Калі малады салдат Віктар Гінзбург сустрэў у вайсковым шпіталі сімпатычную медсястрычку Антаніну, то адразу закахаўся.
Пасля вайны ўжо жанатай парай яны пераехалі на яго радзіму — у невялікі беларускі гарадок Лепель. Там Віктар і Антаніна пражылі 30 гадоў: ціхае правінцыйнае жыццё, такое ж, як і ў мільёнаў савецкіх грамадзян. І ўсе гэтыя гады Віктар не здагадваўся, што за плячыма ў чалавека, з якім ён штодня засынае і прачынаецца.
Калі Гінзбург даведаўся, кім была яго жонка, ён пасівеў за адну ноч.
***
Антаніна Макараўна Панфілава нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсачцы Малая Волкаўка пад Смаленскам. Сялянская сям’я была вялікай: сямёра дзяцей. Але Панфілавай дзяўчына прабыла нядоўга — калі сямігадовая Тонька пайшла ў школу, настаўніца пераблытала яе імя па бацьку з прозвішчам, запісаўшы дзяўчыну «Антанінай Макаравай».
Бацькі ці то не зразумелі, што адбылося, ці то проста махнулі рукой — хай так. У выніку Антаніна так і засталася «Макаравай». Калі ў 1935 годзе сям’я пераехала ў Маскву, дзяўчынка давучвалася два класы як «Макарава». Так запісалі і ў камсамольскім білеце, і нават у пашпарце дарослай Антаніны запісана было прозвішча «Макарава». З гэтым прозвішчам дзяўчына паступіць у вучэльню, затым у тэхнікум. Антаніна Макарава вельмі хацела вывучыцца на доктара.
Як высветліцца пазней, менавіта безуважлівасць вясковай настаўніцы падорыць Антаніне 30 гадоў жыцця.
* * *
Пасля вайны савецкія спецслужбы шукалі тых, хто быў звязаны з нацыстамі. Правяралі і чуткі, і байкі. Але была гісторыя, якая без сумневаў, была праўдай — пра жанчыну, якая па загадзе нацыстаў растрэльвала савецкіх ваеннапалонных з кулямёта. Жанчына была руская, маладая, прыгожая. І абсалютна бязлітасная.
Пра яе расказвалі многія. Расказвалі рознае: хтосьці казаў, што перад растрэламі яна выпівала шклянку гарэлкі, хтосьці — што жанчына любіла зайсці ў камеру перад расстрэлам, ацаніць сваіх будучых «кліентаў».
Але дакладна была вядома толькі мянушка жанчыны: «Тонька-кулямётчыца», бо яна растрэльвала людзей з кулямёта.
На рахунку «Тонькі» было некалькі соцень савецкіх грамадзян, забітых у так званай «Локацкай рэспубліцы».
* * *
Ужо восенню 1941 года нямецкія войскі ўзялі пад свой кантроль значную частку савецкіх земляў. На тэрыторыі Прыбалтыкі і Заходняй Беларусі нацысты стварылі «Рэйхскамісарыят Остланд», на тэрыторыі Украіны — «дыстрыкт Галіцыя» і «Рэйхскамісарыят Украіна».
А на частцы зямель сённяшніх Курскай, Арлоўскай і Бранскай абласцей Расіі сама сабой узнікла так званая «Локацкая рэспубліка».
На гэтай тэрыторыі сяляне яшчэ да вайны былі вельмі незадаволеныя Саветамі і палітыкай калектывізацыі. А калі пачалася Вялікая Айчынная, дадому вярнуліся яшчэ і тыя, хто быў раскулачаны ці высланы. Акупацыйны рэжым не надта палохаў людзей, якія ўжо пацярпелі ад Саветаў.
У выніку калі жыхары пасёлка Локаць даведаліся, што савецкія ўлады эвакуяваліся, а неўзабаве «прыйдуць немцы», яны выбралі «губернатара Локця і навакольнай зямлі». Пасаду атрымаў Канстанцін Васкабойнік, інжынер з мясцовага спіртзавода. А яшчэ адзін супрацоўнік завода — Браніслаў Камінскі — стаў намеснікам «губернатара».
Калі ў Локаць увайшлі нямецкія танкі, Васкабойнік атрымаў ад нацыстаў званне «обер-бургамістра» і права кіравання «Локацкай валасной управай».
І Васкабойнік, і Камінскі — людзі цікавага, але сумнага лёсу. Васкабойнік спачатку ваяваў у Грамадзянскай вайне на баку бальшавікоў, а пасля — удзельнічаў у сялянскіх паўстаннях супраць Саветаў.
Камінскі быў выключаны з партыі за яе крытыку, пасля арыштаваны за «контррэвалюцыйную дзейнасць». Ён адбыў ссылку, а пасля быў завербаваны НКВД для «распрацоўкі ссыльных трацкістаў». Яго агентурнае імя было «Ультрамарын».
Але з прыходам немцаў абодва былыя камуністы хутка забыліся пра сваё савецкае мінулае. У акупаваным Локці Васкабойнік і Камінскі стварылі «Народную сацыялістычную партыю Расіі «Вікінг» (ці «Віцязь»), асноўнай мэтай якой было знішчэнне камуністычнага ды калгаснага ладаў і вяртанне зямлі сялянам. На тэрыторыі «Локацкай рэспублікі» ліквідавалі калгасы, канфіскаванае пры раскулачванні вярнулі гаспадарам (ці кампенсавалі). Агулам у «рэспубліцы» жыло амаль 600 тысяч чалавек. Быў прыдуманы нават герб і сцяг.
Праўда, ужо ў студзені 1942 года Васкабойніка забілі партызаны. Яго месца заняў Камінскі. Ён заняўся мілітарызацыяй. У адказ на забойства Васкабойніка загадаў расстраляць мясцовых жыхароў, звязаных з партызанамі, а пасля стварыў 29-ую грэнадзёрскую дывізію СС «РОНА», якую і ўзначаліў, атрымаўшы званне адпаведнае генерал-маёру. З часам дывізія налічвала каля 20 тысяч салдат, удзельнічала ў карных аперацыях. На рахунку «РОНА» больш за 10 тысяч забітых савецкіх грамадзянаў.
Паціху ў «Локацкай рэспубліцы» адкрываліся школы, бальніцы, адкрылі нават тэатр, якому прысвоілі імя забітага Васкабойніка. Запрацавала радыёстанцыя, газета, адкрываліся праваслаўныя і баптысцкія храмы.
Дысцыпліну Камінскі намагаўся трымаць строгую: за п’янства маглі і расстраляць, забаранялася варыць самагон, курыць на службе, вялася прапаганда традыцыйнай сям’і: забараняліся аборты, прызнаваліся толькі царкоўныя шлюбы. Але пры гэтым працягвалі працаваць прастытуткі, папулярныя ў вайскоўцаў, ды і алкаголь быў зусім не забаронены.
Вось у такую «рэспубліку» і трапіла Антаніна Макарава. Узімку 1942 года яна пасялілася ў доме адной з Локацкіх сялянак.
* * *
Вайна пачалася для Антаніны Макаравай яшчэ ў 1941 годзе. 21-гадовая дзяўчына, якая марыла быць доктарам, была прызвана ў жніўні. Атрымала званне сяржанта і як санітарка была накіраваная ў Башкірыю. Але ўжо праз некалькі дзён дывізію адправілі абараняць Вялікія Лукі, дзе яе і знішчылі нямецкія войскі. Большасць салдат загінула ці трапіла ў палон. Аказалася ў палоне і Макарава.
Праўда, яна змагла збегчы разам з саслужыўцам Мікалаем Федчуком. Некалькі месяцаў яны прабіраліся лясамі разам. Але калі трапілі ў Бранскую вобласць, Фядчук прызнаўся: у яго там родная вёска, дзе жыве жонка. Далей ён пойдзе адзін.
Дзяўчына маліла ўзяць яе з сабой, але Фядчук катэгарычна адмаўляўся.
У выніку, Макарава працягнула падарожжа ў адзіноце. Лёс прывёў яе ў Локаць.
* * *
Існуюць розныя версіі таго, што адбылося далей. Хтосьці піша, што Макарава пасялілася ў мясцовай жыхаркі, але не магла плаціць за жыллё. Таму вырашыла ісці ў партызаны, але раздумала, паглядзеўшы, што пад немцамі ў Локці жывецца добра.
Хтосьці піша, што Макараву знайшлі і прытулілі (а можа, і згвалцілі) мясцовыя паліцаі.
Але ў выніку Антаніна Макарава сама паступіла на службу ў паліцыю «Рэспублікі Локаць».
Пазней яна скажа, што вельмі баялася смерці, таму пагаджалася на ўсё. Пагадзілася і стаць катам. Вядома, што перад першым расстрэлам яе напаілі і паставілі за кулямёт «Максім». «Працу» Макарава выканала.
Антаніне знайшлі месца, выдзелілі койку, выпісалі аклад. Цяпер расстрэлы асуджаных ваенна-палявым судом Локця сталі яе абавязкам (за павешанні адказвалі іншыя).
Да расстрэлаў яна і ставілася як да працы — спакойна. Ахвярамі былі партызаны і жыхары, што парушылі законы «Рэспублікі». Вядома, што ёй дазвалялі забіраць сабе вопратку расстраляных, і Макарава засмучалася: маўляў, рэчы добрыя, але ж ад куль застаюцца дзіркі.
Расстрэльвалі, як правіла, групамі па 27 чалавек. Людзей выводзілі ў поле, ставілі насупраць кулямёта. За кулямёт уставала Антаніна — і праз некалькі хвілін справа была скончана.
Дакладная колькасць ахвяр невядомая. На месцы расстрэлаў знайшлі парэшткі 1,5 тысячы чалавек. Колькі з іх растраляла менавіта Макарава — таямніца і па сёння. Пазней будзе даказана, што на яе сумленні як мінімум 168 жыццяў. Хутчэй за ўсё, сапраўдная лічба меншая за 1,5 тысячы, але большая за 200 расстраляных.
* * *
У 1976 годзе ў Бранску міліцыя затрымала двух мужчын, якія біліся проста на вуліцы. Аднаго павезлі ў бальніцу (ён быў паранены нажом), другога — у аддзяленне. Затрыманы адпірацца не стаў: так, маўляў, я кінуўся на чалавека з нажом. А кінуўся таму, што гэта нацысцкі злачынца, былы начальнік Лакоцкай турмы Мікалай Іванін.
Іванін прызнаўся: так, ён служыў у нацыстаў начальнікам турмы ў так званай «Локацкай рэспубліцы». Там і пазнаёміўся з той самай «Тонькай-кулямётчыцай», у іх нават быў кароткі раман. Іванін паведаміў: жанчыну-ката звалі Антаніна Макарава, яна родам ці то з Масквы, ці то з Падмаскоўя.
Спецслужбы пачалі прапрацоўваць Антанін Макаравых з Масквы і Падмаскоўя. Найбольш імаверная «Тонька» жыла ў падмаскоўным Серпухаве.
Іванін пагадзіўся апазнаць жанчыну. Яго адвезлі ў Серпухаў, засялілі ў гатэль. А на наступны дзень знайшлі мёртвым. Мікалай Іванін скончыў жыццё самагубствам.
Пачаліся раптоўныя пошукі сведкаў, якія маглі памятаць «Тоньку-кулямётчыцу». Але ніхто з іх не пазнаў у жыхарцы Серпухава бязлітаснага ката. Гэта была не тая Макарава.
Тая Макарава спакойна жыла ў беларускім Лепелі. Але КДБ пакуль што гэтага не ведаў. Ды і не мог ведаць — бо шукалі жанчыну, зарэгістраваную пры нараджэнні як Макарава. Антаніну ж пры нараджэнні зарэгістравалі Панфілавай. «Макаравай» яна стала пазней, з лёгкай рукі вясковай настаўніцы.
* * *
«Локацкую рэспубліку» ўзялі савецкія войскі ў верасні 1943 года. Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек адступілі разам з немцамі. Быў сярод іх і Браніслаў Камінскі. Пражыў ён нядоўга: яго расстралялі 28 жніўня 1944 года самі немцы. Па адной з версій, вязень канцлагера, былы савецкі кдбшнік, паведаміў, што Камінскі служыў у НКВД, маўляў, ён агент, які працуе на СССР. Па іншай версіі, лёс Камінскага быў вырашаны пасля зверстваў «РОНА» пры падаўленні Варшаўскага паўстання, і загад расстраляць яго аддаў асабіста Гітлер, каб замесці сляды.
Калі савецкія войскі занялі тэрыторыю «Рэспублікі Локаць», Макаравай там ужо не было — яна лячылася ў тылавым шпіталі (па адной з версій, ад венерычнай хваробы). Пазней ёй дапамаглі выехаць ва Украіну, адтуль у Польшчу. Там яе затрымалі немцы, адправілі працаваць на завод у Кёнігсбергу (Калінінградзе). Калі горад занялі савецкія войскі, Макараву праверыла НКВД і не знайшла нічога падазронага. Сама Антаніна казала, што з верасня 1941 года была ў палоне. Яе ўзялі медсястрой у вайсковы шпіталь.
Там яна і пазнаёмілася з маладым беларускім салдатам Віктарам Гінзбургам, які лячыўся ад кантузіі. Неўзабаве яны закахаліся. Затым ажаніліся і з’ехалі ў Лепель, родны горад Гінзбурга.
