Грамадства2323

Ганна Шапуцька, цешча Лабадзенкі: «Змаганне павінна быць галоўным у жыцці кожнага маладога чалавека»

Заўсёды здзіўлялася, адкуль у гэтай жанчыне столькі ўпэўненасці, спакою і энергіі: яна не толькі ладзіць імпрэзы, піша звароты, стаіць у пікетах, але і знаходзіць словы, каб размаўляць з міліцыянтамі і чэкістамі, Паўлам Якубовічам і Алесем Чахольскім, ахоўнікам «Паедзем, паядзім» Дзімам-Вадзімам і Змітром Дашкевічам… І ўсе — прыслухоўваюцца.

Я пазнаёмілася са спадарыняй Ганнай на адным з мітынгаў, дзе яна збірала подпісы, каб спыніць працу маючага адчыніцца тады яшчэ «Бульбаш-хола». Пасля была талака і акцыі ўшанавання памяці рэпрэсаваных у Курапатах, вечарыны салідарнасці з палітвязнямі, Украінай, зноў Курапаты, Благаўшчына, Лошыца… 

Пагутарыць з Ганнай Шапуцькай удалося пасля круглага стала, прысвечанага сітуацыі з рэстаранам «Паедзем, паядзім». Калі, дамаўляючыся на інтэрв’ю, акрэслівала яго тэму — шлях да Беларусі, яна адказала, што ён прайшоў праз Курапаты. Зрэшты, як аказалася, было яшчэ шмат цікавага на гэтым шляху.

Марыла займацца астраноміяй

— Спадарыня Ганна, раскажыце, дзе вы нарадзіліся, у якой сям’і, што паўплывала на ваш светапогляд?

— Я нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бялынічы ў сям’і настаўнікаў. Маці была выкладчыцай беларускай і рускай мовы, бацька — выкладчык філасофіі, ён і цяпер яшчэ выкладае ў вну. Бацькі выхоўвалі нас строга — я лічу, што ўсе настаўнікі дома строгія, таму выхаванне ў нас было адпаведнае. Нас чацвёра дзяцей, і я, як старэйшая, заўсёды несла адказнасць за ўсіх. Я заўжды была вельмі актыўная — і ў школе, і ва ўніверсітэце. Абвостранае пачуццё несправядлівасці — адзін з галоўных чыннікаў у маім жыцці. Заўсёды ў ім прысутнічае змаганне з гэтай несправядлівасцю, яно таксама было закладзена з дзяцінства.

З Янкам Купалам. Фота з асабістага архіву Ганны Шапуцькі.

— Не расчараваліся ў сваім змаганні?

— Не расчаравалася, хаця сутыкалася з рознымі рэчамі — са здрадай, з абыякавасцю. Але мне пашчасціла, што большасць людзей побач са мной — шчырыя, добрыя і думаюць гэтак жа, як і я. Лічу, што трэба змагацца, гэта тое, што мае сэнс і што павінна быць галоўным у жыцці кожнага чалавека, асабліва маладога.

— А ў дзяцінстве вы кім марылі стаць?

— Спачатку я хацела стаць настаўнікам, як і мае бацькі. І ўсе былі ўпэўнены, што я стану настаўніцай. Але ж калі мяне за выдатную вучобу і актыўнасць у дзявятым класе адправілі ў адзін з найлепшых у той час піянерскіх лагераў «Арляня», я там сустрэла людзей, якія займаліся космасам. І я захварэла астраноміяй. Думала, у нас магчыма атрымаць спецыялізаваную адукацыю. Таму паступіла ў БДУ на радыёфізіку — мне трэба было здаць толькі адзін экзамен, бо скончыла школу з залатым медалём. Не ведаю, якое маё сапраўднае пакліканне, але я не шкадую пра свой выбар. Гады вучобы былі найлепшымі ў маім жыцці: сустрэчы з цікавымі людзьмі, вандроўкі, падзеі. 

«Нам вельмі не спадабаўся Лукашэнка»

— А пасля пайшлі працаваць па спецыяльнасці?

