Хто тыя сем чалавек, каго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку?
Тэлеканал АНТ паказаў людзей, якія нібыта рыхтавалі замах на Аляксандра Лукашэнку, а таксама членаў ягонай сям’і. Прааналізавалі, што гэта за людзі.
Скрыншот відэа АНТ
Юрась Зянковіч — 43 гады. Быў актывістам Партыі БНФ, абіраўся ў Ждановіцкі сельскі савет і Мінскі райсавет на мясцовых выбарах. Дабіўся, каб у пасёлку была вуліца Васіля Быкава. У 2007 годзе эміграваў у ЗША, атрымаў там грамадзянства. Спачатку жыў у Дэнверы (штат Каларада), працаваў разносчыкам піцы. Пасля перабраўся ў Нью-Ёрк, стаў адвакатам, займаўся справамі міграцыі.
Хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе, але прайграў Аляксею Янукевічу, які, у сваю чаргу, сабраў найменш галасоў на «праймэрыз» апазіцыі і ў выніку так і не вылучаўся.
Зянковіч быў найбольш вядомы супярэчлівымі заявамі. Напрыклад, пасля гібелі салдата Коржыча ён заявіў, што «гэта нармальна, што ў войску здараюцца надзвычайныя становішчы і што нават гінуць людзі».
У ЗША з асобай Зянковіча звязаны шэраг канфліктаў у эміграцыйных асяродках.
У 2020-м Зянковіча бачылі ў рэстаране «Паедзем паядзім» каля Курапат, ён там счапіўся з актывістамі, які тую ўстанову пікетавалі.
Палітычны ўплыў і сувязі Зянковіча мінімальныя.
Аляксандр Фядута — 56 гадоў. Паліттэхнолаг, літаратуразнавец-пушкініст. Быў сакратаром камсамола. У 1994-м увайшоў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, пасля перамогі на выбарах стаў кіраўніком упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта ён узяў на сябе адказнасць за з’яўленне ў газетах «белых плямаў». У 1995 сышоў з пасады, супрацоўнічаў з многімі незалежнымі выданнямі. Аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія». У 2010 годзе стаў адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду». У канцы таго ж года трапіў у «амерыканку», адсядзеў чатыры месяцы.
Аляксандр Перапечка — жыве ў Сіэтле (ЗША). Скончыў аспірантуру БДУ і дактарантуру Вашынгтонскага ўніверсітэта. Доктар філасофіі па спецыяльнасці «Эканамічная, сацыяльная і палітычная геаграфія». Удзельнік міжнародных навукова-аналітычных праграм у Беларусі, Расіі, ЗША і Францыі. Эксперт па статыстычных мадэлях і Усходняй Еўропе. Кансультант па геапалітыцы, геастратэгіі і элітах.
Павел Кулажанка — 36 гадоў. Жыве ў Нью-Ёрку (ЗША). Служыў ва ўнутраных войсках у Полацку і Мінску і АМАПе. Сышоў са службы ў 2011 годзе. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У ЗША з’ехаў жыць па грын-карце, працуе трэнерам. Летам 2020 падтрымаў пратэсты ў Беларусі.
Дзмітрый Шчыгельскі — псіхіятр, які ў 2001 годзе завочна паставіў Лукашэнку дыягназ. Пасля гэтага пакінуў Беларусь, цяпер жыве ў ЗША, займаецца там грамадскай дзейнасцю. Ездзіў на вайну ва Украіну добраахвотнікам.
Ігар Макар — 43 гады. Родам з Гродна. Былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз». Скончыў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту. Пакінуў службу і ўзначаліў ахову былога экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, з 2006 года — у эміграцыі. Цяпер блізкі да Вольгі Карач.
Рыгор Кастусёў — 64 гады. У савецкія часы — дырэктар у саўгасах у Магілёўскай вобласці, з таго часу асабіста ведае Аляксандра Лукашэнку. У незалежнай Беларусі стаў сябрам Партыі БНФ. Узначальваў ЖКГ у Шклове. У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі БНФ, адну ноч пасля выбараў правёў у «амерыканцы». На гэты момант старшыня Партыі БНФ.
Чытайце. Лукашэнка заявіў, што Зянковіч і Фядута рыхтавалі замах на яго
-
«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе
-
«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ
-
Жыхароў Гомельшчыны выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» падчас выбараў
Каментары