Украіна вачыма беларуса: «Для мяне індыкатар — гэта маршруткі»
Піша Максім Маханькоў.
Як зразумець той момант, калі ва Украіне пачнуцца нейкія радыкальныя змены ў барацьбе з карупцыяй і шэрай эканомікай? Мне здаецца, галоўным індыкатарам тут будуць украінскія маршруткі.
Гэта выдатны індыкатар эканамічных адносін ва Украіне, а таксама разбуральнік міфаў пра непакорлівых і нецярплівых украінцаў, якія, маўляў, пры нейкай праблеме адразу пачынаюць бунтаваць (як малюе іх расійская прапаганда).
Маршруткамі я стараюся не карыстацца, бо гэта проста невыносна, але часам даводзіцца. І заўсёды як ідыёт патрабую ў кіроўцы чэк ці білет. І заўсёды мясцовыя, не толькі кіроўцы, але і пасажыры, глядзяць на мяне як на ідыёта і варвара. Там няма ніякіх ні чэкаў, ні білетаў, чорны нал гуляе так, як гай шуміць. І за ўвесь час толькі адзін кіроўца даў мне білет, але нават ён гэта зрабіў здзекліва і нахабна, аддаўшы мне стос квіткоў: маўляў, на, дурань, трымай свае білеты. У большасці выпадкаў кіроўцы пачынаюць сварыцца, пасажыры альбо маўчаць, альбо становяцца на бок кіроўцаў і кажуць: «Нешта не падабаецца — едзь на таксі».
Людзі не разумеюць, што ў выніку нейкай аварыі яны ніяк не абароненыя, што аўтапарк не плаціць падаткі, а кіроўца потым будзе атрымліваць мізэрную пенсію. Украінскае грамадства такая сістэма, у прынцыпе, задавальняе, таму я, як замежнік, стараюся не навязваць сваё бачанне, бо гэта не мая краіна і не мая справа.
Карацей, першым сігналам таго, што ва Украіне рэальна і радыкальна ўзяліся за барацьбу з карупцыяй і шэрай эканомікай, будзе разгон гэтых мафіёзных гадзючнікаў-аўтапаркаў, якія перавозяць людзей як скаціну і нажываюцца на людзях. Ну і калі самі людзі зразумеюць, што пакуль яны не будуць патрабаваць ад аўтапаркаў працаваць легальна і плаціць падаткі — ніякага камфорту і нармальных умоў яны не атрымаюць.
І так, украінская маршрутка разбівае міф наконт непакорлівых і нецярплівых украінцаў, якія, маўляў, пры нейкай праблеме адразу пачынаюць бунтаваць. Людзі ездзяць у нечалавечых умовах абсалютна спакойна і пакорліва, і ніяк на гэта не рэагуюць. Я думаю, калі б такія аўтобусы ў такім стане і з такімі адносінамі да людзей ездзілі б у Беларусі, нашы людзі разграмілі б аўтапарк ці, прынамсі, завалілі яго гарой скаргаў праз некалькі дзён.
P.S. Паўтаруся, камунальны транспарт тут адносна нармальны, з нармальнымі квіткамі і аплатай. Ёсць нават Wi-Fi і Paypass, але камунальнага транспарту мала.
Каментары