— Так, мяне размеркавалі на «Інтэграл», і, паколькі была іншагародняй, асаблівага выбару не было. Канешне, гэта не космас і не астраномія — і гэта мяне вельмі прызямліла. Завод мне не спадабаўся — там была не проста дысцыпліна, а сапраўдны рэжым, канцлагер. Там усё падпарадкавана мікрасхемам. Было цяжка маральна, вельмі не хапала паветра, а сыйсці нельга, бо прахадная. Аказалася, гэта не маё, я там ледзь вытрымала. Гэта было тое самае, што птушку пасадзіць у клетку. Але ж не бывае ліха без дабра — на «Інтэграле» я сустрэла свайго мужа, які прыйшоў туды пасля войска. Я зацягнула яго ў альпінісцкую секцыю, і мы сталі разам хадзіць у горы, у асноўным па Грузіі.

Таксама на «Інтэграле» напачатку 1990-х быў «Свабодны прафсаюз», чальцы якога пастаянна пратэставалі, агітавалі за нешта і зрабілі на мяне ўражанне. Мы слухалі іх, згаджаліся, падтрымлівалі, але ў акцыях пратэсту не ўдзельнічалі, бо, відаць, яшчэ толкам не разумелі, што адбываецца. У палітыку асабліва не лезлі, хаця цікавіліся бягучымі падзеямі.

— То бок ужо тады вы падтрымлівалі Адраджэнне?

— Так, мы ўжо разумелі, хто прыйшоў да ўлады, нам вельмі не спадабаўся Лукашэнка, мы былі расчараваныя, што ён стаў прэзідэнтам. Але бацькі галасавалі за яго. Матуля галасавала за яго да апошніх гадоў свайго жыцця, толькі першы раз — за Шушкевіча, і калі я запытвалася ў яе: «Чаму, ты ж бачыш, што гэта не тое, пра што ты марыш?» — яна адказвала: «Такія людзі, як Шушкевіч, яшчэ горш, бо яны слабыя, не могуць быць лідарамі і нясуць расчараванне. А гэты чалавек — ён адразу такі, які ёсць». Магчыма, яна мела рацыю, бо калі я цяпер гляджу на наша апазіцыйнае асяроддзе, шчыра кажучы, не ведаю, за каго б можна было галасаваць.Па начах малявалі плакаты, расклейвалі ўлёткі.

Акцыя ўшанавання памяці рэпрэсаваных. Фота Дзіяны Серадзюк.

— А як урэшце пачаўся ваш актыўны ўдзел у грамадскім жыцці?

— 2006 год быў пераломны для нашай сям’і. Да гэтага мы сачылі, назіралі, а ў 2006 годзе выйшлі на Плошчу. Калі мы пачулі, што людзі, якія туды пойдуць — здраднікі і ледзь не тэрарысты, такая хваля пратэсту ўзнялася ўнутры, што мы вырашылі ісці. Гэтая несправядлівасць — тое, што казалі па тэлевізары і што было ў рэальным жыцці — згуляла злы жарт з самім рэжымам, ён сам справакаваў выхад людзей на Плошчу. 

Я думаю, што такіх людзей, як мы — незаангажаваных, далёкіх ад палітыкі, — была большасць. Бо гэта быў здзек з нашай годнасці, гэтага нельга было трываць. І мы з суседам пайшлі, пакінуўшы малодшых дзяцей і ўзяўшы старэйшага сына, хоць думалі нават, што там могуць страляць і, можа, мы не вернемся з гэтай Плошчы. Пасля, калі паўстаў намётавы лагер, хадзілі туды, як на працу, насілі коўдры, ежу. Бачылі, як АМАПаўцы паводзяць сябе з хлопцамі, і тады з’явіўся страх за сына.

А пасля наша дачка на Дзень Волі ўступіла ў «Малады Фронт», і наша жыццё раскруцілася, як кажуць, на ўсю катушку. Бо мы не маглі пакінуць яе сам-насам з гэтым рэжымам. Баяліся яе адпускаць адну, увесь час былі недзе побач. Напрыклад, яна сустракаецца з кімсьці, а мы ў гэты час недзе паблізу стаім — увесь час пад кантролем (смяецца). Дзеці давяралі нам, мы з Віктарам (мужам — НЧ) па начах малявалі плакаты, расклейвалі ўлёткі (тады Дашкевіч сядзеў). Ездзілі на суды, падтрымлівалі маладафронтаўцаў. Памятаю акцыю падтрымкі Яраслава Грышчэні ў Баранавічах, калі нас скруцілі і я першы раз апынулася ў аўтазаку. Потым нас пасадзілі ў «стакан» — маленечкую камеру з бетоннай лавай, дзе былі я, Таццяна Севярынец, мая Таццяна (дачка — НЧ), яшчэ нейкая дзяўчына.

