Грамадства4343

Са Свята-Елізавецінскага манастыра паступаюць сігналы пра каранавірус. Расказваем пра Андрэя Лемяшонка, які стварыў гэту імперыю

Закрытая прастора манастыра — гэта добрая пляцоўка для таго, каб паспрабаваць схаваць тыя ці іншыя звесткі. Тым не менш, ужо больш за тыдзень са Свята-Елізавецінскага манастыра на ўскрайку Мінска (раён Навінак) прыходзяць не самыя радасныя звесткі пра эпідэміялагічны стан у абіцелі.

Фота «Мінск-Навіны»

Шмат пра сітуацыю ў манастыры пісалі Аляксандр Шрамко, праваслаўны святар, якога адхілілі ад служэння за крытыку патрыярха Кірыла, а таксама багаслоў Наталля Васілевіч. Але, на жаль, як нярэдка бывае ў Беларусі, вялікае гучанне гісторыя набыла пасля таго, як пра гэта напісалі ў Расіі.

Надзвычай рэзанансны і эмацыйны пост у фэйсбуку пра сітуацыю ў Свята-Елізавецінскім напісала намесніца галоўнага рэдактара «Рускага рэпарцёра» Марына Ахмедава. Яна сцвярджае, што раніцай 23 красавіка ёй патэлефанавалі паслушніцы абіцелі.

І першае, што журналістка пачула ад іх: «Гэта хлусня». Маецца на ўвазе афіцыйная заява Свята-Елізавецінскага манастыра пра тое, што сітуацыя ў іх пад кантролем.

Чытайце. Свята-Елісавецінскі манастыр: У нас дзве манахіні з каранавірусам, протаіерэй у рэанімацыі з пнеўманіяй, але эпідэмія — фэйк

«Манахіні пачалі расказваць: матушка Алексія ляжыць з каранавіруснай пнеўманіяй у рэанімацыі. Айцец Васіль таксама ў бальніцы. Са 130 сясцёр 100 — хворыя. Хворых адсялілі ад пакуль здаровых з карпусоў у гасцініцу, але строга сказалі: «Прыедуць медыкі, скажаце, што вас адсялілі таму, што ў карпусах ідзе рамонт», — піша Ахмедава.

«Ежу для хворых пакідаюць у калідоры, яны выходзяць па яе ў масках. Але пры гэтым манастыр працуе, і паства ў яго ідзе натоўпам. Напрыклад, толькі на Вялікдзень за ноч ад адной лыжачкі прычасціліся 970 чалавек. Лыжачка не апрацоўвалася, і калі адна дзяўчына, якая хацела прычасціцца, расплакалася і папрасіла лыжку апрацаваць, ёй адказалі, няхай ідзе ў іншы храм і там прычашчаецца, а тут толькі так», — працягвае расійская журналістка.

Свята-Елізавецінскі манастыр у начную велікодную службу. Скрыншот з youtube.com

Сапраўды, кадры з Вялікадня ў Свята-Елізавецінскім манастыры пераконваюць — храм быў запоўнены вернікамі. Ні пра якую сацыяльную дыстанцыю гаворкі не вялося.

Далей Ахмедава апісвае, што ў манастыры склаўся сапраўдны культ асобы пратаірэя Андрэя Лемяшонка, настаяцеля храма.

«Трэба не патрыярха слухаць, а айца Андрэя, ён — святы, і па яго малітвах ніхто не захварэе. У казаннях ён кажа, што Божая ласка ўсе дэзынфікуе і ацаляе, і ў храме нельга захварэць, у храм можна хворым прыйсці і вылечыцца», — перадае Ахмедава словы манашак.

Чаму інфармацыя выйшла менавіта праз расійскую журналістку? Існуе версія, што манахіні маглі звярнуцца і ў беларускія незалежныя выданні, але тады б манастыр адказаў, што гэта «апазіцыя», і ніякага эфекту не было б. Таму і была абраная Марына Ахмедава, якая нібыта з таго самага лагера даўно пісала пра праваслаўных.

Што за асоба Андрэй Лемяшонак? Для разумення сітуацыі ў манастыры зараз, трэба сказаць некалькі словаў і пра яго.

Андрэй Лемяшонак нарадзіўся ў сям’і партыйных дзеячоў часоў БССР, сям’я жыла ў самым цэнтры Мінска, такая залатая моладзь. Сам Лемяшонак прайшоў праз эпоху захаплення хіпі. А ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х стаў вартаўніком у Кафедральным саборы ў Мінску.

Андрэй Лемяшонак. Фота minsknews.by

«Тады мала людзей прыходзіла ў царкву, асабліва моладзі. Ніякай літаратуры таксама не было, заходзіш у царкву, а там нейкія бабкі. Андрэй тады адразу падыходзіў да чалавека: «Ці цікава табе? Давай раскажу, што тут да чаго». Ён даваў нават самвыдат пачытаць. Хоць і не палітычны, але гэта ўсё адно было рызыкоўна. Там ён прывёў у праваслаўе шмат людзей, яны станавіліся святарамі ці заставаліся пры храмах», — расказвае Аляксандр Шрамко.

