Казацтва апошні час даволі часта трапляла ў СМІ. Хтосьці называў казакоў прарасійскай пятай калонай, хтосьці нагадвае, што гістарычна ніякіх «беларускіх казакоў» не было. Былі толькі ва Украіне і ў Расіі. «Наша Ніва» сабрала інфармацыю пра казацкія суполкі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі нашай краіны, і высветліла, што яны сабой уяўляюць.
У адрозненне ад Расіі, казацтва і беларуская дзяржава амаль не ўзаемадзейнічаюць (у кожным разе, афіцыйна). У Расіі нават званні генералаў казакам уручае паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта. У нас жа казакі выдаюць сабе званні самі. За межамі казачай суполкі іх чыны не значаць нічога. Казацкі палкоўнік ні ў якім выпадку не роўня палкоўніку армейскаму ці міліцэйскаму. Казацкі чын — гэта проста адзнака для сваіх.
Чыны выдаюцца на Радах атаманаў, ці Вялікіх кругах. На гэтых кругах прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх суполак, якія ўваходзяць у аб’яднанне. На гэтых жа кругах прымаюцца ўзоры формы, якая ў кожнай беларускай казацкай суполкі свая, і ўзнагароды. Па вялікім рахунку, кожная суполка можа абраць сабе любы ўзор формы і любую колькасць узнагарод. Усё роўна яны вартыя чагосьці толькі ўнутры свайго аб’яднання.
У Беларусі, як і ў Расіі, казакі актывізаваліся падчас перабудовы. Раней у СССР не вельмі падтрымлівалі такую самаідэнтыфікацыю. Першыя аб’яднанні з’явіліся ў сярэдзіне 90-х. Адным з іх было ГА «Беларускае казацтва»
«Мы глядзім вачыма прэзідэнта»
З 1995 года і па сённяшні дзень «Беларускае казацтва» ўзначальвае вярхоўны атаман, казацкі генерал Мікалай Улаховіч — былы вайсковец, выйшаў у запас у чыне палкоўніка.
Нават на пенсіі ён мае сур’ёзную хлебную пасаду: сёння ён працуе ў «Мінскім абласным спажывецкім саюзе».
«У 1654 годзе на загад цара [Маскоўскага, Аляксея Міхайлавіча, у часе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай] быў створаны Першы казацкі полк у Беларусі. Узначаліў яго казацкі палкоўнік, праваслаўны шляхціч Канстанцін Паклонскі. Вось з тых часоў і пайшлі казакі на Беларусі», — кажа Улаховіч.
Па яго словах, «Беларускае казацтва» налічвае сёння каля 1,5 тысячы актыўных удзельнікаў, хаця пасведчанняў за 20 гадоў дзейнасці было выдадзена каля 10—15 тысяч.
Казакі дзеляцца на дзве катэгорыі: радавыя і прыпісныя. Першыя — гэта тыя, хто мае продкаў-казакоў. Другія — тыя, хто вырашыў у казакі «запісацца», не маючы ніякіх каранёў.
«Я скасаваў розніцу паміж гэтымі катэгорыямі. Бо ў нас была праблема: радавыя ўціскалі прыпісных. Былі скандалы», — прызнаецца Улаховіч.
У лютым 2014 года двух казакоў увогуле выключылі з аб’яднання з даволі сур’ёзнай фармулёўкай: «За парушэнне дысцыпліны і статута, прапаганду сіянісцкай нецярпімасці сярод казакоў, а таксама распальванне тэрарыстычнай палітыкі ў адносінах да часткі карэннага насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Адным з іх быў сотнік Андрэй Марозаў.
«Марозаў выступіў супраць хрышчоных яўрэяў. А гэта ж вялікая група людзей, якая змяшалася даўно з беларусамі», — тлумачыць Мікалай Улаховіч.
