Forbes апублікаваў рэйтынг самых высокааплатных знакамітасцяў: вынікі досыць нечаканыя
Forbes апублікаваў штогадовы рэйтынг самых высокааплатных зорак шоу-бізнэсу і спорту. У 2017 годзе спіс узначаліў рэпер Шон Комбс (Diddy).
Diddy зарабіў 130 мільёнаў даляраў, з якіх 70 мільёнаў яму прынесла лінія адзення Sean John. Таксама шматмільённыя прыбыткі яму прынеслі рэкламны кантракт з вытворцам гарэлкі і канцэртны тур.
Другое месца ў рэйтынгу заняла Беёнсэ з гадавым прыбыткам у 105 мільёнаў даляраў, які ёй прынеслі канцэртны тур і альбом Lemonade.
На трэцім радку ў спісе самых самых высокааплатных знакамітасцяў размясцілася аўтар кніг пра Гары Потэра Джоан Роўлінг з 95 мільёнамі даляраў. У пяцёрку таксама ўвайшлі рэпер Дрэйк (94 мільёна даляраў) і футбаліст Крышціяну Раналду (93 мільёны даляраў).
Найбольшае падзенне даходаў у параўнанні з леташнім рэйтынгам адбылося, па дадзеных Forbes, у спявачкі Тэйлар Свіфт. У рэйтынгу 2016 года Свіфт з прыбыткам у 170 мільёнаў даляраў займала першае месца, а ў новым спісе апынулася на 49 месцы, зарабіўшы 44 мільёны даляраў. Складальнікі рэйтынгу тлумачаць падзенне даходаў спявачкі тым, што за справаздачны перыяд у яе не было гастрольнага тура.
Пры складанні рэйтынгу самых высокааплатных знакамітасцяў у спорце і шоу-бізнэсе ўлічваліся даходы, атрыманыя з чэрвеня 2016 года па чэрвень 2017 года.
Каментары