Амерыканскія ваенныя працягваюць працаваць над некалькімі праектамі, якія тычацца лазернай зброі. Перспектыўная тэхналогія ўсё яшчэ мае істотныя недахопы, але нядаўна ў штаце Нью-Мексіка на палігоне White Sands амерыканскія ваенныя паспрабавалі высветліць, наколькі лазерная зброя можа быць эфектыўнай у барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі.
На палігоне тэсціравалі лазерную ўстаноўку ATHENA (Advanced Test High Energy Asset) на 30 кілават. Яе абсталявалі спецыяльнай сістэмай навядзення на цель. Падчас выпрабаванняў яна змагла збіць пяць беспілотных лятальных апаратаў проста ў палёце. Новы оптавалаконны лазер даказаў сваю эфектыўнасць у палявых умовах, дабіўшыся страты арыентацыі і паломкі дронаў.
Прадстаўнікі кампаніі Lockheed Martin, якія прафінансавалі распрацоўку, адзначылі, што выпрабаванні прайшлі паводле іх разлікаў і чаканняў. Раней ўстаноўку тэставалі на нерухомых мішэнях — тады яна таксама паказала добрыя вынікі.
Каментары