Грамадства

«Як можна пісаць пра туфлі, калі жанчыны сядзяць у турмах?» Беларуска сышла з фэшн-індустрыі і запускае новае медыя — расказваем падрабязнасці

Настасся Карасёва яшчэ падчас навучання на журфаку БДУ прыйшла ў фэшн-журналістыку: працавала ў часопісе «ЭШ», апошнім часам з’яўлялася рэдактаркай Fashion Collection. «Але як можна пісаць пра туфлі, калі жанчыны сядзяць у турмах?» — задаецца пытаннем Настасся.

Так яна паспрабавала свае сілы ў іншых рэдакцыях, але цяпер вырашыла стварыць выданне для жанчын. Яе новы ўласны праект называецца «Супернова» і ставіць мэтай аб’яднаць беларусак, якіх раскідала па свеце.

Пагутарылі з Настассяй пра планы на новае медыя, сыход з моднай індустрыі, эміграцыю і адчуванне сябе беларускай упершыню за 28 гадоў.

Настасся Карасёва. Фота Веранікі Губкінай

«Я хацела проста пісаць, і каб мне пры гэтым ніхто не затыкаў рот»

«Наша Ніва»: Калі ты з’ехала з Беларусі і чаму?

Настасся Карасёва: У верасні 2020-га. За жнівень мне хапіла таго, што я ўбачыла і адчула. Я зразумела, што больш не магу жыць у Беларусі, як бы яе ні любіла.

Быў яшчэ і працоўны момант. Пасля першых дзён пратэстаў, калі ўжо з’явіўся інтэрнэт і я ўбачыла, што адбылося, колькі маіх знаёмых пацярпела, я зразумела, што не змагу працягваць пісаць пра туфлі і сукенкі, нібыта нічога не здарылася.

І я захацела зрабіць у часопісе фотапраект з дзяўчатамі, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў. Якія аказаліся першымі ахвярамі, затрыманымі і збітымі пасля выбараў.

Я знайшла некалькі гераінь. Мы спісваліся з імі ў сацсетках, адна з дзяўчын папярэдзіла, што яе могуць праслухоўваць і чытаць. А я на той момант нават не думала, што праз тое, што ты хочаш на такую тэму напісаць, могуць быць нейкія праблемы.

Па выніку сустрэцца з той гераіняй мы так і не паспелі (яна з’ехала з краіны), іншыя дзяўчыны пабаяліся расказваць пра перажытае — часопіс з фотапраектам так і не выйшаў. Ды і мне б усё роўна не дазволілі закранаць такую тэму.

«НН»: А што стала галоўным трыгерам, каб прыняць рашэнне з’ехаць?

НК: Галоўнае — тое, што я галасавала за Ціханоўскую, а калі ты за яе, ты супраць палітыкі партыі. Усе, хто супраць, — ворагі. А я не хачу каб да мяне так ставіліся, бо я не вораг сваёй краіны і свайго народа ні ў якім разе.

Першы час, як і многія, я разлічвала, што вельмі хутка вярнуся. Але, пажыўшы ў эміграцыі, пачала асэнсоўваць, што не вельмі хачу вяртацца туды, дзе не патрэбная.

Фота з асабістага архіва гераіні

«НН»: У цябе быў план, чым ты будзеш займацца за мяжой?

НК: Я хацела працягваць працаваць у журналістыцы, але не ведала, што з гэтага атрымаецца. Хацела проста пісаць, і каб мне пры гэтым ніхто не звязваў рукі і не затыкаў рот.

Журналісты, якія засталіся і застаюцца ў Беларусі і працягваюць пісаць праўду, нягледзячы ні на што, для мяне героі. Тое, што яны робяць у такіх умовах, вартае захаплення. 

«НН»: Таму ты прыйшла ў рэдакцыю тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілы?

НК: Такі раздзел у маім жыцці быў, ён у мінулым. 

Пазнака «экстрэміст», канечне, даўно стала знакам якасці. Тым не менш гэта не дае працаваць спакойна і быць у бяспецы, калі ты навідавоку.

