Зміцер Дашкевіч пра затрыманне: «Калі я пачаў маліцца, тыцкалі дубінкай у зубы»
Зміцер Дашкевіч, затрыманы ўдзень 7 лістапада падчас адкрыцця новага помніка Леніну ў Мінску, выйшаў на волю каля 18-й гадзіны. Паводле словаў лідара «Маладога Фронта», на яго склалі тры пратаколы: за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», за «хуліганства» і за «непадпарадкаванне міліцыі».
«Я не помню, каб раней так брутальна затрымлівалі, У міліцэйскім аўтобусе мяне збівалі.
- Ты ведаеш, хто такі Ленін? — гаркнуў амапавец, стоячы нада мною.
— Гэта Сатана, — адказаў я з падлогі, — а вы, абаронцы ягоныя, дзеці Сатаны.
Гэта раз'юшыла і без таго раз'юшаных ліхадзеяў. Адзін зняў падгалоўнік з крэсла і пачаў малаціць мяне ім па галаве. Я падняў рукі і абараняўся, тады іншы учапіўся за мае рукі і разняў іх — каб я не мог прыкрываць галаву. Я пачаў маліцца. «Ісус Хрыстос бароніць мяне, а вы, дзеці Сатаны, сваё атрымаеце». Пасля такога беснаватым сталася зусім кепска і тады адзін засунуў мне пальцы ў ноздры і задраў галаву, а другі тыкаў дубінкай у зубы і галасіў: «Смакчы, падла, смакчы!» Супакойвацца пачалі толькі тады, як расквасілі дубінкай мне вусны і пусцілі кроў. Відаць, сакральнае кровапраліцьцё ніхто ў іх не адмяняў.
Можна было б наракаць, гляньце, маўляў, што робяць з іншадумцамі. Але, з іншага боку, мы бачым, што робяць «са звычайнымі» людзьмі — спраўляюць жывёльную патрэбу прама на галовы затрыманых. Дык мне можна яшчэ быць удзячным, што на мяне не памачыліся пасля ўсяго?
Усе гэтыя іх дзеянні я зафіксаваў у пратаколах. Думаю, буду падаваць скаргі», — сказаў Дашкевіч.
Каментары