Барак Абама падтрымаў Хілары Клінтан у барацьбе за пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў. «Я з ёй, я натхнёны і мне не церпіцца пачаць перадвыбарчую кампанію разам з Хілары», — гаворыцца ў распаўсюджаным у чацвер відэазвароце амерыканскага лідара.
«Дзясяткі мільёнаў амерыканцаў ужо падалі свае галасы. Сёння я хачу дадаць мой голас», — сказаў Абама.
«Для мяне — радасць і гонар, што мы з прэзідэнтам Абамам пасля многіх гадоў лютай канкурэнцыі сталі сапраўднымі сябрамі», — адказала на гэта Клінтан.
Па выніках праведзеных у аўторак дэмакратычных праймерыз у Нью-Джэрсі Хілары Клінтан набрала дастатковую колькасць галасоў дэлегатаў партыйнага з'езда, каб стаць першай у гісторыі жанчынай, намінаванай адной з асноўных партый на пост прэзідэнта ЗША.
Яе галоўны супернік сенатар Берні Сандэрс страціў нават тэарэтычныя шанцы дагнаць Хілары Клінтан па колькасці галасоў дэлегатаў. У сераду Абама выказаў надзею на тое, што Сандэрс у бліжэйшы час прызнае паразу, што дазволіць аднавіць адзінства ў шэрагах Дэмакратычнай партыі.
Каментары