«Мы жылі ў нейкай бурбалцы, і падавалася, што гэта жыццё»

«НН»: Наколькі ўвогуле складана пайсці зусім у новую тэму са сферы, дзе ты ўжо эксперт, маеш кола кантактаў?

НК: Многія мае знаёмыя былі ў шоку: пісалі, што я не на сваім месцы. Але, насамрэч, я цудоўна сябе адчуваю. 

Калі толькі паступала на журфак, мяне папярэджвалі: калі ласка, толькі не пішы пра палітыку, трымайся падалей ад гэтага ўсяго. І я тады думала: «А я і не збіраюся, я мару стаць фэшн-журналістам».

Але паступова мае каштоўнасці змяняліся. Літаральна пару гадоў таму я пачала задумвацца: окей, у модных часопісах мы нясём прыгажосць, але мы славім кансьюмерызм. Узнікла думка: «Можа, я працую на цёмным баку?» 

Мода, адзенне працягваюць цікавіць мяне і сёння, але ў куды меншым аб’ёме. Гэта не прыярытэт. І я не лічу, што гэта можа быць карысна людзям, калі ў краіне разгортваюцца такія падзеі.

Я абсалютна арганічная ў пераменах, мне не цяжка было перастроіцца. Так, да 2020 года я і маё атачэнне не цікавіліся палітыкай. Мы жылі ў нейкай бурбалцы, будавалі свой класны свет з прэзентацыямі і кавай у кавярнях. І падавалася, што гэта жыццё. Але гэта была яго ілюзія. Я радая, што гэтая бурбалка лопнула, і мы зразумелі: калі ты не цікавішся палітыкай, то яна пачне цікавіцца табой. Варта паглядзець на жаночыя пратэсты супраць забароны на аборты ў Польшчы. На іх прыкладзе відавочна, што палітыка можа залезці вам нават «туды». 

«НН»: Ты неяк агучвала, што 28 гадоў не адчувала сябе беларускай, што змянілася? І што для цябе значыць сёння быць беларускай?

НК: Раней складана было апісаць беларуса: які ён? Стэрэатыпы пра памяркоўнасць і іншае — бяссэнсіца. Калі пра нашых жанчын, то толькі, што яны прыгожыя. Складана ідэнтыфікаваць сябе з тымі, пра каго мала ведаеш.

А тут я даведалася. Я ўбачыла, наколькі беларускі смелыя, самаахвярныя. Гатовыя на ўсё дзеля сваіх перакананняў і прынцыпаў. Усе гераіні, з якімі мы пазнаёміліся (тая ж Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская), яны проста перакулілі мой свет. 

Для мяне беларускі нерэальна натхняльныя. Я ўпэўненая, што пра іх знімуць яшчэ не адзін фільм і напішуць не адну кнігу.

Фота з асабістага архіва гераіні

«Сваім праектам мы хочам абняць усіх жанчын у Беларусі»

«НН»: Навошта табе і беларускам асобнае жаночае медыя?

НК: Канкрэтна сёння ў Беларусі няма ніводнага паўнавартаснага, дзейснага, сучаснага медыя для жанчын. Мы хочам быць менавіта медыя — з прысутнасцю ва ўсіх сацыяльных сетках, з відэакантэнтам.

Сваім праектам мы хочам абняць усіх жанчын у Беларусі. Стварыць вялікае кам’юніці і паказаць, што ва ўсіх жанчын, няважна адкуль яны — з Мінска, Жабінкі ці Сан-Францыска, па сутнасці, аднолькавыя праблемы. Хочацца, каб у беларусак было месца, дзе яны могуць збірацца, абменьвацца меркаваннямі і досведам, падтрымліваць адна адну.

«НН»: Ты кажаш: «Мы хочам», у праекта ўжо ёсць каманда? 

