Стала вядома, хто страляў у кадэбэшніка: 31-гадовы айцішнік Андрэй Зельцэр
Яго пазналі на відэа сябры. Мужчына працаваў вядучым аналітыкам службы падтрымкі EPAM Systems.
Як распавялі суседзі, Андрэй жыў разам з жонкай у яе кватэры на Якубоўскага, 29. Гадавалі малога сына, вучня пачатковых класаў, яму 8 гадоў. Дзе знаходзіўся малы падчас страляніны, невядома.
У сюжэце АТН, які паказалі падчас «Панарамы», адзначылі, што жанчына, якая была побач з Андрэем Зельцэрам і здымала яго на відэа, — ягоная жонка. Пра яе пакуль нічога не вядома.
Сам Зельцэр скончыў каледж бізнэсу і права ў Мінску. Пасля працаваў у ЕРАМ.
«Андрэй быў скрытны чалавек, праграмаваць асабліва не ўмеў, быў фрылансерам», — кажа пра яго калега.
Вядома, што ён цікавіўся трыятлонам, а ў 2020 годзе ўдзельнічаў у спаборніцтвах.
Таксама 17 жніўня Зельцэр размясціў у інстаграме допіс з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам: «8-ы дзень барацьбы за лепшую будучыню для сваёй краіны. […] Больш за 7000 людзей затрымана, некалькі загінула, праваахоўныя органы сярод белага дня выкрадаюць людзей, нелегітымны прэзідэнт робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Таварышы беларусы, як вашы дзяды перамаглі ў вайне? У іх таксама была боязнь выходзіць з дому? У іх таксама была боязнь адказаць фашыстам? Думаю, страх быў. Але яны неяк змагаліся са сваім страхам, іначай б мы цяпер хадзілі пад фашысцкімі знамёнамі. Чаго баіцеся цяпер?»
Пры гэтым Зельцэр мае два акаўнты ў Instagram. У адным з іх ёсць фотаздымкі стрэльбы. Не выключана, што ён страляў менавіта з яе.
Каментары