Лёду на Марсе хапіла бы, каб пакрыць планету акіянам метровай глыбіні.
Навукоўцы Капенгагенскага ўніверсітэта, Данія, прааналізавалі інфармацыю з зонда MRO і прыйшлі да высновы: пад пылам у сярэдніх шыротах Марса хаваюцца масіўныя ледавікі. Свае даследаванні яны апублікавалі ў часопісе Geophysical Research Letters.
Пад пылам навукоўцы ў 2006 годзе пабачылі сляды ледавікоў, але спрачаліся аб іх складзе: ці гэта вада, ці CO2, ці проста застылая гразь. Здымкі радараў SHARAD апарата MRO вырашылі спрэчку на карысць вады.
Ледавікі размяшчаюцца вялікімі групамі на шыротах 20-50 градусаў у абодвух паўшар’ях Марса. Дацкія навукоўцы разлічылі з дапамогай камп’ютарнага мадэлявання шчыльнасць ледавікоў — вынік быў падобным да менавіта водных ледавікоў.
Па разліках навукоўцаў, ледавікі ўтрымліваюць 150 млрд кубаметраў лёду альбо 155 трлн тон вады. Калі яго роўным пластом раскласці па планеце, таўшчыня складзе 1,1 м.
Мяркуецца, што значная частка (каля 87%) вады выпарылася з Марса, калі той згубіў атмасферу мільярды год таму. Некалі акіян пакрываў 20% паверхні чырвонай планеты, а марсіянскія азёры з’яўляліся і знікалі прынамсі двойчы. Пыл, магчыма, выканаў ролю «абаронцы» марсіянскай вады, не даўшы лёду выпарыцца з планеты праз нізкі ціск.
Лёд пад марсіянскім пылам можа быць скарыстаны будучымі марсіянскімі каланістамі. У ім наведнікі Марса, магчыма, паспрабуюць адшукаць і сляды жыцця.
Чытайце таксама: У ЗША выпрабавалі звышцяжкую ракету для палётаў на Марс
Каментары