«Міграцыйная палітыка стане стражэйшай». Літоўскі эксперт ацаніў перамогу сацыял-дэмакратаў на выбарах у Літве
27 кастрычніка прайшоў другі тур выбараў у Сейм Літвы, якім завяршылася выбарчая кампанія. Вынікі парламенцкіх выбараў на просьбу «Радыё Свабода» пракаментаваў Вітаўтас Брувярыс, галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навін ELTA.
«Сацыял-дэмакратычная хваля адбылася, але гэта было не цунамі. Перамога за сацыял-дэмакратамі, яны сфармуюць новы ўрад, але важна і тое, якой яны дасягнулі перавагі», — лічыць Вітаўтас Брувярыс.
На думку эксперта, насуперак некаторым прагнозам, здаровы сэнс літоўскіх выбарцаў перамог папулізм, які падаграваўся з усходу.
«На шчасце, памылковымі аказаліся прадказанні, што сацыял-дэмакраты перамогуць з велізарным адрывам. Не, перавага ў іх не такая ўжо і вялікая. У выніку сацыял-дэмакраты сфармуюць новую ўладную кааліцыю, якая не будзе мець такой велізарнай перавагі, якую мелі кансерватары ў папярэднюю кадэнцыю.
Новая кааліцыя не будзе вельмі моцнай. Але ў яе ёсць усе шанцы пратрымацца 4 гады да новых выбараў. Гэта лепш, што яны атрымалі 52 месцы, чым калі б набралі 30 месцаў ці 40. Таму перыяду вялікай турбулентнасці я не прадбачу», — адзначае Вітаўтас Брувярыс.
Эксперт нагадаў вынікі дзвюх іншых партый, якія ўтвораць праўладную кааліцыю з сацыял-дэмакратамі: гэта партыя «Дзеля Літвы», якая набрала на выбарах 14 месцаў, і «Саюз сялян і зялёных», які забяспечыў сабе 8 месцаў. Агулам у кааліцыі атрымліваецца 74 месцы, што складае большасць у Сейме, у якім 141 месца.
«Большасць — 71 мандат. Нават ёсць некалькі мандатаў у запасе. Але ўсё адно праблемы ва ўзаемаадносінах у іх застануцца. Ёсць яшчэ і другая праблема: вярнулася пытанне аб прэм’ерстве Віліі Блінкявічуце, якая напрамую не кажа, што зойме гэтую пасаду. Але калі яна не ідзе ў прэм’еры, тады для сацыял-дэмакратаў адкрываецца вялікая праблема: любы, хто пагодзіцца на гэты пост, не будзе моцным лідарам. Ды і яна пасля такіх дзеянняў і словаў, што мы бачылі і чулі, не думаю, што ўзмацніла свой палітычны аўтарытэт.
Такім чынам, калі падсумаваць, сітуацыя такая: ёсць новае лідарства — цяпер сацыял-дэмакратычнае, але гэтае лідарства, як патрыманы аўтамабіль, ужо пабітае. І другая выснова — гэта тое, што становішча ў кааліцыі можа кардынальна змяніцца», — падсумаваў Вітаўтас Брувярыс.
Адносна палітыкі новага ўрада ў дачыненні да вайны ва Украіне і міграцыйнай праблемы Вітаўтас Брувярыс мяркуе, што яна пачне імкліва набліжацца да той, якую падтрымлівае прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
«Пачнецца барацьба за тое, хто будзе кантраляваць Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны. Гэтак званае «старое крыло» ў кіраўніцтве сацыял-дэмакратаў будзе настойваць, каб партыя атрымала над імі кантроль, але тут бачны і другі гулец — гэта прэзідэнт і яго адміністрацыя, якія таксама маюць такія амбіцыі. У любым выпадку ўплыў на гэтыя ключавыя міністэрствы з боку адміністрацыі Гітанаса Наўседы павялічыцца, а значыць, павялічыцца і ўплыў на дзейнасць Дэпартамента міграцыі.
Дастаткова паглядзець на ранейшую пазіцыю прэзідэнта ў гэтым пытанні, каб зразумець — міграцыйная палітыка стане стражэйшай. Не выключаю, што ўсе меры, якія раней прымаў прэзідэнт у гэтым кірунку, будуць рэалізаваныя», — лічыць Вітаўтас Брувярыс.
Што да змяненняў у стаўленні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, тут Вітаўтас Брувярыс істотных зрухаў не прадбачыць.
«Сумняюся, што будзе нейкі адкат і вяртанне да прапаноў аб змякчэнні стаўлення да рэжыму Лукашэнкі. Што, маўляў, можна з ім пагуляць і ў выніку дамагчыся, каб ён пайшоў насуперак Расіі, як калісьці пра гэта марылі ў адміністрацыі прэзідэнта. Ужо не засталося такіх, хто верыць у рэальнасць гэтых планаў.
Лічу, новы ўрад у гэтым пытанні будзе арыентавацца найперш на агульную палітыку Еўрасаюза. Калі тут і будуць нейкія ваганні з боку прэзідэнта і сацыял-дэмакратаў, то толькі разам з агульнай лініяй Еўрасаюза», — лічыць галоўны рэдактар ELTA.
Карэспандэнт «Радыё Свабода» нагадаў Вітаўтасу Брувярысу пра нядаўнія напады на будынкі, звязаныя з прысутнасцю беларусаў у Вільні: пра кінуты «кактэйль Молатава» і зняважлівы надпіс на будынку Беларускага дома, пра падобны надпіс і пабітае шкло ў краме беларускіх сувеніраў «Кропка» і іншыя выпадкі. Эксперт лічыць, што дзейнасць літоўскіх спецслужбаў, якія павінны знаходзіць і прыцягваць да адказнасці вінаватых у такіх інцыдэнтах, не стане слабейшай і ўрэшце прывядзе да вынікаў.
«Лічу, што гэта адназначна працуюць расійскія ці беларускія спецслужбы, бачны адзін почырк. Што тычыцца таго, што пакуль няма вынікаў дзейнасці нашых сілавікоў, то ўсё ж, лічу, так казаць рана. Не думаю, што яны бяздзейнічаюць. Але перакананы, што ў гэтай гісторыі павінна быць пастаўленая кропка, інакш такія інцыдэнты будуць працягвацца і ўзмацняцца.
Людзі, якія за гэтым стаяць, ужо пераходзяць да адкрытай тэрарыстычнай барацьбы: спрабуюць нацкаваць адных на адных, пасварыць літоўцаў і беларусаў і ўвогуле пасеяць у Літве паніку, адпомсціць за падтрымку Украіны. Новаму ўраду, на маю думку, трэба тэрмінова рабіць меры, каб адрэагаваць на гэтыя тэндэнцыі», — мяркуе галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навін ELTA.
Каментары