Зразумець літоўцаў. Чаму для іх Каліноўскі — Калінаўскас і чаму ім гэта прынцыпова
Гэта не пра тое, як Каліноўскі сябе рэальна называў, гэта пра тое, як ён меў бы сябе называць, калі б не ўсё-ўсё тое, што надышло потым, следам за залатымі часамі балцкіх князёў. Піша Алесь Мікус.
Аўдронюс Ажубаліс — міністр замежных спраў Літвы у 2010-2012-х, член літоўскага парламента з 1996-га, член фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў, цяперашні кандыдат ад хадэкаў на выбарах у Еўрапарламент — выступіў з дыскусійным артыкулам «Ці мае цану годнасць Дзяржавы?», дзе палемізуе з выбраным ад «Зялёных» дзейным прэм'ерам.
Істота палемікі: прэм'ер падтрымаў звароты ад Польшчы і ад Беларусі, каб на помніках паўстанцам 1863—1864-х, што будуць увосень пахаваныя ў Вільні, былі надпісы па-польску і па-беларуску. А Ажубаліс, які ў апазіцыі, за тое, каб толькі па-літоўску былі надпісы.
Вядома, беларусы абурыліся. Зрэшты, і Ажубаліс слоў не надта падбіраў:
«Каманда прэм'ера называе запланаваныя трохмоўныя надпісы мудрай гістарычнай палітыкай, хоць самі, відаць, ані не разумеюць, што значыць злучэнне гэтых двух слоў. Гістарычнай палітыкай я прапаную называць сістэмныя намаганні дзяржавы выхоўваць верную праўдзе і патрыятызму калектыўную памяць - памяць, устойлівую да нахлыні прапаганды з суседніх дзяржаў і да перакручвання нашай гісторыі».
І яшчэ:
«Бачыце, гэта не інфармацыйная шыльдачка музейнага экспанату, гэта Пантэон змагароў за свабоду Літвы (а яе яны ўсе разумелі ў тагачасных катэгорыях) ад маскальства (maskolija). А мо так народзіцца новая завядзёнка, і прозвішчы дзеячоў нашай гісторыі будзем пісаць на трох мовах?»
Гм, дык гэта нармальная такая, зразумелая беларусам рэч — пісаць на розных мовах. Вунь, беларускія актывісты «паўключаліся» па Курапатах — а хто там быў ля нядаўна ўсталяванага новага помніка? Хто не быў, можна распавесці: на жалезінах, што ўздымаюцца ўгору, напісана: «брат», «муж», «цётка», «сябар», «каханая» і пад. — і надпісы гэтыя па-беларуску, па-расейску, па-польску і іўрыцкімі загагулінамі. Шматмоўнасць не ўражвае, звароты такія ўражваюць, бо вельмі асабіста… Або яшчэ — хто ведае, той са смакам прыгадвае, што ў ранняй БССР было чатыры дзяржаўныя мовы. Тыя ж, дарэчы, што і на свежым курапацкім помніку.
Або хто ж не чуў выразаў, бы мантра, кшталту «міжнацыянальны мір на нашай шматпакутнай зямлі», ці «мы ўсіх тут прытулілі», ці нават «мае палякі» з вышэйшых чынавенскіх вуснаў. З гэтага ж шэрагу — зграбанне ў найноўшую афіцыёзную гістарычную канцэпцыю ўсяго-ўсяго — і Полацк, і Скарыну, і Сапегу, і Чапскага — менскага губернатара «пад маскалямі», і 1812, і БССР, і «нашу перамогу», і «савецкі народ».
Папраўдзе, гэта ўсё даволі канцэптуальна — уключаць усё што было. Гэта даволі так па-сялянску — ні ад чаго, што было, не адмаўляцца, нічога не адразаць з памяці. Бо важнейшыя не канцэпцыі, але перажыты досвед — а ён будзе і пры царах, і пры саветах, і ў вайну, і хоць калі. Але нацыянальная дзяржава — гэта ўсё ж прадукт інтэлігентаў і навейшага часу, і тут штось адразаюць, штось высоўваюць наперад, нешта свядома падсвечваюць і нешта наўмысна зацямняюць і прыхоўваюць.
Дык вось да чаго гэтыя ўсе водступы ад тэмы з Ажубалісам і Каліноўскім. У Літве пануе сваё канцэпіуальнае бачанне мінуўшчыны, пункт адліку і ўзор для зверкі бярэцца вельмі строга — гэта час ранняга існавання Вялікага Княства Літоўскага з яго пасіянарнасцю балцкамоўных князёў. Гэта нават не Вітаўт з яго здрадай у крыжакоў і караімскімі целаахоўнікамі і «манструозным» ВКЛ да Чорнага мора. У цяперашняй Літве містычны сніўца, засноўнік Вільні Гедымін шануецца больш за рэфарматара Вітаўта. Пасля раннелітоўскага перыяду ўжо спальшчалі і зрушчвалі. Вунь, Ажубаліс прыводзіць трапны прыклад: ідэолага адноўленага літоўскага дзяржаўніцтва Ёнаса Басанавічуса пісалі ў царскія часы як «Іван Юр'евіч Басановіч».
То бок, літоўскі дыскурс — ён з неахвотай узіраецца ва ўсё тое, што эвалюцыянавала пазней. Гэтая ж пазіцыя, дарэчы, уласцівая яшчэ мацней і латышам. Тыя дык агулам 800 гадоў нямецкага панавання проста цвёрда выдзерлі са сваёй мінуўшчыны, закрылі вочы на часы знявагі. Таму і так апантана цешацца сваімі купальскімі Яновымі днямі і песнямі-дайнамі, якія — па-за часам і па-за гісторыяй. Таму і на расійскамоўных так ашчэрана пазіраюць (быў, гутарыў, ведаю).
А беларусы пазіраюць на ўсё інакш. Беларусы — самі ўзорны прадукт эвалюцыі, прынамсі, у моўным сэнсе дык дакладна. Калі з «пурысцкага», неміграцыянісцкага гледзішча казаць, дык на балцкія гаворкі насунуліся «рускія», тады пад уплывам балцкіх асаблівасцяў узнікла цяперашняя беларуская мова, яшчэ пазней запанавала расійская мова, якая з тых жа «рускіх» гаворак колісь вытварылася на сваіх постфінскіх абшарах. І «рускія» гаворкі пашыраліся як дражджавое цеста, і расійская мова таксама, і ўсё сюды. І ўсё эксперымент з намі.
Для літоўцаў «Костас Калінаўскас» — гэта не пра тое, як той Каліноўскі сябе рэальна называў. Гэта пра тое, як ён меў бы сябе называць, калі б не ўсё-ўсё тое, што надышло потым, следам за залатымі часамі балцкіх князёў. Разумееце? Называў бы, рабіў бы, жыў бы. А вы ім пра «рэаліі», пра карысць ад пабудаваных саветамі заводаў.
Гэты момант намі не разумеецца ні пра літоўцаў, ні пра латышоў. А варта яго разумець. Ад разумення да паразумення — усё ж бліжэй.
Каментары