Здароўе88

У Старобіне ноччу мужчына сам прыняў роды ў жонкі, слухаючы дыспетчара хуткай — ЗАПІС размовы

Святлана Пашкоўская (справа) — дыспетчар, якая да прыезду хуткай па тэлефоне інструктавала жыхара Старобіна, як прыняць роды ў жонкі. Яна супакойвала мужчыну і казала яму, што рабіць. Дзякуючы ёй мужчына справіўся з гэтай нялёгкай задачай. Фота прадстаўлена Салігорскай станцыяй хуткай медыцынскай дапамогі.

У распараджэнне слуцкага партала «Інфа-Кур'ер» трапіў аўдыязапіс размовы, як дыспетчар дапамагала мужчыну па тэлефоне прымаць роды ў сваёй жонкі.

Нагадаем, што жыхар пасёлка Старобін прыняў роды ў жонкі, кансультуючыся па тэлефоне са Святланай Пашкоўскай, дыспетчарам службы 103.

Гэта адбылося ў ноч на 6 сакавіка.

У 30-гадовай парадзіхі, якая чакала трэцяе дзіця, каля дванаццаці гадзін ночы нечакана адышлі воды.

На жаль, якасць запісу невысокая. Прыносім свае прабачэнні. Пры мантажы аўдыяфайла мы прыбралі моманты, на якіх практычна нічога не чуваць. Уся размова доўжылася амаль 8 хвілін. Жанчына нарадзіла, дзіця пачало крычаць, і да гэтага моманту хуткая якраз прыехала. Такім чынам, з Салігорска да Старобіна медыкі даехалі менш чым за восем хвілін.

Запіс публікуецца са скарачэннямі, таму што ў некаторых эпізодах складана разабраць голас. На запісе чуваць толькі тое, што кажа дыспетчар Святлана Пашкоўская.

«Давядзецца табе, напэўна, роды прымаць. Не жартуйце. Мяне слухай.

Кладзі на ложак, кладзі на ложак. Што, яна на падлозе? На падлозе давай. Расцілай прасціну якую на падлозе. Расцілай прасціну на падлозе, хоць што кінь на падлогу, каб чыстае. Хутчэй з шафы што кідай, яе пакладзі. Кладзі яе. Усё ціха, спакойна. Слухай мяне.

Легла? Легла. Так, усё. Хай ляжыць ціхенька. Хай дыхае так, дыхае. Дзіцяці патрэбен кісларод. Хай дыхае. Хай адкрывае рот і дыхае. А ты сам супакойся! Чаму? Таму што калі ты неспакойны, і яна будзе неспакойная. Усё будзе добра. Ціха, спакойна. Ляжыць? Усё. Спакойна, сам супакойся! Супакоіўся? Малайчына! Ціха, спакойна.

Калі раптам роды пачнуцца, ты павінен падставіць рукі, каб табе дзіця выпала менавіта ў рукі. Разумееш? Яно ўсё само, усё момантам. Гэта ж трэція роды. Я разумею цябе. Трэція роды, разумееш, гэта хутка ўсё. Галоўнае, рукі падстаў, шырока рукі, каб дзіця выпала.

Хто ў штанах ляжыць? А ў штанах у сэнсе ты яе апрануў усю. Распрайнай тады, здымай штаны.

Ты не чапай жонку, хай жонка ляжыць на падлозе. Як ляжыць — так хай ляжыць. Усё, ты проста вазьмі і паволі распрані, каб дзіця выпала да цябе ў рукі, а нікуды аб падлогу ці яшчэ куды. Ты разумееш? Яно само. Само дзіця, ты ўбачыш галаву. Я не жартую.

Ну давай. Я не буду выключацца. Добра?..

…Так, дарагі. Так-так, рукі, рукі, падстаў. Не бойся нічога, дзіця табе ўпадзе ў рукі. Не бойся, усё будзе добра. Дзіця будзе добрым. Проста падстаў рукі. Нічога не трэба рабіць. Яно сама табе ў рукі выпадзе, разумееш. Не бойся. Галоўка з'яўляецца? Усё добра. Ногі хай добра расставіць. Усё, малайчына. Добра расставіць ногі. Падстаў рукі, дзве рукі разам, падстаў, каб дзіця… Яно маленькае, добранькае. Страху ніякага няма.

