«Тантамарэска» — гэта стэнд для фотаздымкі з адтулінай для твару. Гэтае слова выбранае для назвы кнігі пра беларускамоўнага мытніка, які трапіў у турму па калектыўнай «справе ашмянскіх мытнікаў». Іх абвінавацілі ў змове для атрыманьня хабараў, каб прапускаць тавары праз мяжу. Сяргей Дубавец упэўнены, што ягоны сябар Алесь Юркойць трапіў за краты выпадкова — проста таму, што адмовіўся сьведчыць супраць былых калег.
«Я пайшоў на гэты суд паглядзець, як абсалютна дасканалага ў маім разуменьні чалавека, майго сябру, будуць судзіць і якім чынам будуць прыпісваць яму нейкія даляры, якія ён нібыта браў», — кажа Дубавец.
У кнігарні «Ў» прайшла прэзэнтацыя 71-й кнігі «Бібліятэкі Свабоды» — «Тантамарэскі». Гэтая кніга — пра судовы працэс над мытнікам Алесем Юркойцем і ягонымі калегамі. Алесь Юркойць атрымаў 7 гадоў зьняволеньня. На працэс Сяргей Дубавец хадзіў цягам году — зь лістапада 2016-га па лістапад 2017-га, піша «Радыё Свабода».
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, адкрываючы прэзэнтацыю, прывёў словы Кафкі, што «чытаць трэба толькі кнігі, якія раняць, якія б’юць па галаве, якія дзейнічаюць як катастрофа, якія перажываеш доўга і моцна. Як сьмерць любімага чалавека ці пра самагубства».
І дадаў, што Сяргей Дубавец узяў у якасьці эпіграфа да сваёй кнігі словы Кафкі: «Хтосьці, відаць, узьвёў паклёп на Ёзэфа К., бо, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён патрапіў пад арышт».
А працоўную назву кніга мела такую: «Юркойцеў палон». Спадар Лукашук распавёў, як гадоў 10 таму тэлефанаваў літаратарам краінаў-суседак Беларусі з просьбай напісаць віншаваньні палітзьняволеным, якія сустракалі Новы год у турме.
«І даслаў навагодняе віншаваньне Ўладзімір Войнавіч. Яно пачыналася такім зваротам: «Уважаемые пленники презренного диктатора…» Вось гэтае слова «пленники» адразу праясьніла сытуацыю: адразу стала ясна, што мы гаворым ня проста пра турму, але і пра вайну», — сказаў галоўны Бібліятэкар Свабоды.
Урэшце «Юркойцеў палон» стаў назвай не ўсяе кнігі, а прадмовы да яе, напісанай Аляксандрам Лукашуком. На прэзэнтацыі сваю песьню на словы гэтай прадмовы выканаў Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі ўзгадаў, што ў сваім жыцьці ня раз бываў ня толькі на палітычных, але і на эканамічных працэсах, у якіх удзельнічалі знаёмыя, сваякі, і гэта быў прыкры досьвед.
«І гэта зрабіла на мяне ўражаньне нейкага непрыемнага фарсу, дзе ўсе ролі расьпісаныя загадзя, дзе пракурор у спайцы працуе з судзьдзёй. Наагул, вельмі непрыемны досьвед, пасьля якога хочацца памыцца, забыцца на гэта ўсё. Жывучы ў неправавой дзяржаве, можна наткнуцца на гэтую рэч», — падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад беларускіх судоў Лявон Вольскі.
Сяргей Дубавец таксама адзначыў, што кніга выйшла не пад зыходнай назвай.
«Тут шмат загадак: і сама кніга — загадка, і суд — загадка, і прысуд — загадка. Тым ня менш кніга пісалася, каб гэтыя загадкі разгадаць», — кажа аўтар.
«Тантамарэска — гэта карціна з адтулінай для твару… Вось ты ў казачным лесе, а вось — у судовай клетцы, вось ты рыцар на ўздыбленым кані, а вось — сярод вязьняў калёніі… Перабіраючы здымкі, міжволі задумаесься, дзе тая рыса, калі ты — гэта ты з уласнага выбару, а калі тантамарэску для цябе выбраў нехта іншы», — прачытаў фрагмэнт сваёй прадмовы Дубавец, патлумачыўшы назву кнігі.
«Я пайшоў на гэты суд паглядзець, як абсалютна дасканалага ў маім разуменьні чалавека, майго сябру будуць судзіць і якім чынам будуць прыпісваць яму нейкія даляры, якія ён нібыта браў. Як гэта можна даказаць, калі ніякіх фактаў прадстаўлена не было — спрацавалі прызнальныя паказаньні аднаго чалавека, які блытаўся, і суд насуперак закону прыняў гэтую блытаніну на карысьць абвінавачваньня. І Алеся засудзілі на 7 гадоў. Ды яшчэ прыплялі і групу, якую ніхто не даказаў…» — падзяліўся сваімі ўражаньнямі Дубавец.
На паседжаньні хадзілі пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы, проста неабыякавыя людзі. Уладзімер Арлоў узгадаў, як даваў камэнтар радыёжурналісту.
«Стоячы нядаўна каля магутнага помніка паўстанцам Каліноўскага на ўскрайку астравецкай вёскі Слабодка, я думаў, што Алесь Юркойць застанецца для мяне адным з самых сьветлых і мужных беларускіх людзей — чалавекам, неверагодна глыбока ўгрунтаваным у сваю зямлю, якой ён ахвярна служыў і якую здолее зрабіць яшчэ лепшай. Ён усё рабіў неверагодна грунтоўна, адказна, годна. І мастацкія пленэры, і канфэрэнцыі, і змаганьне супраць Астравецкай АЭС, і курсы «Мова нанова» — паўсюль Алесь быў на вышыні», — перакананы Ўладзімер Арлоў. І ўзгадаў, што Юркойць нават пракурора прымусіў чытаць прысуд па-беларуску.
Ірына Дубянецкая таксама ўзгадала паралелі з Кафкам і адзначыла, што гісторыя паўтараецца.
«Вось толькі Кафка з гісторыі абсурду робіць сьціслую карціну, а тут, наадварот, гэтая сьціслая карціна Кафкі разварочваецца назад, у абсурднае жыцьцё. Кніга атрымала тую назву, якая тлумачыць усю абсурднасьць жыцьця. Таму што тантамарэскі — гэта тое, што ня ёсьць сапраўднае жыцьцё. Пра гэта пастаянна ідзе гаворка.
Я ўзгадваю апошнюю беларускую тантамарэску ў Нацыянальнай бібліятэцы — дзе стаяў вялікі Скарына на выставе «Беларусь і Біблія», у якога можна было ўставіць сваю галаву. Можна было выбраць такую тантамарэску. Гэта выбар, куды ты ўстаўляеш сваю галаву. А што будзе, калі ты нікуды ня будзеш устаўляць сваю галаву? Што тады будзе, калі прападуць тантамарэскі?» — разважала Ірына Дубянецкая.
На думку Ірыны, у жыцьцёвых абставінах няма маральнага стрыжню.
«Дубавец прагаворвае ўсе гісторыі гэтага працэсу праз свой маральны стрыжань, шукаючы гэты маральны стрыжань у іншых людзей і ў іншых сытуацыях. І цытуе Юркойця, ягонае апошняе слова. Юркойць падзяляе людзей на дзьве катэгорыі: якія здольныя на подласьць — і якія ня здольныя на подласьць», — кажа яна.
Зьміцер Бартосік узгадаў першае сваё знаёмства з мытнікам Алесем Юркойцем пры канцы 1990-х. Тады ён на мяжы запоўніў дэклярацыю па-расейску і аддаў яе высокаму прыгожаму афіцэру.
«І я зусім ня чакаў пачуць ад яго пытаньне: «Вы той самы Зьміцер Бартосік, які ў праграме «Вольная студыя» на Радыё Свабода так апантана змагаецца за беларушчыну?»
«Так», — адказаў я. — «А гэта ваша дэклярацыя?» — «Так, але я запоўніў на мове арыгіналу», — прамямліў я».
Бартосік прызнаўся, што пасьля гэтага ўжо не ніякавее перад афіцэрамі, гаворыць выключна па-беларуску, і дзякуючы беларускай мове штрафы зьніжаюцца ўдвая ці наагул адмяняюцца.
Культуроляг Сяргей Харэўскі кажа, што ніхто ня верне Алесю Юркойцю гэтых страчаных за кратамі гадоў, ягоным дочкам — гадзін шчасьця, якія ён мог падарыць ім.
«Ёсьць рэчы непапраўныя. У гэтай сытуацыі можа апынуцца кожны з нас. Думаецца пра заўтрашні дзень, як мы будзем заўтра жыць. Я мару працягнуць рукі свайму блізкаму сябру, абняць яго, зноў убачыць з дочкамі, у роднай хаце. Мы зробім усё, каб гэта выправіць, наколькі гэта магчыма, дапамагчы гэта ўсё яму перажыць.
Гаворка вядзецца не пра героя кнігі, не пра героя Беларушчыны, а пра чалавека. Пра чалавечнасьць, якую ён сваімі паводзінамі, ня крывячы душой, не нагаворваючы на сваіх калегаў, дэманстраваў. Ён будзе для нас узорам чалавечнасьці, узорам людзкай спагады, таго, што мы мусім не забываць», — кажа Сяргей Харэўскі.
Аляксандар Лукашук распавёў, што нядаўна атрымаў ліст ад Юркойця, якога запрасіў наведаць Прагу. А Юркойць адказаў, што так надоўга не загадвае, турма навучыла яго не зазіраць так наперад. А за гэтыя гады ў яго назьбіралася шмат даўгоў, і самы вялі доўг — перад сям’ёй, найперш перад дачушкамі.
«Празь сем гадоў столькі вады сплыве — зь беларускіх узвышшаў у абодва моры. Мы заўсёды ведаем, што ёсьць яшчэ адно мора. Можам назваць яго Юркойцевым морам, якое ніколі не перасохне», — завяршыў прэзэнтацыю Аляксандар Лукашук.
Каментары