Ілан Маск апублікаваў план асваення Марса: «На Зямлі чалавецтву немінуча пагражае выміранне»
Кіраўнік SpaceX Ілан Маск лічыць, што людзям рана ці позна ўсё адно давядзецца перасяляцца на іншую планету, бо на Зямлі чалавецтву немінуча пагражае выміранне, таму да выхаду ў космас і жыцця на Марсе варта падрыхтавацца загадзя.
У сваім артыкуле Маск паведаміў, што SpaceX плануе адправіць на Марс карабель Dragon 2 ужо праз два гады. У 2020 годзе, акурат калі ў Мінску адкрыюць чатыры станцыі трэцяй лініі метро, да Марса стартуе яшчэ адна місія, а яшчэ праз некалькі гадоў адбудзецца першы пілатаваны палёт.
Да перасялення на Марс трэба вырашыць яшчэ шмат пытанняў. Зараз, напрыклад, варта падумаць аб зніжэнні цаны касмічных палётаў да 200 тысяч даляраў — гэта дазволіць зрабіць іх больш даступнымі для людзей. Па словах кіраўніка Space X, кампанія ўжо працуе ў гэтым напрамку, вывучаючы магчымасці для стварэння шматразовага практычнага транспарту для касмічных палётаў.
Акрамя праблемы з транспартам, спатрэбіцца вырашыць яшчэ шмат пытанняў, звязаных з доўгім знаходжаннем чалавека ў космасе. Напрыклад, пакуль незразумела, як паменшыць негатыўнае ўздзеянне касмічнага выпраменьвання на чалавека.
Значная частка артыкула таксама прысвечаная апісанню тэхнічных характарыстык шатлаў для палётаў на Марс і іншага касмічнага абсталявання.
Каментары