Усяго патроху77

Навукоўцы з БДУ разгадалі мову насякомых

Амаль фантастычныя распрацоўкi ўкараняюцца на хiмiчным факультэце БДУ.

Амаль фантастычныя распрацоўкi ўкараняюцца на хiмiчным факультэце БДУ. Там штучна вырабляюцца сiнтэтычныя прэпараты, якiя з’яўляюцца аналагам натуральных ферамонаў насякомых.

Каб зразумець значнасць работы навукоўцаў, трэба ведаць наступнае. Людзi размаўляюць адзiн з адным пры дапамозе гукаў, а iншыя прадстаўнiкi жывой прыроды — каму як зручней. Насякомыя дасылаюць адзiн аднаму сiгналы пры дапамозе пахаў, кожны з якiх мае пэўнае значэнне для асобiнаў аднаго вiду. Рэчывы, якiя выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе i маюць тое цi iншае адценне паху, называюць ферамонамi. Калi ведаць iх хiмiчную формулу i паспрабаваць стварыць у лабараторных умовах, то пасля распаўсюджвання ў атмасферу можна фактычна ўзяць жывы арганiзм пад кантроль.

Дарэчы, ферамоны выпрацоўвае кожная жывая iстота, i чалавек не выключэнне. Мы выкарыстоўваем iх, i таксама для «гульнi» з iншымi. Рэчывы гэтыя дзейнiчаюць на iнстынктыўным узроўнi, змагацца з iх «загадамi» складана. У апошнiя гады актыўна гандлююць так званымi «парфумамi кахання». Калi перад выхадам з дому выпусцiць некалькi пахучых кропляў на адзенне, то магчыма нават з першага позiрку знайсцi ключ да сэрца ўпадабанай асобы. Ферамоны, якiя знаходзяцца ў флаконе, як абяцаюць вытворцы, сваiм пахам прыцягваюць жанчын або мужчын. «Толькi адчуўшы iх водар, мужчына адразу ж захоча кахання менавiта з вамi», — такiя словы змяшчаюцца на адной невялiкай ёмiстасцi са спецыяльнымi «жаночымi» духамi. Але гэта па чутках. Не ведаю, як гэта адбываецца з людзьмi на практыцы (адзiн знаёмы казаў, што калi трапiш не на распаўсюджаныя падробкi, а на сапраўдныя «духi запалу», то цеснае знаёмства з жанчынай забяспечана), а вось на насякомых ферамоны дзейнiчаюць бездакорна. Прынамсi, наведаўшы днямi лясгас Маладзечанскага раёна, карэспандэнт газеты пераканаўся, што з прыродай не паспрачаешся, а вучоныя нашы ў сваiх распрацоўках нiчым не саступаюць замежным калегам.

На лясным масiве, у спецыяльна развешаных на галiнках дрэў пластыкавых пастках ляжалi трапiўшыя туды шкоднiкi лясоў — шаўкапрады. Усе выключна мужчынскага полу. Яны ляцелi на прызыўны пах самак свайго вiду, але замест сустрэчы з iмi трапiлi ў пастку. Ды i, шчыра кажучы, тое, што шаўкапрады прынялi за сiгнал для знаёмства, было не што iншае, як пах сiнтэзаванага ў лабараторыi хiмфака ферамону.

…У 1962 годзе ў паўднёвых лясгасах краiны вораг дрэва — звычайны сасновы пiлiльшчык — пашкодзiў каля 500 тысяч гектараў лясных насаджэнняў. Уборка сухастояў пасля гэтага заняла дзесяць гадоў. Калi дапусцiць пашкоджанне дрэва насякомымi, то на адным гектары будуць страты ў пяць—сем кубаметраў драўнiны. У Нарвегii ў васьмiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя паўстала праблема ўсыхання дзесяцi мiльёнаў кубаметраў яловых дрэў, i адразу ж па ўсёй краiне былi развешаны 650 тысяч прыманак‑пастак з ферамонамi шкоднiкаў…