Скажы, на шыйцы нічога няма? Пупавіны няма? Абвівання няма? Яшчэ не бачна? Толькі з'явілася галава? Нічога не рабі. Проста рукі трымай. Так, рукі, яна няхай дыхае, тужыцца. Яна ўмее тужыцца. Так, так. Я тут, я з табой, не бойся. Толькі падстаў рукі. Лезе? Лезе, добра, паволі. Вось малайчына. О, наш чалавек. Паціху-паціху, яно хутчэй.

Не бойся, не бойся, не бойся, не бойся. Галоўнае, не бойся, не бойся, не бойся. А нікога дома няма падаць пялёнкі? Нікога? Ну нічога. Не бойся, не бойся. Паволі. Усё будзе добра. Трымай, галоўнае, дзіця.

А пупавіну не чапай, таму што пупавіна ў маме. Гэта мы аддзелім. Прыедзе цяпер хуткая, аддзеліць пупавіну. Чыстая шыйка. Ну што? Трымай, трымай. Усё, закрычаў. Хай крычыць, не супакойвай, хай крычыць. Дай пакрычаць добра. Усё, няхай крычыць, дай крычаць, трымай пакуль на руках, трымай на сваіх руках. Трымай, трымай, трымай, трымай, трымай.

Цяпер трэба будзе неяк узяць дзесьці пялёначкі і на нешта пакласці дзіця. На мяккае. Не бойся, усё будзе добра. Давай, давай, малайчына. Выдатна».

Як распавяла «Кур'еру» Святлана Пашкоўская, у момант размовы з мужчынам яна лічыла, што знаходзіцца побач з ім.

«Дзесьці ўнутры, вядома, было страшна. Але я прамаўляла спакойна, без дрыжыкаў у голасе, усё-ткі столькі гадоў у прафесіі (з 1984 года — заўвага рэд.). Калі б перажывала я, то хваляванне перадалося б і мужчыну. Я была з ім на сувязі да прыезду медыкаў, яны прыехалі хутка», — распавядае дыспетчар.

Па словах Святланы, жыхар Старобіна і яго жонка — вялікія малайцы. Ён слухаў яе падказкі і рабіў усё, як яна казала.

«Адзін раз быў падобны выклік. Як толькі я сказала: «Так, мужчына, рассуньце жанчыне ногі», кінулі слухаўку. Больш я яго не чула», — успамінае дыспетчар службы «103».

Калегі пахвалілі Святлану за прафесіяналізм.

Як кажа Аляксей Герадот, загадчык Салігорскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, Святлана Пашкоўская — выдатны дыспетчар, прафесіянал сваёй справы. Яна працуе на хуткай у Салігорску ўжо 26 гадоў.

«У нашай практыцы гэты выпадак здарыўся ўпершыню. Яго вынік залежаў як ад дыспетчара, так і ад мужчыны. Па-першае, роды — сама па сабе стрэсавая сітуацыя, па-другое, мужчына, па-трэцяе, жонка. Як правіла, у такіх выпадках чалавек упадае ў істэрыку. Не ўсе гатовыя ў экстранных выпадках слухаць рэкамендацыі дыспетчара», — распавядае Аляксей Герадот.

Паводле яго слоў, у Літве ёсць практыка: калі экстраны выклік, то дыспетчар размаўляе з тым, хто набраў, да прыезду доктара. У Беларусі «такой строгай» інструкцыі няма, але Аляксей Герадот рэкамендуе сваім работнікам так рабіць. І як паказвае гэты выпадак, яны выконваюць яго рэкамендацыі.

Медыкі хуткай 5—6 раз на год прымаюць роды дома і ў службовай машыне.

Каментары8

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь2

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Катэдж у Мінску з саўнай і басейнам прадаюць амаль за 400 тысяч даляраў5

Мінадукацыі зацвердзіла 10 «запаветаў» для школьнікаў і бацькоў10

Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі20

Ціханоўская не будзе заклікаць беларусаў ісці на выбары і пратэставаць65

Міністр сувязі: 5G — гэта ўсяго толькі тэхналогія. Карыстальніку ўсё роўна, 5G, 6 або 47

Перад выбарамі ў Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе

Паглядзіце, якая незвычайная птушка заляцела ў Беларусь1

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь2

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →