Як можа змяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы
Літва падышла да парламенцкіх выбараў 13 кастрычніка ў сітуацыі эканамічнага росту, зніжэння інфляцыі і росту даходаў насельніцтва. Але пры добрых эканамічных паказчыках сацыёлагі адзначаюць рост левых і нават радыкальных настрояў.
Гэты парадокс, а таксама беларускі кантэкст літоўскіх выбараў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» тлумачыць Вітаўтас Брувярыс, галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навінаў ELTA.
Перад выбарамі ў Сейм назапасіўся пратэставы патэнцыял
Паводле Вітаўтаса Брувярыса, для Літвы гістарычна ўласьцівы ўздым левых настрояў перад парлямэнцкімі выбарамі.
«Гэтак здаралася і раней, калі ва ўладзе былі партыі цэнтру і левых, а што казаць пра апошні час, калі ва ўладзе кансэрватары «Зьвязу Айчыны», «Партыя свабоды» і «Рух лібэралаў». Гэта гістарычны трэнд, але ёсьць і спэцыфічны трэнд гэтай кадэнцыі», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.
Асаблівасьцямі пэрыяду пасьля мінулых парлямэнціх выбараў у кастрычніку 2020 ён называе напружаньне падчас эпідэміі COVID-19 і мігранцкі крызіс, абумоўлены дзеяньямі ўладаў Беларусі і палітыкай Расеі.
«Спрэчкі аб дзеяньнях ураду падчас пандэміі былі такія, атмасфэра стала настолькі таксычнай, што ў нас загаварылі пра раскол грамадзтва», — кажа спадар Брувярыс.
Фактар Беларусі ён таксама лічыць вельмі істотным.
«Сытуацыя ў Беларусі пасля прэзыдэнцкіх выбараў, паўстаньне супраць дыктатуры і міграцыйны крызыс — гэта важная гісторыя, якая знаходзіла водгук у літоўскім грамадзтве, асабліва ў той фазе, калі дыктатура пачала помсьціць афіцыйнай Вільні за падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Зьявіліся сілы, якія паспрабавалі растрыбушыць наша грамадзтва — найперш праз інвазію нелегалаў на межах Літвы. Таксама даходзіла да забурэньняў каля Сейму, фактычна цягам цэлага дня ўвесь парлямэнт быў узяты ў закладнікі, даходзіла да боек з адмысловымі падразьдзеламі паліцыі».
Вырашальнай для зьмены настрояў выбарнікаў суразмоўца назваў поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны, якая пачалася ў 2022 годзе і працягваецца цяпер:
«Абвастрылася эканамічная сытуацыя праз сапраўдны і ўяўны крызыс цэн, але галоўнае, што здарылася і паўплывала на настроі электарату, — вайна ва Ўкраіне. Гэтая тэма дагэтуль застаецца пунктам напружаньня ў літоўскім грамадзтве», — лічыць Вітаўтас Брувярыс.
Паводле словаў Брувярыса, усё гэта і спрычынілася да росту пратэставых настрояў.
Пра новых «дэманаў» літоўскай палітыкі
Свабода спытала ў галоўнага рэдактара ELTA пра сілы, якія змагаюцца за перамогу на выбарах у Сейм, і іх шанцы ўзяць найбольш мандатаў.
«Гэта сілы традыцыйныя: кансэрватары, цэнтар, сацыял-дэмакраты, левыя, але зраблю такое параўнаньне — гэтым разам нібы падняліся ўсе «дэманы», — маю на ўвазе і радыкальныя палітычныя арганізацыі. На шчасьце, лідэрам гэтага пратэставага пад’ёму не стае досьведу і арганізацыйных здольнасьцяў, гэта ня тыя профі, як у Нямеччыне, у той жа «Альтэрнатыве для Германіі». Там і публіка саліднейшая, і краіна значна большая, і расейскіх грошай больш.
У Літвы гэтага няма, але ўсё роўна і ў нас радыкальны рух падняў галаву. Я назваў бы гэтых палітыкаў вельмі стракатай публікай, яны варагуюць адзін з адным, але гэтых людзей усё ж дастаткова, хваля ідзе і нават набірае сілу яшчэ і цяпер, за лічаныя дні да выбараў.
На вяршыні гэтай партыйнай групы — але гэта ніякія ня партыі, лепш назваць гэта «праектам» для прыходу да ўлады — аказалася арганізацыя пад назвай «Зара над Нёманам». Там сабраліся ўжо вядомыя палітычныя дзеячы, якіх мы бачылі пад самымі рознымі сьцягамі, але ёсьць і новыя фігуры. А галоўную там ролю адыгрывае такі Рэмігіюс Жамайтайціс — малады, дзёрзкі, нават радыкальны палітычны дзяяч. Дарэчы, ён у палітыцы не ад сёньня, пачынаў ён свой шлях зь дзеячамі, якія займаліся апэрацыямі зь зямлёй, некаторыя зь іх былі асуджаныя, а ён змог выйсьці пасьпяхова з той гісторыі.
Гэтая партыя фліртуе з сваімі прыхільнікамі, спрабуе празь іхныя галасы прыйсьці да ўлады і грошай. Пры гэтым яны атакуюць асноўныя стратэгічныя і геапалітычныя кірункі разьвіцьця літоўскай дзяржавы. Жамайтайціс нават першым зламаў табу на антысэміцкі наратыў у публічнай палітычнай сфэры. Але, насуперак гэтаму, ён форвард у выбарчай гонцы, адзін з фаварытаў гэтых выбараў і мае неблагія шанцы стаць часткаю новай кіроўнай кааліцыі.
Іншыя партыі цяпер спрабуюць супраць яго стварыць нейкі санітарны кардон, але ці ўдасца гэта, ня ведаю. Не выключаю, што пасьля выбараў у нас будзе нейкі час палітычны балаган», — разважае Вітаўтас Брувярыс.
Небясьпека прарасейскага і антыўкраінскага папулізму мабілізуе кансэрватараў
Паводле прагнозу Вітаўтаса Брувярыса, кансэрватары страцяць шмат мандатаў, але ўсё ж захоўваюць шанцы застацца моцнай сілай у парлямэнце і разьлічваць на кааліцыю з сацыял-дэмакратамі.
«Для цяперашняга зруху ў электаральных настроях ёсьць і сацыяльны грунт», — прызнае спадар Брувярыс і зьвяртаецца да традыцыйнага для Літвы падзелу электарату «на сталіцу і правінцыю».
«Мы таксама маем нібы дзьве краіны, дзьве Літвы. Ёсьць сталіца з сваім актыўным жыцьцём і ёсьць ціхая правінцыя, рэгіёны. Ёсьць відавочная сацыяльная разарванасьць паміж гэтымі дзьвюма Літвамі, дзе ўзровень жыцьця розны.
Натуральна, што некаторыя палітычныя дзялкі гэтую адарванасьць выкарыстоўваюць. Прычым даволі ўдала. Таму я ня тое што не выключаю прыходу новай палітычнай сілы да ўлады, а зь вялікай упэўненасьцю пра гэта кажу.
Але тут ёсьць такая рэч: мы ня ведаем, ці пройдуць у Сейм «Партыя свабоды» і «Рух лібэралаў», абедзьве лібэральныя партыі, якія цяпер ва ўладзе. Што пройдуць кансэрватары, гэта відавочна, як і тое, што яны там могуць быць заўважнай сілай. Але калі возьмуць усяго якія 20 мандатаў, а яшчэ і лібэралы нічога не атрымаюць, дык кансэрватары будуць у парлямэнце ў адзіноце, апынуцца ў апазыцыі. Але калі, як мяркуюць лідэры кансэрватараў, яны пройдуць і возьмуць 40-45 мандатаў, тады іншы расклад. Асабіста я ў гэтую лічбу ня веру, але паглядзім.
Кансэрватары традыцыйна маюць актыўны электарат, яны вельмі змабілізаваныя, і небясьпека прыходу радыкальнага прарасейскага, антызаходняга і антыўкраінскага папулізму відавочна іх мабілізоўвае, яны могуць застацца моцнай сілай у парлямэнце. Іх стратэгічны плян такі: выкарыстоўваць рыторыку санітарнага кардону з тым, каб сацыял-дэмакраты, якія, хутчэй за ўсё, будуць пераможцамі на выбарах, вырашылі зь імі пайсьці на кааліцыю. Мяркую, левацэнтрыстам спатрэбіцца блякаваць доступ да ўлады найперш «Зары над Нёманам» з Жамайтайцісам, і яны пагодзяцца на кааліцыю з кансэрватарамі. Тэарэтычная магчымасьць такога пляну ёсьць, але асабіста я ў яго мала веру», — сказаў Вітаўтас Брувярыс.
Як вынік выбараў можа паўплываць на палітыку Літвы адносна Беларусі
Палітыка цяперашняга ўраду Літвы адметная жорсткім стаўленьнем да рэжыму Лукашэнкі, падтрымкай уведзеных Эўразьвязам санкцыяў. Калі новы ўрад будзе больш левым, як гэта паўплывае на «беларускае пытаньне» і што будзе з падтрымкай пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, з санкцыямі супраць «Белкалію»?
«Калі прыйдзе да ўлады кааліцыя з сацыял-дэмакратаў, былых «зялёных» і партыі былога прэм’ера Саўлюса Сквярняліса «У імя Літвы» (ды яшчэ з прычэпам у выглядзе «Руху лібэралаў», калі тыя пройдуць у парлямэнт), тады могуць быць новыя нюансы, найперш адносна Беларусі. Бо ў шэрагах сацыял-дэмакратаў, як і ў кабінэце прэзыдэнта, па-мойму, яшчэ лунаюць настроі, што можна аддзяліць дыктатуру Лукашэнкі ад Пуціна, унесьці паміж імі нейкі раскол — ёсьць такая ілюзія. У гэта вераць таксама некаторыя палітыкі ў Брусэлі, у Бэрліне. Дык вось такія рэцыдывы могуць вярнуцца, калі мы кажам пра Беларусь. Але гэта будуць нюансы, а ў асноўным міжнародная палітыка захаваецца», — мяркуе спадар Брувярыс.
Але ў выпадку больш яўнай перамогі левых радыкалаў у журналіста прагноз іншы.
«Калі ж у кіроўную кааліцыю ўвойдзе «Зара над Нёманам» ды некаторыя іншыя сілы, зарыентаваныя на нацыянальныя меншасьці, то сапраўды нешта будзе мяняцца істотна. Некаторыя зь іх адкрыта кажуць, што трэба тэрмінова вяртаць калі не сяброўства, то добрасуседзкія адносіны з Лукашэнкам. Вальдэмар Тамашэўскі ўголас заявіў, што Літве патрэбны дыялёг з Лукашэнкам.
Яшчэ і Эдуардас Вайткус, які браў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і набраў 7% галасоў, таксама адкрыта кажа пра зьмены ў палітыцы стасоўна рэжыму ў Беларусі. Не выключаю, што і ў шэрагах «зялёных» і сацыял-дэмакратаў ідуць такія размовы. Можа, ня дойдзе да таго, як бывала раней, калі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце прымала кветкі ад Лукашэнкі, так ужо ня будзе, але і як цяпер, калі Літва ў істоце не аддзяляе Лукашэнку ад тэрарыстычнага рэжыму Масквы, можа ўжо ня быць», — прагназуе Вітаўтас Брувярыс.
Брувярыс дапускае, што калі ўладная кааліцыя будзе чыста левага толку, асабліва калі ў ёй будуць гэтыя радыкальныя сілы, то цалкам магчымай стане і новая палітыка санкцыяў стасоўна Беларусі.
Тэма міграцыі робіцца таксычнай
Літоўскі журналіст мяркуе, што асьцярогі наконт бясьпекі ў сувязі з наплывам у краіну мігрантаў будуць нарастаць, і гэта паўплывае на сытуацыю з мігрантамі, у тым ліку зь Беларусі.
«Сытуацыя што да мігрантаў пры ўсякім раскладзе будзе пагаршацца, бо палітыкі ўсіх колераў адчуваюць настроі літоўцаў. Вы ведаеце пра настроі ў сацыяльных сетках: літоўскай мовы ў Вільні менш чуваць і гэтак далей. Гэта палітыкі ўсіх колераў адчуваюць, у свае гульні гуляе і наш deep-state, нашы спэцслужбы, якія ў ідэалягічным пляне таксама настроеныя не асабліва прыхільна да «панаехаўшых». Таму мяркую, што тэма іміграцыі будзе станавіцца ўсё больш таксычнаю.
Але можа быць і гэтак, што калі сацыял-дэмакраты будуць першым нумарам у Сейме, тады міністэрствы замежных справаў і абароны будуць аддадзеныя прэзыдэнту для прызначэньня кіраўнікоў.
Дык вось тады можа захавацца цяперашняя лінія. Але трэба мець на ўвазе, што прэзыдэт таксама будзе, як мы кажам, прынюхвацца да вятроў, якія дзьмуць з Брусэлю, з Вашынгтону. А адтуль нас заўсёды стрымлівалі ў рашучасьці што да санкцыяў: маўляў, не эскалюйце, на забывайце, што тут мяжа ня толькі Літвы, але ўсяго Эўразвязу. Карацей, шмат нюансаў. Краіна малая, але нюансаў шмат», — разважае спадар Брувярыс пра магчымыя зьмены адносін Літвы зь Беларусьсю.
Ці гаварылі пра «літвінізм» падчас агітацыйнай кампаніі
Пра месца тэмы гэтак званага «літвінізму» ў выбарчай кампаніі ў Літве Вітаўтас Брувярыс сказаў, што асобна яна не гучала, хоць часам тэма прэтэнзіяў на тэрыторыю Літвы з боку суседзяў абмяркоўваліся — у кантэксьце дачыненьняў з Расеяй, Беларусьсю і вайны ва Ўкраіне.
«Але нейкай асаблівай эскаляцыі тэмы «літвінізму» ў сувязі з выбарамі не было. У міжнароднай тэматыцы пераважаюць Украіна, Расея. Адна частка палітычных сілаў — традыцыйныя сыстэмныя левацэнтрысцкія партыі — паўтаралі, што трэба ўмацоўваць абарону, не мяняць палітыку санкцыяў. А тыя сілы, якія знаходзяцца зьлева, як «Зара над Нёманам» ды іншыя, проста адкрыта паўтаралі лёзунгі расейскай прапаганды. Прызнаю, што раней ніколі не было ў такіх памерах і на такім узроўні радыкалізму, каб з вуснаў кандыдатаў у дэпутаты літоўскага парлямэнту гучалі пастуляты з расейскай прапаганды.
Разумееце, у гэтых левацэнтрысцкіх партыяў шмат судзінаў, зьвязаных паміж сабою. У электараце гэтых партыяў хапае і тых, хто проста варожа настроены да літоўскай дзяржавы як такой. І да заходніх краін, да Эўразьвязу — таксама. «Навошта нам такія вялікія выдаткі на абарону? Навошта мы пасварыліся з суседзямі, зь імі трэба жыць мірна, і зь Беларусьсю таксама. Чаму мы пасварыліся зь вялікімі краінамі, як Расея, як Кітай? ЗША нас выкарыстоўваюць у сваіх палітычных гульнях, празь іх мы пасварыліся зь вялікімі краінамі». Вось іх настроі. То бок сярод тых выбарнікаў шмат людзей з такой мэнтальнасьцю, і гэта трэба ўлічваць, сацыял-дэмакратам трэба мець гэта на ўвазе».
Хто змабілізуе электарат, той і пераможа
Першы тур выбараў у Сейм пройдзе 13 кастрычніка. Пры напружанасьці перадвыбарнай барацьбы Вітаўтас Брувярыс мяркуе, што выбары не зламаюць традыцыю невялікай яўкі выбарнікаў. На ягоную думку, інтрыга на выбарах будзе захоўвацца да другога туру, які пройдзе праз два тыдні. Вельмі важным застаецца пытаньне, як загітаваць сваіх аднадумцаў прыйсьці на ўчасткі.
«Актыўнасьць будзе традыцыйнай — 50% плюс некалькі працэнтаў. І гэта парадокс: пры такой напружанасьці можа і ня быць шмат людзей. Усё будзе залежаць ад партыяў. Якая зь іх здолее лепш змабілізаваць сваіх прыхільнікаў, тая стане першай. Асабліва гэта будзе актуальна ў другім туры на выбарах у аднамандатных акругах. Але ў кожным разе, чыста арытмэтычна, пратэставага цэнтрысцка-левага электарату больш. І я думаю, што ён у большасьці прыйдзе на выбары, і гэтая хваля, якую мы бачым у рэйтынгах і адчуваем у паветры, сябе пакажа», — мяркуе галоўны рэдактар ELTA Вітаўтас Брувярыс.
***
- Сейм Літвы — аднапалатны парлямэнт у складзе 141 дэпутата, іх абіраюць на чатырохгадовы тэрмін паралельным галасаваньнем.
- 71 дэпутата абіраюць у аднамандатных акругах, а 70 астатніх парлямэнтароў — паводле прапарцыйнай сыстэмы.
- Выбары ў мажарытарных акругах праходзяць у два туры.
- Галасаваць на выбарах могуць усе грамадзяне Літвы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту.
Каментары