— За дванаццаць апошнiх гадоў па Беларусi прайшлi восем засух, якiя загубiлi лясныя насаджэннi. Вядома, што пасля такой прыроднай з’явы на дрэвы накiдваюцца насякомыя‑шкоднiкi i знiшчаюць iх. На сёння найбольш дзейсны сродак барацьбы з крылатымi ворагамi — штучныя ферамоны, — расказаў галоўны iнжынер дзяржаўнай установы па абароне i манiторынгу лесу «Беллесаабарона» Якаў Марчанка. — Раней мы набывалi рэчывы ў польскiх, англiйскiх, расiйскiх вытворцаў, i кошт быў даволi высокiм. Беларускiя ж распрацоўкi ў два—два з паловай разы таннейшыя за замежныя аналагi.

У чым жа эфектыўнасць штучных ферамонаў? У нашых лясах яны пачалi выкарыстоўвацца з 1997 года i ўжо сталi адной з галоўных формаў барацьбы са шкоднiкамi дрэў. Пры iх дапамозе ажыццяўляецца i кантроль за колькасцю насякомых‑шкоднiкаў, i непасрэднае знiшчэнне. У развешаныя на дрэвах пасткi, у сярэдзiне якiх знаходзяцца маленькiя гумовыя кавалачкi, якiя ўтрымлiваюць ферамонныя рэчывы, злятаюцца ворагi дрэў. У месцах патэнцыяльнай рызыкi пасткi размяшчаюцца для правядзення манiторынгу колькасцi шкоднiкаў у лесе. Калi ж крытычная кропка перасягнула мяжу, i пагроза для масiваў стала вiдавочнай, то ў спецыяльным парадку па ўсiм лесе размяркоўваецца вялiкая колькасць пастак, у якiя, нiбы на святло, злятаюцца i гiнуць сотнi насякомых.

Бывае, што ўчасткi насычаюць ферамонамi, якiя прызначаны толькi для мужчынскiх асобiнаў. Крылатыя кавалеры мяркуюць, што ляцяць да сябровак, а на справе трапляюць у празрысты кантэйнер. Нават той, хто не трапiў, усё роўна будзе дэзарыентаваны i ўжо не здольны адрознiць сiгналаў натуральных ад «водараў» сiнтэтычных. У вынiку самкi насякомых так i не дачакаюцца сваiх «каханых». Якаў Марчанка так пераканана тлумачыў, што я не стрымаўся, i сам засунуў нос у адну з пастак. Можа, i на чалавека яны дзейнiчаюць? Аднак нiчога не адбылося.

— У залежнасцi ад вiду шкоднiка i мэтаў, мы выкарыстоўваем ад некалькiх ферамонных пастак на адзiн гектар да адной на сто гектараў. Ствараем таксама i спецыяльныя лоўчыя дрэвы, на якiя прыцягваем, а потым знiшчаем насякомых. Пах адчуваецца шкоднiкамi на адлегласцi да чатырох кiламетраў, — патлумачыў ён. — Мы ахоплiваем такой апрацоўкай 460—600 тысяч гектараў лясной плошчы, задзейнiчаем пры гэтым пяць—дзесяць тысяч дыспенсераў (гэта крынiца ўтрымання i адзiнка ўлiку ферамонаў).

Нездарма карэспандэнт газеты не адчуў нiякага паху, для гэтага яму трэба было нарадзiцца па меншай меры шаўкапрадам. Беларускiя ферамоны, таксама як i iх замежныя аналагi, павiнны мець вiртуозную выбiральнасць дзеяння. Лясное багацце ўяўляе не толькi эканамiчны рэсурс, але дапамагае падтрымлiваць экалагiчны баланс наваколля. Экасацыяльная роля лесу прызнана ва ўсiм свеце, i таму нават яго абарона ад хвароб i шкоднiкаў патрабуе выкарыстання бяспечных спосабаў i рэчаў. Комплекснае ж ужыванне ферамонаў дазваляе скарачаць плошчы авiяцыйных апрацовак дрэў на 35—40 працэнтаў, i iстотна памяншае запатрабаванасць у выкарыстаннi iнсектыцыдаў.

