Цэнтральны офіс Coca-Cola патлумачыў з'яўленне ў сацыяльных сетках кампаніі карты Расіі з тэрыторыяй Крыма, паведамляе ўкраінскі тэлеканал ТСН.
Па іх словах, маскоўскае рэкламнае агенцтва ўнесла гэтыя змены без іх ведама і ўзгаднення.
«Каманда расійскай Coca-Cola выкарыстоўвала стылізаваную карту Расеі як частку каляднай кампаніі. Агенцтва, якое распрацоўвала карту, пазней унесла змены без нашага ведама і ўзгаднення», — гаворыцца ў атрыманым тэлеканалам адказе ад кампаніі.
У Coca-Cola таксама падкрэслілі, што не абараняюць якіх-небудзь палітычных пазіцый. Кампанія выбачылася за супярэчлівы пост, які быў выдалены з іх акаўнта.
Першапачаткова кампанія Coca-Cola на сваёй афіцыйнай старонцы Укантакце папрасіла прабачэння за публікацыю карты Расіі, на якой адсутнічалі Крым, Калінінградская вобласць і Курыльскія выспы. Пасля перапублікацыі малюнка ўкраінскія карыстальнікі былі незадаволеныя публікацыяй карты Расіі, з уключанай у яе тэрыторыяй Крыма.
Каментары