 — Якія пачуцці ў вас былі ў той момант?

— Шчыра кажучы, больш хвалявалася за дачку, за дзяцей, там быў Зміцер Хведарук. Але калі бачыла іх, як яны сябе паводзілі, то страху перад сістэмай не было, бо яе людзі — слабыя. Што яны маглі зрабіць? Даць штраф ці суткі — канешне, гэта было б перашкодай у жыцці, але ж гэта не галоўнае. А галоўнае, што моладзь, якая патрабуе справядлівасці, перамагае. Я спытала ў міліцыянта, за што ён складае на мяне пратакол. Ён адказаў, што за свісток, які знайшоў у маёй сумцы і ў які я нібыта свісцела. Я тады насіла спартыўны свісток, каб свісцець, калі раптам нешта здарыцца з дачкой (смяецца). Але ён проста ляжаў, і я кажу міліцыянту, што няма ніякага сведчання, што я свісцела. А ён у вочы мне сказаў, што сам будзе супраць мяне сведчыць. Дык што гэта за сістэма? У яе цалкам амаральны падмурак.

 Падчас усталявання крыжа ў памяць аб расстраляных вязнях мінскіх турмаў у Благаўшчыне. Фота Дзіяны Серадзюк.

Ад першапраходцаў да «агентаў КДБ»

Пасля пазнаёміліся з Вячаславам Сіўчыкам, які запрасіў у Курапаты.

— Вы раней не ведалі пра гэтае месца?

— Не. Пра рэпрэсіі ведала — мой стрыечны дзядзька быў жанаты з Леанілай Парфір’еўнай Гарэцкай, пляменніцы Максіма Гарэцкага. Мая матуля сябравала з сям’ёй Гарэцкіх, якія жылі ў Магілёве. Мы прыйшлі на ўшанаванне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Курапаты, якое адбываецца штомесяц 29 чысла, і я не змагла застацца абыякавай да гэтага месца. Калі пабачыла ямы, дзе ляжаць нявінна забітыя, якіх выдзернулі з іх утульнага жыцця, некаторых знішчылі на самым яго ўзлёце, адчула, што гэтая несправядлівасць працягваецца і цяпер. Так не павінна быць, гэтых людзей трэба рэабілітаваць — не проста на паперы, хаця гэта таксама важна, але ж павінна быць ушанаваная іх памяць, трэба агучыць іх імёны. 

Падчас дыскусіі, прысвечанай праблеме закрытых ведамасных архіваў Беларусі. Фота Дзіяны Серадзюк

З часам чалавечы жах ад усведамлення гэтага злачынства пераходзіць у іншую якасць — ты пачынаеш думаць, што можаш зрабіць для тых людзей. Бо нельга абмяжоўвацца толькі ўшанаваннем памяці, гэта як з малітвай: маліся і дзейнічай.

Талака ў Курапатах, фота з фэйсбука Ганны Шапуцькі

Шчыра кажучы, я мала што ведала пра дзейнасць у Курапатах сяброў КХП БНФ. І таму, калі ў 2012 годзе мы ўбачылі «Бульбаш-хол» і тое, у якім стане знаходзіцца заходняя частка мемарыялу, мы вырашылі прывесці Курапаты ў парадак. Бо людзі, якія пабудавалі «Бульбаш-хол», адкрыта казалі, што нам мемарыял непатрэбны, бо ён знаходзіцца ў занядбаным стане. Нам здавалася, што мы — першапраходцы, але пасля на нас абрынулася шмат негатыву: для КХП БНФ мы сталі «агентамі». Я толькі цяпер разумею, што тых, хто даглядаў за мемарыялам дагэтуль, не так шмат, і яны не маглі зрабіць больш, добра, што яны падтрымлівалі Крыжовы шлях. Але тады я вельмі перажывала, бо было вельмі сур’ёзнае супрацьстаянне. З іншага боку, гэта быў для мяне яшчэ адзін крок да Беларусі, бо я пазнаёмілася з сябрамі КХП і разумею іх стаўленне да мяне тады, але ўсё ж раю ім з самага пачатку не рабіць з людзей «агентаў КДБ» (усміхаецца). 