Сам Марозаў кажа, што выказваўся супраць прыняцця грамадзяніна Ізраіля ў казацтва. Ён увогуле мяркуе, што казакі — невялікая асобная нацыя, накшталт памораў ці мардвы. Улаховіч лічыць такую пазіцыю непрымальнай.
«Мы саслоўе, а не нацыя. І ў Беларусі, і ў Расіі хапае тых, хто лічыць, што казакі пайшлі ад скіфаў, і гэта такая малая народнасць. Я супраць такой пазіцыі».
Акрамя таго, Улаховіч катэгарычна супраць любой камерцыйнай дзейнасці ў межах казацкага руху. Інакш, кажа ён, не захаваеш казацкі дух. Захаваць той самы дух дапамагае і праваслаўе. Людзей іншага веравызнання ў «Беларускае казацтва» проста не прымаюць.
Амаль кожны казак мае чын. «Гэта не воінскае званне. Што за казак без чына?» — каментуе Улаховіч.
Атрымаць чын можна за ўдзел у грамадскай дзейнасці ці за выслугу гадоў. Але пры гэтым трэба займаць адпаведную пасаду ў суполцы. То бок чын палкоўніка звычайнаму казаку, калі ён не кіраўнік раённай ці гарадской арганізацыі, дадуць наўрад ці. Пры гэтым любы чын можа атрымаць і жанчына.
Сам сябе Улаховіч называе «народным генералам». Па яго словах, свой чын ён атрымаў ад казакоў на Вялікім крузе. Акрамя яго, ёсць яшчэ два генералы. І больш не будзе.
«Мы спынілі практыку раздаваць генеральскія чыны. Вырашылі, што генерал павінен быць адзін — вярхоўны атаман», — паведамляе Улаховіч.
«Беларускае казацтва» — суполка абсалютна праўладная. Гэтага не хавае і яе кіраўнік. «Я старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, якая падтрымлівае прэзідэнта. Я быў членам аднаго са штабоў Лукашэнкі падчас выбараў 1994 года, — кажа Улаховіч. — І як глядзіць прэзідэнт, так глядзім і мы. На тую ж Украіну мы глядзім вачыма прэзідэнта. Наша аснова — служба дзяржаве, нягледзячы на ўласныя меркаванні».
Увогуле, Улаховіч асцярожны ў выказваннях. Нават пажаданні агучвае асцярожна.
«Дзяржава недаацэньвае патэнцыял нашага казацтва. Мы б з радасцю бралі большы ўдзел у грамадскім жыцці», — намякае ён.
«Бабы — беснаватыя жывёлы»
Іншае грамадскае аб’яднанне, «Усебеларускае аб’яднанае казацтва», узнікла ў 1997 годзе. На чале яго стаў казацкі генерал Мікалай Ярковіч, вярхоўны атаман.
«Ярковіч прыйшоў да нас у 1997 годзе па рэкамендацыі аднаго расійскага сябра-казака. Сам сябе прапанаваў у кіраўніцтва. Мы ад такой прапановы адмовіліся. І ён стварыў сваю суполку — «Усебеларускае аб’яднанае казацтва». Потым некаторыя з нашых казакоў перабеглі да яго», — расказаў Мікалай Улаховіч.
Дакладная колькасць удзельнікаў «Усебеларуска га аб’яднанага казацтва» невядомая. Але член аб’яднання, казацкі палкоўнік Яўген Макаранка, заяўляе, што ў іх каля 10 000 казакоў па ўсёй Беларусі.
Увогуле, структура суполкі падобная да «Беларускага казацтва»: тыя ж чыны, тыя ж агульныя зборы казакоў на кругах. Праўда, па словах Макаранкі, без вышэйшай адукацыі афіцэрскі чын у іх не атрымаеш.
«Усебеларускае аб’яднанае казацтва» супрацоўнічае з ГА «Русь» (грамадскім аб’яднаннем расейцаў у Беларусі, якое знаходзіцца ў шчыльных зносінах з арганізацыяй «Русь молодая», цесна звязанай са структурамі, якія фінансуюць прарасійскія сілы ў краінах былога СССР). У «Русі» нават існуе нешта накшталт казацкай фракцыі. Яна мае назву «Казакі Святой Русі» і часта бярэ ўдзел у рознага роду мерапрыемствах.
Пры гэтым, калі верыць Яўгену Макаранку, «Усебеларускае аб’яднанае казацтва» падтрымлівае ідэю аб тым, што казакі — гэта асобная нацыя сасваімі традыцыямі. Казацкую форму, ці «справу», як яны яе называюць, Макаранка лічыць нацыянальным строем, такім жа, як вышыванка у беларусаў.
«Казакі — адзін з чатырох асноўных старажытных [рускіх] этнасаў. Астатнія тры — велікаросы, беларусы і маларосы», — кажа Макаранка.
Стаць казаком у гэтай суполцы можна таксама ці па нараджэнні, ці прыпісным. Прыпісныя павінны вытрымаць выпрабавальны тэрмін: ад 6 месяцаў да года. Нацыянальнасць асаблівай розніцы не мае. Галоўнае, ізноў жа, праваслаўная вера.
«Мы лічым, што каталіцкая царква — адна з сясцёр нашых, але сястра, якая збілася са шляху. Католік служыць не Богу, а яго намесніку на Зямлі — Папу Рымскаму. А мы служым Госпаду Богу! — кажа Макаранка. — Дзецям з самага нараджэння мы даносім такую думку, што яны належаць не сабе, а Богу і Айчыне».
Увогуле, па версіі Макаранкі, шмат казакоў выйшла з «Беларускага казацтва» менавіта таму, што там пачалі захапляцца «экуменічнай верай».
Карціна свету у самога Яўгена Макаранкі даволі простая. Ва Украіне ваююць «антыфашысты» (ДНР і ЛНР) з «фашыстамі». Парашэнкам кіруе ЗША. А беларускія нацыяналісты хочуць зладзіць Майдан у Мінску.
«Да нацыяналістаў мы ставімся рэзка негатыўна. Нацыяналізм — гэта ракавая пухліна грамадства. Тое, што яны нам насаджаюць, гэта ж нават не беларуская мова», — абураецца Макаранка.
У Еўропе, на яго думку, усёдазволенасць і гей-парады, і нам туды не трэба. А збіццё расійскімі казакамі ўдзельніц панк-гурту Pussy Riot казачы палкоўнік падтрымаў і расказаў чаму.
«Не блытайце жанчыну і бабу. Жанчын біць нельга. А баб — можна і нават трэба. Таму што жанчыны — светлыя істоты, роўныя мужчынам. Яны нясуць у сабе вобраз Божай Маці, — тлумачыць Макаранка. — А бабы — беснаватыя жывёлы».
Казацкага генерала Бакланава, які быў накіраваны на здушэнне паўстання 1863 года, Макаранка лічыць героем. Да Шкуро, казака, які быў афіцэрам Вермахта, у яго стаўленне неадназначнае: з аднаго боку, ён сапраўды герой, кажа Макаранка, але яго дзейнасць у Вермахце не падтрымлівае.
«Мы з вялікай павагай ставімся да генерала Вермахта фон Панвіца. Гэта быў камандзір казацкага корпуса Вермахта. Ён быў вельмі годным афіцэрам. Калі яго казакоў выдалі СССР, ён вырашыў застацца з імі, і ў выніку яго павесілі. Я разумею пра Вермахт, але нават да ворагаў трэба ставіцца з павагай, тым больш да такіх, хто паважаў казацтва», — удакладняе Яўген Макаранка.
«Ніякіх інструктараў з Расіі не было на нашых мерапрыемствах»
«Вашая суполка, так званыя незалежныя СМІ, распаўсюджвае пра нас хлусню. Нашыя матэрыялы перакручваюцца, інфармацыя мэтанакіравана скажаецца», — кажа Пятро Шапко, кіраўнік цэнтра «Казацкі спас». — Я вашай газеце не давяраю».
Менавіта «Казацкі спас» часта ладзіць моладзевыя ваенна-патрыятычныя зборы, якія потым называюць у СМІ прарасійскімі». Сам Шапко гэта адмаўляе.
«У палітыку мы не лезем. Мы праваслаўныя людзі і патрыёты сваёй Радзімы. Мы не хочам, каб з моладзі вырасталі наркаманы. Мы выступаем за нармальнае, мужчынскае выхаванне для хлопчыкаў і жаночае — для дзяўчат. «Казацкі спас» — гэта цэнтр, які дзейнічае ў межах ГА «Горад без наркотыкаў». Ваенна-патрыятычнае выхаване моладзі — адзін з кірункаў нашай дзейнасці. Мы актыўна працуем з моладдзю, праводзім лекцыі, экскурсіі, займаемся прафілактыкай наркаманіі, — тлумачыць Шапко. — Сярод нашых членаў хапае тых, хто быў і ў «Беларускім казацтве», і ва «Усебеларускім аб’яднаным казацтве». Але людзі адтуль павыходзілі, бо нам не давалі там працаваць».
Сам Шапко прыйшоў да казацтва пасля ўцаркаўлення. Продкаў з казакоў ён не ведае, але лічыць, што казацкая кроў у яго ёсць. Увогуле, сябе і сваіх паплечнікаў Шапко называе новай хваляй казацтва. Напрыклад, чыноў у «Спасе» няма. Як няма і вярхоўнага атамана.
«Мы супраць таго, каб у сучасным казацтве існавалі гэтыя званні. Сама наяўнасць гэтых зорак, ордэнаў і медалёў ператварае казацтва ў кірмаш фанабэрыі. А казак павінен служыць. Мы бачым развіццё казацтва як мужчынскай суполкі, якая потым можа ўліцца ў сістэму тэрытарыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь», — кажа Шапко.
Трапіць у «Казацкі спас» не так проста. Можна браць удзел у мерапрыемствах, але, каб лічыцца паўнавартасным членам суполкі, трэба прайсці выпрабавальны тэрмін: ад 1,5 да 3 гадоў. Падчас яго прэтэндэнт павінен браць актыўны ўдзел у жыцці клуба. Праваслаўе — таксама адзін з важных крытэраў.
Праўда, колькасць членаў «Казацкага спаса» Шапко назваць адмовіўся. Абвінавачванні ў прарасійскай дзейнасці Пятро Шапко абвяргае, называе гэта палітычным заказам: «Ніякіх інструктараў з Расіі не было на нашых мерапрыемствах. Гэта хлусня. Нават упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю правярала нас пасля тых публікацый. Ніякіх парушэнняў заканадаўства не знайшлі», — кажа ён.
Такія справы.
***
Рознага роду казацкіх аб’яднанняў на Беларусі шмат. Дакладная колькасць іх невядомая. Лічаць сябе казакамі многія, але актыўных удзельнікаў «казацкага руху» не так шмат. Лічбы 10—15 тысяч — яўнае перабольшванне. Часта асобныя аб’яднанні фарміруюць тыя, хто па розных прычынах не прыжыўся ў буйнейшых казацкіх суполках.
Так, напрыклад, той сотнік Марозаў з паплечнікамі стварылі беларускую «філію» Старадубскага казацкага палка, а нейкі Сяргей Новікаў разам з бацькам Уладзімірам стварылі «Міратворчую казацкую гвардыю». Яўген Макаранка сцвярджае, што «Казацкая гвардыя» ўвогуле пазіцыянуе сябе масонскай арганізацыяй.
Што цікава, масонамі «Гвардыю» называе і інфармацыйны партал БПЦ sobor.by.
Каментары