Грамадства77

Мяжа з Расіяй закрытая, але праз яе ездзяць сотні чалавек. Як працуе гэты бізнэс?

30 сакавіка Расія закрыла свае межы ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Цяпер у суседнюю дзяржаву не могуць трапіць і беларусы — за гэта штрафы, дэпартацыя і нават турма. Але ж такія дробязі не спыняюць нашых суайчыннікаў.

«Едзем «другім нумарам» за яшчэ адным аўто. Наша машына на расійскіх нумарах. Калі памежнікі — нам паведамяць. Спынімся, прыйдзе чалавек з расійскімі правамі, сядзе за стырно, перагоніць нашу машыну. У такім выпадку мы будзем абыходзіць праз лес, там недзе 1,5 кіламетра. Я сам беларус, таму не магу даць ніякіх гарантый, што нас не затрымаюць», — коратка расказвае мужчына па тэлефоне.

У яго фэйкавы акаўнт «Укантакце», але пазначаныя нумары для сувязі: расійскі і беларускі. Можна званіць, можна пісаць у месенджары. Суразмоўца прапануе перавезці усіх ахвотных у Санкт-Пецярбург.

Цана пытання — 4500 расійскіх рублёў. Гэта каля 150 беларускіх рублёў. Але перавозчык у беларускіх не бярэ, бо «едзем жа ў Расію».

***

Пасля закрыцця Расіяй межаў сотні людзей засталіся ў падвешаным стане. Сваякі, рабочыя, проста гастарбайтары — паездка ў Расію цяпер стала сур’ёзнай праблемай.

Беларусь афіцыйна не закрывала межы ні з кім, у тым ліку і з Расіяй. Таму айчынных памежнікаў вашыя планы не цікавяць — іх на мяжы з Расіяй няма, бо па-ранейшаму няма і самой мяжы.

А вось Расія падышла да пытання звышсур’ёзна. У Смаленскай вобласці актыўна працуе памежная служба ФСБ, патрулююць лясы, некаторыя лясныя дарогі на пачатку каранціну ўвогуле знішчалі спецтэхнікай. Для праезду адкрытыя спецыяльныя КПП.

Цяпер сітуацыя такая: у Беларусь расіяне пускаюць толькі беларусаў, у Расію — толькі грамадзян Расіі ці тых, хто мае дазвол на жыхарства ў Расіі. Пры гэтым умоўны расіянін, які вяртаецца дадому, на мяжы атрымлівае папярэджанне пра абавязковы хатні каранцін — на працягу 14 дзён чалавек мусіць знаходзіцца ў самаізаляцыі. На мяжы запісваюць яго даныя, пасля іх перадаюць участковаму па месцы жыхарства чалавека.

Ёсць і выключэнні: памежнікі прапусцяць дыпламатаў, кіроўцаў-міжнароднікаў, тых, хто едзе на пахаванне блізкіх, і гэтак далей. Але ж у шараговага падарожніка ці гастарбайтара легальных шанцаў трапіць у Расію не засталося.

Калі ў вас толькі беларускі пашпарт, то не дапамогуць ніякія аргументы пра брацкі народ, суседзяў ці Саюзную дзяржаву — уезд у Расію будзе забаронены.

Праўда, тут таксама ёсць нюансы — калі беларуса не спынілі на мяжы ці ў памежнай зоне Расіі, то яму нічога не пагражае. Але калі трапіўся, то першапачаткова атрымае штраф і дэпартацыю на тэрыторыю Беларусі. Калі зловяць другі раз, то гэта ўжо не адміністратыўная адказнасць, а крымінальная. Пакаранне ўжо нашмат больш суровае: у залежнасці ад абставінаў штраф можа даходзіць да 10 тысяч беларускіх рублёў ці справа можа скончыцца турмой (калі злачынства здзейсненае паўторна і група асоб, то аж да 6 гадоў).

