? Вось яны:
(1) крытычнае мысленне, аддаванне перавагі рацыянальнай аргументацыі ў ходзе перапрацоўкі інфармацыі і вырашэння задач грамадскай значнасці.
(2) індывідуалізм: прызнанне этычнага першынства чалавечай асобы перад рознага роду над-індывідуальнымі існасцямі
(3) крытычны дуалізм: прызнаванне розніцы паміж сферай фактаў і сферай рашэнняў.
(4) частковая інжынерыя: устаноўка на рэформы пры пазбяганні татальнага рэфармавання грамадства.
(5) прынцып аб'ектыўнай праўды.
Вы здзіўлены, што ў гэтым спісе няма «правоў ЛГБТ», «гендарнай роўнасці», «барацьбы з глабальным пацяпленнем» і пад.? Што ж не Вы адны блытаеце лібералізм з часовым кансэнсусам, які паўстае дзякуючы (1), (2), (3), (4), (5). Адкрытае грамадства на тое і называецца «адкрытым», што яно пакідае месца на крытыку наяўнага стану рэчаў. Цягам 90-ых гадоў сфармаваўся акрэслены кансэнсус наконт такіх рэчаў, як гэндарная роўнасць, правы меншасцяў, неспажывецкія ўстаноўкі і г.д. Але гэты кансэнсус можа падлягаць крытыцы і перагляду (і фактычна гэта зараз у заходнім свеце — хоць не без скрыгату — пачынаецца). Ніхто не кажа, што ўсё гэта памылковае і патрабуе татальнага перагляду. Рэч у тым толькі, што існуючы кансэнсус нельга абсалютызаваць. Апроч самых базавых прынцыпаў — павага да жыцця і годнасці кожнага чалавека — усе іншыя рэчы могуць быць паддадзены крытычнай рэфлексіі і рэвізіі.
Што ёсць лакмусавай паперкай лібералізму? Вось практычны варыянт такой паперкі:
Ліберал:
1) рэдка, толькі ў крайніх выпадках стасуе клінічныя або крыміналістычныя катэгорыі да апанентаў (тыпу «-фоб», «гвалтаўнік»);
2) выкарыстоўвае багаты апісальны апарат (крытыка, аб'ектывізаваная адмоўная ацэнка, суб'ектыўная адмоўная ацэнка, асуджэнне, ачарненне, -фобія, нянавісць, насілле)
3) у выпадку, калі прыходзіцца выкарыстоўваць клінічныя або крыміналістычныя катэгорыі, то дбае, каб яны былі дакладна акрэслены.
Антыліберал:
1) часта і ахвотна стасуе клінічныя або крыміналістычныя катэгорыі ў адносінах да апанентаў;
2) выкарыстоўвае бедны апісальны апарат (як правіла, для яго існуе толькі дыхатомія: «або падтрымліваеш маю пазіцыю, або ты — ненавіснік, -фоб». Розныя прамежкавыя варыянты, тыпу «крытыка» «адмоўная аб'ектывізаваная ацэнка», «адмоўная суб'ектыўная ацэнка» для яго не існуюць;
3) не дбае пра семантычную карэктнасць ужываных ім клінічных або крыміналістычных катэгорый; схільны бяздумна раскідвацца такімі словамі, як «гамафоб», «ненавіснік», адвольна расцягваючы іх сэнс на ўсё новыя і новыя выпадкі.
Паважаныя сябры/сяброўны Рады, Вы стварылі акрэслены прэцэдэнт у справе свабода слова vs свабода на недыскрымінацыю, сцвердзіўшы, што свабода слова ў дадзеным выпадку менш важная. Гэты прэцэдэнт мае значэнне як для будучыні самога ПЭНа, так і для ўсяго грамадства. Вы далі сігнал усёй грамадскасці, што можна, а нават трэба абмежаваць свабоду слова, калі яно ўспрымаецца пэўнай групай людзей як праява дыскрымінацыі або «фобіі». Прыкладзіце лакмусавую паперку, якую я стварыў для Вас у гэтым лісце, і Вы пабачыце, што змагаецеся з дыскрымінацыяй антыліберальнымі метадамі. Вы не ўлічылі (у стане эмацыйнага ўздыму ніхто пра гэта не думае), што гэты прэцэдэнт будзе дзейнічаць у два бакі. У сітуацыі, калі катэгорыя дыскрымінацыі або hate speech не аб'ектывізаваны, калі яны прымяняюцца бяздумна і ў канвеерным парадку, забраць свабоду слова можна ў каго заўгодна, у тым ліку ў Вас.
З апублікаванага ў ліпені бягучага года апытання вынікае, што Беларусь — самая антызаходняя сярод усіх краін Усходняга Партнёрства. Апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні ў сваю чаргу паказваюць, што падтрымка для гіпатэтычнай еўраінтэграцыі ў Беларусі знаходзіцца на даволі нізкім узроўні: цягам апошніх двух гадоў ён вагаецца паміж 20 і 25 %, затое падтрымка для інтэграцыі з Расеяй або/і еўразійскімі структурамі вагаецца паміж 55 % і 64 %. Але найбольш шакавала мяне тое, што агучыў прафесар Андрэй Вардамацкі падчас апошняга Кангрэсу даследчыкаў Беларусі. Эмпірычныя даследаванні паказалі, што сярод прыхільнікаў празаходняй опцыі дамінуе матэрыяльна-ўтылітарная матывацыя: бязвіз, магчымасць заробкаў і г. д. У той жа час у прыхільнікаў опцыі прарасейскай на першых месцах апынуліся каштоўнасныя матывы: супольнасць гісторыі, менталітэту, мовы.
Я прывёў гэтыя сумныя дадзеныя, каб паказаць, у якой сітуацыі зараз знаходзяцца празаходнія грамадскія сілы. Мы прайграём у колькасным плане, і гэты стан будзе, хутчэй за ўсё, доўга ўтрымліваецца. Мы наўрад ці маем шанец выйграць з расейскімі СМІ. Але наша сіла ў іншым: у высокай інтэлектуальнай культуры. У высокіх стандартах публічнай аргументацыі. У плюралізме поглядаў. У крытычнай дыскусіі. Карацей кажучы — у адкрытым грамадстве.
Заканчваю ліст, не запрапанаваўшы канкрэтнага рашэння канфлікту з Паўлам Севярынцам. Бо гэта і не было маёй мэтай. Але спадзяюся, што Вы пачулі маё занепакаенне будучыняй ліберальных каштоўнасцяў. А я далёка не адзіны ў гэтым занепакаенні. Заклікаю пераасэнсаваць сітуацыю з гледзішча этыкі адкрытага грамадства, якую я сцісла выклаў у лісце.
-
«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае
-
«Кампенсацыя за паразу ў Сірыі». Што стаіць за заявай Мядзведзева наконт «новых рэгіёнаў» Расіі
-
«Гэта найлепшая версія Трампа». Амерыканская журналістка апісала, як замах на Трампа глыбока змяніў яго і надаў спакою
Каментары