Збор подпісаў падчас абароны Курапатаў-2017. Фота Дзіяны Серадзюк

Атрымліваецца, што мой шлях да Беларусі адбыўся праз людзей, бо і Курапаты — у першую чаргу, гэта людзі. Такія, як Ігар Кузняцоў, які вывучаў гісторыю сталінскіх рэпрэсій, Леанід Маракоў, які меў усё і ўсё аддаў, каб назваць прозвішчы забітых. Як Уладзімір Іванавіч Раманоўскі з гісторыяй яго жыцця і тымі высілкамі, якія ён прыкладае, каб людзі памяталі пра сталінскія злачынствы, Зінаіда Антонаўна Тарасевіч, Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў, Вацлаў Адольфавіч Нямковіч…

Шэсце жанчын ад Кастрычніцкай да Плошчы Незалежнасці, фота з фэйсбука Ганны Шапуцькі

Грамадства зайдэсаў

— На вашу думку, ці трэба называць імёны не толькі ахвяр, але і катаў?

— Так, яны павінны быць названыя і асуджаныя. Я не думаю, што будзе нейкая помста іх нашчадкам. Але для людзей, якія даведаюцца, што іх продкі забівалі, гэта будзе ўдар. Нацызм быў асуджаны на дзяржаўным узроўні, і нашчадкі нацыстаў прынеслі пакаянне. Забойцы павінны быць асуджаныя, але праз гэтае асуджэнне і пакаянне адбудзецца рэабілітацыя іх дзяцей і ўнукаў.

Акцыя ўшанавання памяці рэпрэсаваных. Фота Дзіяны Серадзюк.

— А ўвогуле ці патрэбна нашаму грамадству інфармацыя пра рэпрэсіі, адкрыццё архіваў?

— Я калісьці пісала, што нас у Курапатах адзінкі, але падтрымка — агульнанацыянальная. І я адчуваю гэтую падтрымку. Проста нашы людзі пастаўлены ў такія ўмовы, што ў дзяржаве пануе страх, які панаваў і ў сталінскія часы. Я размаўляла на гэтую тэму з Сяргеем Ханжанковым, які казаў, што людзі сыходзілі, так і не распавёўшы пра тое, што ў іх у сям’і былі «ворагі народа». Хаваюцца не тыя, у чыіх сем’ях былі каты, а тыя, каго катавалі. Мы кажам, што трэба ведаць пра свае карані, кажам пра часы ВКЛ, але ж трэба ведаць і пра іншыя часы, «выцягнуць» з нябыту свайго дзеда, прадзеда — кім бы яны ні былі. Гэта тая рэч, якая яшчэ дзясяткі гадоў будзе вызначаць, у якім кірунку будзе развівацца наша грамадства. Трэба, каб гэта не быў рух у кірунку «паехаць, паесці», забыцца на злачынствы, не «выцягваць косткі з зямлі», і каб не з’явіўся новы сталін, які будзе расстрэльваць людзей. Іначай гэта будзе грамадства цынічных зайдэсаў.

Каля рэстарацыі «Паедзем, паядзім», фота з фэйсбука Ганны Шапуцькі

Галоўнае супрацьстаянне

— Ці можаце вы спрагназаваць, як далей будзе развівацца сітуацыя ў Курапатах?

— На вялікі жаль, не Зайдэс галоўны аб’ект супрацьстаяння. У першую чаргу галоўнае супрацьстаянне адбываецца паміж намі. Мы не можам прыйсці да нейкага агульнага рашэння, у нашым асяродку нямала людзей, якія лічаць, што існаванне забаўляльнага комплексу каля Курапат магчымае, а таксама што магчымае першынство дзяржавы ў справе мемарыялізацыі. І гэта жахліва, бо яны ведаюць, колькі высілкаў грамадства ўклала ў Курапаты. Людзі паставілі тысячу крыжоў, расчысцілі Галгофу ад кустоўя — і тут ім прапануюць сказаць, што мемарыялу няма, у Курапаты павінна прыехаць дзяржава і ўсталяваць нейкі свой помнік. Гэта будзе чарговая вайна, чарговы віток супрацьстаяння на вельмі сур’ёзным узроўні. Нас чакаюць яшчэ горшыя падзеі, чым тое, што цяпер адбываецца з «Бульбаш-холам».

Каментары23

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →