Здарэнні1616

Уцякач падпаліў хату ўцекачу: гісторыя канфлікту Панамарова і Сурбы

13 верасня ў польскай вёсцы Брайнікі цалкам згарэў адзін катэдж, а другі быў пашкоджаны. Пра гэтае лакальнае здарэнне беларусы наўрад ці б даведаліся, калі б не адна акалічнасць: катэджы падпаліў грамадскі актывіст з Клецка і палітуцякач Сяргей Панамароў.

Ад Клецка да Брайнікаў

У Беларусі Панамароў быў вядомы як выдавец бюлетэня «Бойкі Клецк». Ён быў актывістам Руху «За свабоду», БНФ, АГП. Панамароў з'ехаў у Польшчу ў жніўні 2008 года. Сам ён сцвярджаў, што ўцёк праз пагрозу жыццю: нібыта знаёмы міліцыянт папярэдзіў, што з «Панамаровым загадана канчаць».

«Спачатку Сяргей здымаў пакой у невялікім горадзе Камароў пад Варшавай, працаваў на аднаго гаспадара. Той вельмі добра ставіўся да яго, забяспечваў працай нават узімку, калі жыццё ў польскай правінцыі замірае, бо ведаў, што Сяргею трэба плаціць 220 даляраў штомесяц за жыллё», — расказвае жонка Сяргея Панамарова Святлана, якая засталася ў Клецку.

Аднак гэтым летам Панамарову паступіла іншая прапанова ад старшыні праўлення фонду «Адкрытая Беларусь» Змітра Сурбы.

«Да Сяргея некалькі разоў прыязджаў Зміцер, прапаноўваў яму ехаць разам з ім на Мазурскія азёры. Гэтая вобласць лічыцца курортнай зонай, і Сурба казаў, што атрымаў вялікі крэдыт і хоча будаваць там домікі для адпачынку. Сяргей раіўся са мной, пытаўся, ці трэба ехаць. Я адгаворвала яго, бо знаёмыя людзі папярэджвалі пра сумнеўную рэпутацыю Сурбы. Аднак Сурба быў вельмі настойлівы», — працягвае Святлана.

Апошняя кропля

Панамароў вырашыў працаваць на Сурбу, аднак умовы ў вёсцы Брайнікі аказаліся далёкімі ад агавораных.

«30 ліпеня Сяргей размаўляў са мною праз скайп і сказаў, што пераязджае, таму, магчыма, доўгі час сувязі з ім не будзе. 17 жніўня ён патэлефанаваў, сказаў, што ў яго ўсё добра, уладкаваўся на новым месцы, аднак гучаў Сяргей не вельмі ўпэўнена і аптымістычна, таму я вырашыла яго наведаць.

Калі я прыехала, у мяне быў шок. Сяргея пасялілі ў дзіравым вагончыку. Да бліжэйшай крыніцы з вадою было 300 метраў, ежу даводзілася гатаваць на вогнішчы. З грашыма таксама была бяда. Сурба то зацягваў выплату заробка, то прывозіў меней за абяцанае. Таму Сяргей нават ежу ў краме браў на павер».

Святлана кажа, што бачыла Сурбу падчас візіту да мужа. «Ён нават не падышоў, не павітаўся!» — абураецца жанчына.

12 верасня Панамароў звязаўся са Святланай праз скайп. Ён расказаў, што Сурба прывёз яшчэ аднаго рабочага і мадэм, таму цяпер у яго будзе доступ у інтэрнэт.

«Мы паразмаўлялі, а на наступны дзень, а 4:30 раніцы, мне патэлефанаваў Сяргей. Расказаў, што зрабіў. Я нават не зразумела спачатку, крычала яму, каб хутка патушыў агонь. Але ён патлумачыў, што ўсё ўжо згарэла, і ён сядзіць і чакае паліцыю. Ён сказаў, што Сурба зняў для другога рабочага пакой у гатэлі, а яго пакінуў у вагончыку. Гэта стала апошняй кропляй», — кажа Святлана.

Паліцыя шкадавала, але арыштавала

Святлана кажа, што ў паліцыі да Сяргея паставіліся з паразуменнем. «Пракурор пытаўся ў яго, чаму не пайшоў да яго, маўляў, становішча было падобнае да рабства. Мне сказалі, вызвалілі б яго пад падпіску, калі б я зняла жытло. Але я пенсіянерка і не маю такіх сродкаў. Сурба мне казаў, што асабіста супраць Сяргея нічога не мае і нават не заяўляў на яго ў паліцыю — заяву падаў яго польскі партнёр».

Панамароў застанецца пад вартаю да 13 студзеня. Польскія СМІ паведамляюць, што памер шкоды складае 150 тысячаў злотых (48 тысяч даляраў ЗША). Паводле польскага крымінальнага кодэкса, за гэта Панамарова могуць пакараць зняволеннем да пяці гадоў. А калі ж абвінавачванне перакваліфікуюць у наўмысны падпал — да 10.

Таямнічыя героі

Пра Змітра Сурбу вядома няшмат. Ён з’яўляецца старшынёю праўлення польскага фонду «Адкрытая Беларусь», створанага ў 2010 у якасці «ініцыятывы, якая зыходзіць з неабходнасці садзейнічання дэмакратычным пераўтварэнням ва Усходняй Еўропе» і займаецца «маральнай і матэрыяльнай падтрымкай беларусаў у барацьбе за свабоду і вяршэнства права ў сваёй краіне».

На сайце фонду, які мае толькі польскамоўную версію, асноўнай задачай пазначаны распаўсюд інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі. Там жа паведамляецца, што Сурба быў членам АГП і за фінансаванне гарадзенскай апазіцыі ў 2006 быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, дзе ў 2010 атрымаў палітычны прытулак. Цяпер займаецца прыватным бізнэсам. Таксама Сурба аб’яўлены беларускімі ўладамі ў вышук па лініі Інтэрпала за «крадзеж, кантрабанду і злоснае хуліганства».

У біяграфіі Сяргея Панамарова таксама хапае цёмных момантаў. Ён нарадзіўся ў 1951 годзе ва Усходняй Сібіры. Панамароў расказваў, што яго дзедам быў крымскі татарын, які «падарваў сябе», а яго маці была вымушаная выракчыся бацькі і нацыянальнасці. Таксама вядома, што ён быў асуджаны за забойства. Сам Панамароў піша, што «ў бойцы забіў афіцэра» і для яго прасілі вышэйшую меру, аднак замянілі пакаранне на 10-гадовае зняволенне.

У Беларусь Панамароў пераехаў у 1989, і ўжо ў Клецку адкрыў прыватную майстэрню, якую ўлады забралі, калі жонка Панамарова Святлана балатавалася ў парламент у 2004.

Каментары16

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі2

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы ля крамы зрабілі прыгожую фотазону. Пасярод дня адтуль скралі вялікае медзведзяня10

Аўтобус Гомель — Уроцлаў з'ехаў у кювет у Польшчы

У Мінску сутыкнуліся пяць легкавікоў

Цяжкое выпрабаванне: у Паўднёвай Карэі здаюць экзамен, які доўжыцца 8 гадзін і цалкам вызначае будучыню4

«У хляве сляды ад лап, усё ў крыві». Зграя сабак парвала дарагіх авечак пад Слуцкам2

Даляр абнавіў абсалютны максімум3

Бацька Калеснікавай абмяркоўваў з ёй магчымы зварот да Лукашэнкі аб памілаванні9

Адзін з раёнаў Мінска застаўся без святла1

Жыхар Брэста прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Колькі ён заплаціў штрафаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі2

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →