Беларускія навукоўцы распрацавалі ўзмацняльнікі прэпаратаў супраць рака
Узмацняльнікі проціпухлінных прэпаратаў распрацавалі ў Беларусі, паведаміў БелТА адміністратар праекта, навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Кляцкоў.
«Мы распрацавалі ўзмацняльныя дадаткі для вядомых біялагічна актыўных злучэнняў, напрыклад, для проціпухлінных прэпаратаў. Наша распрацоўка можа прынесці вялікую карысць у фарміндустрыі», — распавёў Аляксей Кляцкоў.
Сінтэзаваныя навукоўцамі дадаткі здольныя павышаць эфектыўнасць біялагічна актыўных рэчываў.
«Калі ўдасца знізіць нормы расходу проціпухлінных прэпаратаў, канцэнтрацыю, пры якой надыходзіць тэрапеўтычны эфект, то будзе павышацца ўзровень жыцця хворых падчас тэрапіі. Мы мяркуем, што ў перспектыве наша распрацоўка дазволіць стварыць камбінаваныя прэпараты, якія не будуць саступаць па эфектыўнасці ўжо існуючым, але пры гэтым колькасць пабочных эфектаў скароціцца і паменшыцца нагрузка на арганізм пацыента», — зазначыў адміністратар праекта.
Распрацоўка высока ацэненая экспертамі. Праект заняў трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы моладзевы інавацыйны праект» рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў 2016 года.
Каментары