Раман Наталкі Бабінай «Рыбін горад» перавыдадзены ў форме электроннай кнігі
У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла электроннае выданне рамана Наталкі Бабінай «Рыбін горад». Гэта ўжо трэцяе выданне на беларускай мове вядомага твору пісьменніцы. Упершыню ён выйшаў у серыі «Кнігарня Наша Ніва», выдадзенай у гонар 100-годдзя нашага выдання. Раман быў фіналістам прэстыжнай еўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus, а таксама перакладзены на польскую (Miasto ryb), украінскую (Рибгород), англійскую (Down Among the Fishes) мовы.
«Рыбін горад» — твор незвычайны і шматпланавы. Ён спалучае рысы вострапалітычнага, сацыяльнага, прыгодніцкага, гістарычнага і дэтэктыўнага раману. У мастацкай форме у ім паказаныя палітычныя рэаліі Беларусі, у прыватнасці — як тут зазвычай праходзяць выбары. Таксама некаторыя крытыкі лічаць раман Бабінай феміністычным, хаця сама аўтарка з такім вызначэннем катэгарычна не пагаджаецца.
Крытыкі і чытачы з розных краін увогуле многа пісалі пра «Рыбін горад». Вось некаторыя выказванні:
«Мне б хацелася, каб калі-небудзь раман патрапіў ў школьныя праграмы», — Анатоль Івашчанка, Беларусь.
«Ай, што казаць, добрая кніга. Дай, Наталка, пацалую!» — Krysty-Krysty (Крысціна Курчанкова), сайт LiveLib.
«Гэта кніга не пра Лукашэнку» — рэкламны лозунг, пад якім кніга прадавалася ў Польшчы.
«Спойлерыць не буду, але тут ёсць чаму здзівіцца: як можна ў адносна невялікую па аб'ёме кнігу змясціць стооооооооооооолькі — і дэтэктыўную гісторыю з купляй-продажам зямлі, і прэзідэнцкія выбары (у Беларусі — а гэта само па сабе дэтэктыў!), і пошукі скарбу, і гісторыю сямейных адносін, і фантазійна-фантастычныя перамяшчэнні галоўнай гераіні праз норы ў часе ў далёкае мінулае, да продкаў, а таксама міні-версію сюжэту пра сусветны патоп…» — Лілія Лаўрыновіч, Луцк, Украіна.
«Гэты яркі раман раскрывае прывабнасць Беларусі, але таксама паказвае, у якіх нечалавечых умовах жывуць там многія людзі», — прафесар Арнольд МакМілан, Вялікабрытанія.
«У чым Бабіна дасягнула поспеху, дык гэта ў тым, каб моцна трымаць увагу чытача. Бязмерная хітрасць аўтаркі вельмі добра спраўляецца з гэтым заданнем да апошняй, 350-й, старонкі. Краіна, якая крыецца паміж Расіяй, Польшчай і Украінай, адчувае уплыў суседзяў. (…) І ў гэтым Вавілоне пытанне мовы становіцца пытаннем этыкі ды этыкету», — Брэдлі Горскі, ЗША, Каліфарнійскі ўніверсітэт.
«Ці варта чытаць «Рыбін горад»? Не варта. ТРЭБА!» — Магда Шчэпаняк, Польшча.
Прачытаць пачатак рамана ды набыць кнігу можна тут.
Зараз Наталка Бабіна працуе над працягам «Рыбінага гораду». «У галаве ёсць ужо ўсё, набрана на кампе — палавіна», — кажа пісьменніца.
У выдавецтве «Янушкевіч» рыхтуецца да публікацыі таксама перавыданне зборніка апавяданняў Наталкі Бабінай «Крыві не павідна быць відна».
Каментары