Кажуць, што было дзіўна, калі многія людзі, каго Лемяшонак прывёў у царкву, станавіліся святарамі, а ён сам — не. Вырашальную ролю тут адыграў айцец Георгій Латушка з Петрапаўлаўскага сабора, які ўгаварыў Лемяшонка прыняць сан. Тым не менш Лемяшонак не абмежаваўся роллю звычайнага папа, а стаў адным з лідараў праваслаўнай супольнасці.

Ён праводзіў службы, а таксама размовы пасля іх каля іконы «Неўпівальная чаша». А хто ў асноўным збіраўся на гэтыя службы? Жанчыны, у якіх пілі мужы, сыны, няшчасныя праз гэта ў асабістым жыцці. Людзі расказваюць, што на споведзі да Лемяшонка выстройваліся чэргі, людзі чакалі да глыбокай ночы, каб спавядацца менавіта айцу Андрэю. Да ўсіх ён знаходзіў падыход, мог падбадзёрыць, знайсці патрэбнае слова ці погляд.

З гэтых служб і сустрэч нарадзілася праваслаўнае сястрынства, якое пазней трансфармавалася ў Свята-Елізавецінскі манастыр. Лемяшонак знайшоў спачатку падтрымку ў дактароў псіхітрыячнай бальніцы ў Навінках. Часта, каб запусціць будаўніцтва царквы ці манастыра, бацюшкі шукаюць падтрымкі багатых спонсараў. Лемяшонак не абмежаваўся гэтым, ён яшчэ і запусціў па ўсім Мінску сетку жанчын, якія збіралі грошы на будаўніцтва. Вы дакладна бачылі такіх ля станцый метро ці ў крамах.

З будаўніцтвам манастыра ў айца Андрэя Лемяшонка нечакана прачнулася моцная бізнэс-жылка. На сёння Свята-Елізавецінскі манастыр — гэта ці не самы прыбытковы праваслаўны праект на прасторах не толькі Беларусі, але і ўсяго СНД. Яны займаюцца арганізацыяй праваслаўных выставаў, продажам праваслаўнай атрыбутыкі, выданнем духоўнай літаратуры. Прычым вырабы Свята-Елізавецінскага манастыра добра вядомыя праваслаўным вернікам і за межамі Беларусі. У манастыры працуе некалькі тысяч чалавек. Займаюцца яны ўжо даўно не толькі рэлігійнай прадукцыяй, але і ўсім іншым, што прыносіць грошы — ад мёду да гадавання коняў.

Плюс да ўсяго ў Андрэя Лемяшонка шмат уплывовых сяброў і знаёмых. Бацюшка Лемяшонак прытрымліваецца «рускаміраўскіх» поглядаў, хаця актыўна іх і не афішуе, як робіць гэта ягоны сын Дзмітрый, які ходзіць па манастырскім падвор’і ў майках «ДНР» і «Расія». Раней Дзмітрый спавядаў і фашысцкія погляды, але цяпер, кажа, адмовіўся ад іх. Праходзілі ў манастыры і імпрэзы «рускага свету».

Дзмітрый Лемяшонак у майцы «ДНР» з манахіняй са Свята-Елізавецінскага манастыра

Чытайце: Хто такі Дзмітрый Лемяшонак? Чалавек у майцы «ДНР», блізкі да жаночага манастыра ў Навінках

І хоць адзначаюць, што Лемяшонак — дастаткова адукаваны чалавек, апошнім часам ён абраў сабе ролю блажэннага старца. Кажуць, што гэты вобраз ён пераняў у айца Мікалая з расійскага вострава Заліт. Да гэтага старца Лемяшонак часта ездзіў, стасаваўся з ім.

Пасля публікацый у СМІ і сацыяльных сетках манастыр быў вымушаны адрэагаваць на сітуацыю з захворваннямі. У заяве кажуць, што эпідэмія — фэйк, але прызнаюць, што некалькі паслушніц, сапраўды, захварэлі на каранавірус, а святары знаходзяцца ў бальніцах. У самога Лемяшонка, кажуць, ніякіх сімптомаў захворвання няма.

Звязацца з самім Лемяшонкам немагчыма, яго кантакты знайсці складаней, чым дазваніцца да мітрапаліта Паўла.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар адносна сітуацыі ў манастыры да прэс-сакратара БПЦ Сяргея Лепіна. «Мы чакаем вынікаў праверкі, якая праводзіцца ў гэтым манастыры з боку санітарна-эпідэміялагічных службаў. І на падставе вынікаў гэтай праверкі мы зробім свае высновы».

Што датычыцца допіса Ахмедавай, то айцец Лепін сказаў: «Гэта вельмі турбуе нас, але гэта не адзіныя звесткі, якія мы маем з гэтага манастыра. Існуюць і дыяметральна супрацьлеглыя пункты гледжання на гэтую праблему. Трэба разбірацца, і мы будзем гэта рабіць. Ужо найбліжэйшым часам вы даведаецеся пра вынікі праверкі. Самі манахіні пацвердзілі, што каранавірус ёсць у некаторых паслушніц, але колькасць я назваць не магу», — адзначае Сяргей Лепін.

Чытай таксама: Як адна з баптысцкіх цэркваў стала ачагом каранавіруса ў Мінску

Каментары43

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →