«Перамога» ёсць апошнім аналагавым кінатэатрам сталіцы.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2015_06/content_kinoteatr-pobeda1-sahbu.jpg.webp)
Мінскі кінатэатр «Перамога» закрыецца на рэканструкцыю з 8 чэрвеня па 1 кастрычніка, паведамляе «Мінск-Навіны».
«Перамога» засталася апошнім кінатэатрам у Мінску без лічбавага абсталявання. А кіно на стужцы ўжо амаль не выпускаецца.
Як распавёў гендырэктар «Кінавідэапракату», рашэнне абумоўленае эканамічнай мэтазгоднасцю: апошнюю «нялічбавую» залу аддалі пад праграмы аўтарскага кіно, а такія фільмы мала глядзяць летам, у сезон адпачынкаў. А каб перавесці «Перамогу» на лічбавае абсталяванне, патрэбная найперш рэстаўрацыя і рэканструкцыя.
У сувязі з тым, што будынак ёсць помнікам архітэктуры, праект поўнай рэканструкцыі ўнесены ў інвестыцыйную праграму горада — самастойна «Кінавідэапракат» не зможа выканаць падобныя работы. Падчас сёлетняй рэстаўрацыі будуць праведзеныя абследаванні, што пакажуць, колькі «Перамога» яшчэ «пражыве» без поўнай рэканструкцыі.
***
Кінатэатр «Перамога» ёсць найстарэйшым з дзейных кінатэатраў Мінска. Ён адкрыўся ў 1950 годзе, сёння будынак унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Мінскія кінатэатры пачалі пераходзіць на лічбавы фармат у 2009 годзе. Першым лічбавым стаў «Кіеў».
Каментары