Ці павінна Вялікабрытанія заставацца членам Еўрапейскага Саюза — пытанне, якое павінны вырашыць для сябе брытанскія выбаршчыкі, аднак сяброўства Вялікабрытаніі ў ЕС забяспечвае ёй важкую пазіцыю на сусветнай арэне, заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама ў артыкуле, апублікаваным Daily Telegraph. Артыкул выйшаў напярэдадні візіту Абамы ў Вялікабрытанію.
На яго думку, ЕС не стрымлівае брытанскі ўплыў, а, наадварот, павялічвае яго. «Моцная Еўропа не з'яўляецца пагрозай для глабальнага лідарства Вялікабрытаніі — яна яго ўзмацняе. ЗША бачаць, як ваш магутны голас у Еўропе забяспечвае ёй моцную пазіцыю ў свеце і захоўвае ЕС адкрытым і цесна звязаным са сваімі саюзнікамі па іншы бок Атлантыкі», — напісаў Абама.
Ён падкрэсліў, што выклікі, з якімі цяпер сутыкаецца Еўрасаюз — праблемы міграцыі, эканамічная няроўнасць, пагроза тэрарызму і змяненне клімату, — гэта выклікі і для ЗША, і для іншых нацый. І супрацоўніцтва краін па вырашэнні гэтых праблем будзе значна больш эфектыўным, калі яно распаўсюдзіцца па ўсёй Еўропе.
«Цяпер настаў час сябрам і саюзнікам трымацца разам», — заклікаў Абама.
Таксама прэзідэнт падкрэсліў, што, працуючы разам, ЗША, Вялікабрытанія і Еўрасаюз дамагліся таго, што «стагоддзі вайны ў Еўропе завяршыліся дзесяцігоддзямі міру».
Пра тое, што ў красавіку Абама адправіцца ў Лондан, каб пераканаць брытанцаў галасаваць за тое, каб Вялікабрытанія працягнула заставацца сябрам Еўрасаюза, пісала газета The Independent у пачатку сакавіка. Рэферэндум аб членстве Брытаніі ў ЕС запланаваны на 23 чэрвеня 2016 года.
У пятніцу, 22 красавіка, Абама сустрэнецца ў Лондане з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам.
У лютым 2016 года дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заклікаў Вялікабрытанію не пакідаць Еўрасаюз. «Злучаныя Штаты глыбока зацікаўлены ў вашым поспеху, у тым, каб моцная Вялікабрытанія засталася ў складзе моцнага Еўразвяза», — заявіў ён.
Каментары