У Віктара і Антаніны нарадзіліся дзве дачкі. Жанчына спакойна працавала на мясцовай швейнай фабрыцы ў аддзеле кантролю якасці. Антаніна лічылася добрым работнікам, нават трапляла на Дошку пашаны.
Гінзбургі лічыліся паважанай сям’ёй — усё ж абое былыя франтавікі. Віктар нават меў падзякі ад Сталіна. Праўда, калегі казалі, што Антаніна была даволі замкнёнай і не мела блізкіх сяброў, але ж людзі розныя. Не мець сяброў яшчэ не злачынства.
Хутчэй за ўсё, Антаніна б спакойна дажыла свой век у беларускай правінцыі. Але яе несвядома выкрыў родны брат, які зрабіў паспяховую вайсковую кар’еру.
* * *
У 1976 годзе супрацоўнік Мінабароны палкоўнік Панфілаў, які жыў у Цюмені, запаўняў анкету для выезда за мяжу. У дакуменце ён пазначыў, што мае сястру Антаніну Гінзбург, чыё дзявочае прозвішча Макарава. Кдбшнікі выехалі ў Лепель. 56-гадовую Антаніну ўзялі ў распрацоўку, за ёй сачылі. Жанчына пачала заўважаць гэта, але сачэнне знялі, заняліся пошукам матэрыялу. Яшчэ цэлы год Антаніна жыла спакойна.
Чытач «Нашай Нівы» з вялікім стажам 80-гадовы Іосіф Навумчык ведае падрабязнасці затрымання Макаравай з першых вуснаў. Пра яе справу ён пачуў ад свайго сябра Віктара Старасельца, які ўзначальваў Лепельскае КДБ.
«Стараселец быў чалавекам, які яе арыштоўваў.
Ён расказваў, што сям’ёй Гінзбургаў зацікавіліся яшчэ раней — яе муж, Віктар, заяўляў пра сваё жаданне перабрацца ў Ізраіль. Ворганы бяспеку пачалі праверку. Замкнёная жонка таксама выклікала падазрэнні, - узгадвае Навумчык. —
Пасля, калі ў Макаравай ужо падазравалі тую самую «Тоньку», пачаліся эксперыменты. Яе запрасілі ў ваенкамат, каб удакладніць пытанні наконт ваеннага мінулага, але яна не змагла адказаць пра сваё падраздзяленне, пра шпіталь, дзе працавала.
Затым улетку 1978 года ў Лепель прывезлі жанчын, якія памяталі «Кулямётчыцу». Яны сядзелі ў машыне насупраць дома Макаравай — ці пазнаюць? Але адназначнага адказу жанчыны не далі».
Тады вырашана было правесці яшчэ адзін эксперымент. Антаніну запрасілі ў сабес, нібыта наконт пераразліку пенсіі. Ролю бухгалтара выконваў опер з КДБ. У кабінеце сядзела жанчына, якая памятала «Тоньку-кулямётчыцу». Сведка пацвердзіла: «Яна!»
* * *
Затрымалі Антаніну Макараву-Гінзбург на працы. А 10-й раніцы начальнік аддзела кадраў выклікаў яе. Аддзел кадраў быў у суседнім з фабрыкай будынку. Па дарозе яе сустрэла машына з аператыўнікамі. Антаніну запрасілі сесці ў аўто.
Яна пагадзілася.
«Антаніна сказала, што чакала гэтага ўсё жыццё. Трымалася спакойна. Папрасіла закурыць — хаця ніколі не курыла, ані на працы, ані дома. Яе пачаставалі папіросай.
Таксама Макаравай прапанавалі заехаць дадому, развітацца з сям’ёй. Але яна адмовілася», — расказвае Навумчык.
Валявая, рашучая жанчына — так узгадваюць яе следчыя. Пра свае «прыгоды» расказвала спакойна.
«Я проста выконвала сваю працу, за якую мне плацілі. Як і іншыя салдаты. Я не ведала тых, каго расстрэльвалі. Яны мяне не ведалі. Таму сорамна мне перад імі не было. Бывала, стрэліш, падыдзеш бліжэй, а сёй-той яшчэ тузаецца. Тады зноў страляла ў галаву, каб чалавек не мучыўся». (З пратаколу допыту Антаніны Макаравай.)
Састарэлую «Тоньку-кулямётчыцу» адвезлі ў Бранск, змясцілі ў СІЗА.
У судзе Антаніна прызнала сваю віну, але папрасіла яе памілаваць. Маўляў, ёй трэба было зрабіць аперацыю на вочы, чым не падстава для літасці?
Але не спрацавала.
20 лістапада 1978 года Антаніну Гінзбург прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання. 11 жніўня 1979 яе расстралялі.
Каментары