Падлiчана, што на адну тысячу рублёў выдаткаў эканамiчны эфект ад выкарыстання ферамонаў складае тры тысячы прыбытку. Напэўна, дасягнуты нiзкi кошт ферамонаў пры аднолькавай якасцi мае вызначальную ролю ва ўнiкальнасцi беларускай распрацоўкi. Зараз праходзяць рэгiстрацыйныя iспыты ферамонных прэпаратаў для барацьбы з сасновым шаўкапрадам, звычайным i сасновым пiлiльшчыкам. А ўвогуле з 2000 года лясная гаспадарка пачала пераходзiць на выкарыстанне iмпартазамяшчальных ферамонаў. Пасля рэгiстрацыi можна будзе сцвярджаць аб беларускiм…

— Ноў‑хау? — спыталi мы ў вядучага навуковага супрацоўнiка навукова‑даследчай лабараторыi элементаарганiчнага сiнтэзу Белдзяржунiверсiтэта, кандыдата хiмiчных навук Тамары Прытыцкай.

— Так, пасля рэгiстрацыi новых распрацовак можна сказаць, што гэта — беларускае ноў‑хау.

— Якiя асаблiвасцi распрацоўкi ферамонаў?

— Неабходна вырабляць рэчыва дастаткова складанага складу. Для таго, каб зробленае рэчыва прываблiвала насякомае, сiнтэтычны ферамон павiнен быць iдэнтычны натуральнаму. Метады, якiя iснуюць на сёння, не дазваляюць атрымлiваць ферамоны за невялiкую колькасць тэхналагiчных прыёмаў, наадварот, патрабуюць шматстадыйнага сiнтэзу. Да таго ж, на кожнай стадыi праводзiцца серыя асобных тэхналагiчных аперацый, каб забяспечыць ачыстку ад пабочных рэчываў. Усе дзеяннi могуць быць выкананы толькi высокаквалiфiкаванымi хiмiкамi.

— Чым адрознiваецца распрацоўка вашай лабараторыi?

— Мы арыентавалiся на галоўныя патрабаваннi: невысокi кошт i даступнасць усiх зыходных матэрыялаў, скарачэнне колькасцi ўсiх стадый атрымання рэчыва, высокi канечны прадукт i самае галоўнае, максiмальная яго чысцiня, якая не адрознiвала б рэчыва ад натуральнага ферамону.

У нашай краiне ўжо зарэгiстраваны пяць вiдаў ферамонных абаронцаў ад шкодных насякомых. Прадукцыя, якая праходзiць зараз iспыты, уваходзiць у праект пад вялiкай назвай «Тэхналогiя атрымання i ўжывання ферамонных прэпаратаў у iнтэграванай сiстэме абароны лесу ад небяспечных энтамашкоднiкаў: сасновага шаўкапрада, звычайнага i рыжага сасновых пiлiльшчыкаў», якi запланаваны Дзяржаўнай праграмай iнавацыйнага развiцця Рэспублiкi Беларусь на 2007—2010 гады.

Дзьмітры Альфер, Звязда

Каментары7

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты35

Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка8

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску2

Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі25

Падчас пажару ў віцебскім ГЦ пацярпелі 15 чалавек, з іх 2 работнікі МНС2

Сала па 35 рублёў, шмат садавіны і навагодніх тавараў. Якія цэны на Камароўцы перад святамі?1

Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры ліквідавалі, спатрэбілася чатыры з паловай гадзіны1

У Расіі заблакавалі Viber14

«Рускіх і ўкраінцаў можна параўноўваць з ханьцамі». Мядзведзеў тлумачыць кітайцам прычыны вайны ва Украіне на блізкіх ім прыкладах11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Галоўнае
Усе навіны →