НК: Насамрэч, каманды пакуль амаль няма, але я яе набіраю. Яна не будзе вялікай. Цяпер мы ў працэсе станаўлення і, спадзяюся, хутка будзем функцыянаваць як нармальная рэдакцыя здаровага чалавека. З заробкамі. Пакуль усё на паўваланцёрскіх пачатках, але мы будзем рабіць усё, каб наша медыя зарабляла на сябе, хоць гэта і складана цяпер.

«НН»: Якія тэмы будуць у прыярытэце?

НК: Топ тэм: гендарная няроўнасць, нізкія заробкі, нябачная праца, хатні гвалт, аб’юз, харасмент, аб’ектывацыя жанчын і іх правы, мацярынства і жаночае здароўе — ментальнае і фізічнае. Мы хочам натхняць жанчын, але не будзем пісаць выключна пра паспяховы поспех і ідэальнасць.

Наша гераіня — і доктарка, якая ратуе жыццё і змагаецца з кавідам. І шматдзетная маці. І жыхарка правінцыі, якая цягне на сабе побыт. Мы хочам паказаць, што ўсе жанчыны — вельмі крутыя. Хочацца дадаць больш голасу тым, хто рэдка трапляе ў поле зроку СМІ і грамадскасці.

Вітальнае слова рэдактаркі

У адрозненне ад «Вандэрзіна», мы паставілі мэту прыцягнуць максімальна шырокую жаночую аўдыторыю, у тым ліку з кансерватыўнымі каштоўнасцямі. І па першых выніках працы, па фідбэку, я разумею, што рух ідзе ў правільным кірунку. У тэлеграме нас чытаюць нават бабулі.

Фота з асабістага архіва гераіні

«НН»: Ваша цэнтральная рэдакцыя будзе ў Вільнюсе. Няма страху быць адарванымі ад беларускіх рэалій?

НК: Я, безумоўна, думала пра гэта: калі ты не знаходзішся ў краіне, то не можаш да канца зразумець, што там адбываецца. Але я спадзяюся, што мы зможам працаваць і з дзяўчынамі з Беларусі: крута, каб яны сталі нашымі пазаштатнымі аўтаркамі.

Агулам, спадзяюся, «Супернова» стане праектам, які дасць голас усім беларускам, дзе б яны ні знаходзіліся. У нас у тым і галоўны канцэпт: мы вяшчаем з розных куткоў зямнога шара.

«НН»: Ці ёсць планы вярнуцца ў Беларусь?

НК: Як бы сумна ні гучала, я ўжо за мяжой адчуваю сябе як дома. Але гэта не значыць, што я не хачу вярнуцца назад. Проста ўсё настолькі змянілася, што, калі я і вярнуся, зноў прыйдзецца ўсё пачынаць з нуля, будаваць жыццё нанова. Паглядзім.

Мяне не пакідаюць думкі пра вяртанне, тым больш у Беларусі застаецца мая сям’я, я па ёй вельмі сумую. І, вядома, было б крута, каб наша рэдакцыя працавала з Беларусі. Мы ж хочам пазнаёміць беларусак паміж сабой, а для гэтага важна знаходзіцца ў Беларусі.

Каментары

Cкончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»1

Cкончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына падабрала забыты букет з ружаў, выкінула яго ў сметніцу і атрымала крыміналку

Лукашэнка: Ніякі Асад не дыктатар. Ён лячыў людзей, ніколі нікога не забіваў33

Адбыўся ператрус у мінскім рэкламным агенцтве AdPlanes

У Мінску і Гродне можна ўзяць жывую ялінку на святы ў арэнду. Колькі гэта каштуе?2

Беларуска ўпала з чацвёртага паверха гатэля ў Тайландзе і атрымала цяжкія траўмы

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі20

Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы5

«Усе будуць хадзіць «качкай», пакуль у цябе мазгоў не дадасца». Беларусы расказалі, як яны ці іх дзеці падвяргаліся булінгу1

Камуніст Сыранкоў пахваліўся, што сабраў 170 тысяч подпісаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Cкончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»1

Cкончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Галоўнае
Усе навіны →