Мабільны аператар velcom пачаў аказваць паслугі фіксаванага інтэрнэту на базе ўласнай разгалінаванай оптавалаконнай сеткі перадачы даных і падключыў першых кліентаў сярод юрыдычных асоб.
Пра гэта паведамілі ў групе карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom.
Перадача даных па сетцы фіксаванай сувязі velcom даступная юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. Паводле звестак аператара, найперш пакрыццё ахоплівае бізнес-цэнтры і гандлёвыя цэнтры Мінска. Разам з тым пры неабходнасці для кліента можа быць арганізавана індывідуальная лінія сувязі ў любым пункце Беларусі.
Ва ўсіх карыстальнікаў фіксаванага інтэрнэту ад velcom будзе магчымасць пакарыстацца безлімітным інтэрнэтам. Хуткасць доступу ў інтэрнэт або злучэнні «кропка-кропка» будзе складаць да 150 Мбіт/с. «Вялікія рэзервы прапускной здольнасці магістральнай сеткі velcom і яе архітэктура дазваляюць гарантаваць карыстальнікам стабільна высокую якасць сігналу і хуткасць перадачы даных», — падкрэсліваюць у прэс-службе аператара.
Выхад на рынак фіксаванага інтэрнэту velcom тлумачыць усё большым попытам на высакахуткасны правадны інтэрнэт.
За апошнія гады ў Беларусі істотна павысіліся як аб'ёмы трафіку, што перадаецца юрасобамі, так і патрабаванні да арганізацыі офісных сетак перадачы даных. Развіццё з боку velcom паслугі перадачы даных па фіксаванай сетцы сувязі дазволіць на больш высокім узроўні забяспечыць патрэбнасці як невялікіх кампаній, гэтак і буйных карпарацый з вялікай колькасцю размеркаваных офісаў», — зазначыў начальнік аддзела па развіцці фіксаванай сувязі кампаніі velcom Павел Ганчар.
Паслугі фіксаванага інтэрнэту velcom ужо аказваюцца дзясяткам кампаній у розных раёнах Мінска. Аператар мае намер прадоўжыць пашыраць пакрыццё фіксаванага інтэрнэту ў новых і дзеючых бізнес-цэнтрах, у тым ліку на аснове індывідуальных рашэнняў.
Каментары