Хоць да канца снежня яшчэ застаецца крыху часу, аглядальнікі поп-культуры ўжо пачалі ствараць агляды добрага і благога, што было створана заходнім кінематографам сёлета. Часопіс «Rolling Stone» вырашыў заняцца кінапаразамі — не абавязкова ў фінансавым вымярэнні, але як мінімум з пункту гледжання кінакрытыкаў.
На дзясятым месцы — «The Emoji Movie», гісторыя надуманага ўзаемадзеяння іконак эмоцый, што жывуць унутры смартфона, літаральна разгромленая крытыкамі. Звычайныя ж гледачы не падзялілі іхнага скептыцызму — і фільм за некалькі месяцаў назбіраў у свеце ўжо $216 мільёнаў пры бюджэце $50 млн.
На дзявятым — «Suburbicon». Паводле крытыкаў, фільму не дапамог ані сцэнар братоў Коэнаў, ані рэжысура Джорджа Клуні. Яны назвалі стужку «расчараваннем года». Сатыра на «амерыканскую мару» канца пяцідзесятых сабрала ў пракаце толькі пятую частку з выдаткаваных на яе стварэнне $25 млн.
Восьмае месца заняла стужка «Daddy's Home 2», якую крытыкі назвалі «як не трэба здымаць камедыі пра Новы год». Аднак гледачы дапамаглі стваральнікам адбіць бюджэт са стопрацэнтным бонусам — у свеце фільм зарабіў ужо $118 млн.
Сёмы радок займае «спроба ўвайсці другі раз у раку «Пятага элементу» моцна разбаўленага «Аватарам» — трэш-фантастыка «Valerian and the City of a Thousand Planets». «Калі б не Ріанна, было б цяжка прадрацца праз гэтыя 137 хвілін сумнага тумана» — напісалі крытыкі — і зноў засталіся ў меншасці: гіганцкі бюджэт у $177 млн фільму Люка Бессона ужо вярнуўся ў пракаце з горкаю ў паўсотні мільёнаў.
«The Mountain Between Us» з шостага месца назвалі «найбольш дэпрэсіўным, бляклым фільмам пра каханне з нулявой хіміяй». Тым не менш — «народу падабаецца», фільм акупіў свой немалы бюджэт у $35 мільёнаў. Можа праз музыку Раміна Джавадзі — кампазітара серыялу «Гульня тронаў»?
Ацэнка крытыкамі сіквэла «The Mummy» з пятай пазіцыі пачынаецца са словаў «што робіць Том Круз, каб хутчэй знішчыць сваю кар'еру». Але гэты спосаб знішчэння працуе — нягледзячы на тое, што працягаў «мумійнай» серыі стваральнікі больш абяцалі не здымаць, фільм зарабіў гіганцкія $409 мільёнаў.
А вось фільм з чацвертага месца стаў рэальнай фінансавай катастрофай — нягледзячы на прысутнасць у ім Наталі Портман і Майкла Фасбендэра, «Song to Song» Тэрэнса Маліка ледзь перасягнуў мільён у пракаце па ўсім свеце. Штосьці ў вядомага рэжысёра пайшло не так — кіно не спадабалася ані крытыкам, ані нават гледачам.
Перад намі тройка «антыпрызёраў» сёлетняга кіна паводле меркаванняў крытыкаў часопісу «Rolling Stone», а на бронзавай пазіцыі антып'едэсталу — »Fifty Shades Darker». Першую частку гэтага фільму ў Велікабрытаніі нядаўна прызналі найбольш панылым фільмам усіх часоў. А наконт працягу крытыкі напісалі»: «як можна было зрабіць такое сумнае відовішча з экстатычных рухаў прыгожых целаў?» І дадалі напрыканцы: «Кніжка Э.Л. Джэймса была лепшай». На заробках фільму гэтыя словы не адбіліся аніяк: $388 млн.
Другі радок антыфільмаў паводле крытыкаў займае «The Dark Tower». Найбольшая прэтэнзія да стваральнікаў сцэнара — з арыгінальнага Стывена Кінга ў фільме не засталося амаль нічога. Стужку назвалі падручнікам таго, як не трэба экранізаваць літаратурныя творы. Але гэта не перашкодзіла фільму зарабіць $111 мільёнаў.
Гучаць фанфары з моцна металічнымі ноткамі — на першым месцы антырэйтынгу за 2017 год «Transformers: The Last Knight». Крытыкі заклікаюць усю публіку, у якой яшчэ засталіся мазгі пасля прагляду мінулых серый калатушачнай сагі, пайсці шляхам Марка Ўолберга, які абяцаў публічна, што болей ніколі не здымецца ў аніводным з сіквэлаў, прыквелаў ці спін-офаў кансервавай франшызы. Публіка ягонай клятвы не пачула: фільм у пракаце зарабіў ужо тры свае бюджэты: $605 млн.
Каментары