Вядомыя музыкі распавядаюць, чаму выступаюць за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі. Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання беларускія музыкі распавялі, чаму выступаюць супраць такой меры ў нашай краіне. Беларусь, як вядома, дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Але не толькі гэта ўплывае на пазіцыю творцаў.
«Хоць пакаранне і павінна быць незваротным, сувымерным здзейсненаму злачынству і справядлівым, смяротнае пакаранне не найлепшы спосаб, — мяркуе Зміцер Халяўкін з папулярнага гурта Nizkiz. — Заўсёды ёсць рызыка памылкі, існуе мноства прыкладаў. Таксама патрэбныя людзі, якія будуць прыводзіць прысуды да выканання, а значыць, яны таксама будуць забойцамі. Смяротнае пакаранне — гэта забойства, толькі ўзаконенае. А жорсткасць заўсёды будзе спараджаць жорсткасць».
Гурт Nizkiz паўдзельнічае сёлета ў фестывалі «Рок за жыццё», што пройдзе ў мінскім клубе Re:Public 7 кастрычніка ўжо трэці год запар і збярэ вядомых музыкаў, якія выступаюць за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Сярод іх — і «Петля пристрастия».
«Я супраць смяротнага пакарання, таму што потым ужо нічога не выправіць», — лаканічна выказваецца фронтмен «Пятлі» Ілля Чарапко-Самахвалаў.
Падобную думку пра незваротнасць выказвае і Яўген Цярэнцьеў, вакаліст мінскага гурта Teleport, галоўных беларускіх дэбютантаў 2016 года і пераможцаў конкурсу фестывалю «Басовішча». «Караючы смерцю, ты сам нясеш смерць і становішся на адну прыступку з вінаватым. Гэта адыход ад узятых абавязкаў. Караючы смерцю, ты ніколі не можаш быць упэўнены, што не было памылкі, і што не ўсплывуць новыя факты».
Малады гурт SnopSnoŭ, які перамог у конкурснай частцы фестывалю «Басовішча-2018», прыцягнуўшы ўвагу публікі сваімі смелымі эксперыментамі і сучаснымі аранжыроўкамі, таксама вырашыў заявіць пра сваю пазіцыю: «Краіна, якая ў XXI стагоддзі хоча быць для сваіх жыхароў справядлівым арбітрам, не мае права апускацца да узроўню тых, хто, па яе меркаванні, заслугоўвае такога пакарання. Яна павінна быць вышэйшай за гэта, бо забойства — гэта забойства, і ніякімі вышэйшымі мэтамі яго немагчыма апраўдаць», — адзначае вакаліст SnopSnoŭ Сяргей Іваноў.
Яго думку развівае Яўген Змушка — лідар вядомага гурта «Мутнаевока», што браў удзел яшчэ ў першым фестывалі «Рок за жыццё». «Гэта няправільна — пазбаўляць чалавека жыцця, тым больш, што ў большасці краін свету такога няма. Смяротная кара — гэта злачынства супраць чалавека».
Нагадаем, штогадовы фестываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, адбудзецца сёлета ўжо ў трэці раз. У папярэднія гады ён таксама праходзіў ў клубе Re:Public, сваім удзелам ідэю адмены смяротнага пакарання падтрымалі «Дай Дарогу!», Akute, Re1ikt,:B:N: і іншыя гурты, а таксама тысячы іх прыхільнікаў. Сёлета ідэю ўвядзенне мараторыя на вышэйшую меру ў нашай краіне падтрымліваюць гурты Nizkiz, «Петля Пристрастия», «Мутнаевока», а таксама пераможцы конкурсу знакамітага фестывалю «Басовішча» двух апошніх гадоў, SnopSnou і Teleport. Яны сыграюць 7 кастрычніка у мінскім клубе Re:Public, пачатак у 17.30. Квіткі: 10-15 рублёў (набыць можна тут).
Даведка: Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек. Раней ідэю адмены смяротнага пакарання ў Беларусі ўжо падтрымлівалі вядомыя музыкі, сярод якіх Лявон Вольскі, Уладзімір Пугач, Юрый Стыльскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, адзін з лідараў гурта «Дзецюкі» Алесь Дзянісаў, Ганна Хітрык, Анастасія Шпакоўская і іншыя.
Каментары