Але ж усе гэтыя забароны, складанасці і штрафы не спыняюць паток ахвотных. Штодня ў Расію адпраўляюцца дзясяткі, калі не сотні людзей. Кіроўцы і пасажыры шукаюць адно аднаго ў сацсетках, там жа ці ў месенджарах дамаўляюцца аб аплаце. Кошты розныя: самая танная прапанова была 85 беларускіх рублёў за месца ў мікрааўтобусе, але ў сярэднім паездка будзе каштаваць каля 170 рублёў. Ёсць і праваднікі — яны не вязуць самі, а толькі паказваюць дарогу. За імі і едзеш тым самым «другім нумарам». Працуюць такія памагатыя і з беларускага боку, і з расійскага. Некаторыя адкрыта кажуць: едзем не праз КПП. Некаторыя ўхіліста супакойваюць: «У вас беларускі пашпарт? Нічога страшнага, праблема вырашальная».

Карацей, даехаць можна — было б жаданне і трошкі грошай.

«Мы жывём у Расіі, прыехалі ў Беларусь — і тут раптам закрыліся межы. Я сам беларус, дзяўчына — малдаванка, прычым у яе пашпарта ўвогуле няма, ён застаўся ў Расіі. Цяпер шукаем, як вярнуцца назад у Расію ў абыход КПП, бо зразумела, што легальна мы нікуды сёння не праедзем, — кажа адзін з будучых нелегалаў. — У нас ёсць 10 тысяч расійскіх рублёў, я чуў, што недзе столькі і бяруць за праезд дваіх чалавек».

З пункту гледжання беларускага заканадаўства яны нічога не парушаюць. А калі не трапяцца памежнікам, то і ў Расіі праблем не будзе.

«Галоўнае — праехаць на тэрыторыю Расіі. Калі там спыняць і ўбачаць беларускі пашпарт, то кажаш, што быў у Смаленску у сяброў, ці едзеш з Масквы, ці ў Маскву, — тлумачыць адзін з перавозчыкаў. — Працуем мы ўжо два месяцы, схема адладжаная. Забіраем на адной машыне, каля мяжы працуюць людзі, якія дадуць ведаць, калі там раптам будуць памежнікі. Калі ўсё нармальна — ля мяжы выходзім, праходзім метраў 100, сядаем у іншую машыну. За ўсё пра ўсё — 200 беларускіх рублёў».

Па словах мужчыны, паездка, у прынцыпе, бяспечная.

«Калі расійскія памежнікі спыняюць першы раз, звычайна даюць штраф у 68 беларускіх рублёў і дэпартуюць назад. У другі раз зловяць — штраф большы, а калі ў трэці, то вось тады ўжо крымінальная адказнасць і забарона на ўезд у Расію на 5 гадоў, — кажа суразмоўца. — Але спыняюць рэдка. За два месяцы пару разоў памежнікі спынялі машыны, але нават не штрафавалі, проста разварочвалі назад. Ну і праз пару дзён людзі зноў ехалі».

Але ж шанцуе не ўсім.

Так, у раёне населенага пункта Зімоніна Шумяцкага раёна памежнікі затрымалі восем замежнікаў, якія спрабавалі на двух легкавіках незаконна ўехаць на тэрыторыю Расіі па лясной дарозе. Праз дзве гадзіны ў раёне населенага пункта Двупаляны Краснінскага раёна папаліся яшчэ пяцёра «падарожнікаў», піша «Смаленская газета».

«Падчас апытання затрыманых замежных грамадзян высветлілі, што частка з іх скарысталася аб'явамі, размешчанымі ў сацыяльных сетках, у якіх прапаноўваліся паслугі правадыроў у абыход месцаў нясення службы пагранічнага нарада. — паведамілі «Смаленскай газеце» ў прэс-службе ў ФСБ Расіі. — Пасля праведзенай праверкі ўсе замежныя грамадзяне былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Усе затрыманыя асобы вернутыя на тэрыторыю сумежнай дзяржавы.

Таксама заведзена крымінальная справа за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Расіі ў адносінах замежнага грамадзяніна. Раней ён быў выправаджаны з тэрыторыі нашай краіны, але ведаючы пра забарону, зноў незаконна перасёк мяжу, пасля чаго быў затрыманы на тэрыторыі Руднянскага раёна».

Каментары7

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр абнавіў абсалютны максімум3

Бацька Калеснікавай абмяркоўваў з ёй магчымы зварот да Лукашэнкі аб памілаванні8

Адзін з раёнаў Мінска застаўся без святла1

Жыхар Брэста прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Колькі ён заплаціў штрафаў

Улад А4 адкрыў фірмовую краму ў мінскім ЦУМе2

Расійскія войскі прарваліся ў харкаўскі Купянск6

Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае5

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →