Грамадства11

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён

Чытачка выдання «Анлайнер» Кацярына расказала пра сямейную паездку да Балтыйскага мора. На аўто беларусы праехалі праз Літву ў Польшчу і нават захапілі кавалачак Германіі.

Як адкрылі візу?

У маі гэтага года мы з сям'ёй (я, мама, сястра і двое пляменнікаў 12 і 14 гадоў) ездзілі ў Італію праз турфірму, якая аказвала ў тым ліку візавую падтрымку. Дакументы падавалі ў візавы цэнтр Італіі ў Мінску. Да нашай велізарнай радасці, консул быў шчодры: мне і маме адкрылі візу на тры месяцы, сястры і дзецям далі шэнген на паўгода.

Пасля прыезду я пачала абдумваць, як скарыстацца нашымі візамі па максімуму. І так нарадзілася ідэя паездкі на аўтамабілі ў Польшчу на Балтыйскае мора праз Літву.

Мужчыны ў нашай сям'і не надта любяць падарожнічаць, таму я была адзіным кіроўцам. Вырашыла ехаць на ўласным Nissan Pixo. Не самая камфортная машына для вялікай кампаніі і доўгіх пераездаў, затое суперэканамічная, манеўраная і ідэальная па габарытах для паркоўкі на вузкіх еўрапейскіх вуліцах.

Жыллё мы браніравалі ў некалькіх гарадах на booking.com, а дапамагчы з аплатай прасілі сваякоў, якія жывуць у Польшчы.

Па якім маршруце праехалі?

Такім чынам, у канцы чэрвеня мы выехалі ў бок пунктаў пропуску «Беняконі» («Салечнікі»). Мяжу прайшлі за 10,5 гадзіны, апоўначы трапілі ў Літву і рушылі ў бок Трокаў. За 10 км да іх спыніліся на запраўцы, пару гадзін падрамалі, прывялі сябе ў парадак, паснедалі і паехалі на месца.



Трокі нам вельмі спадабаліся. Акружаны возерам Гальве, горад здаўся вельмі ўтульным. У гэты дзень там праходзіла мерапрыемства па трыятлоне, таму ўваход на тэрыторыю замка быў бясплатным.

Мы хацелі зазірнуць усярэдзіну на пару хвілін, а ў выніку гулялі па залах гадзіны паўтары. Па рэкамендацыі наглядчыцы музея паабедалі літоўскімі піражкамі «кібіны» (€2,90 за штуку) там жа, недалёка ад замка, і рушылі ў бок польскага горада Ольштына.

Месца для начлегу я выбірала ў самым цэнтры, каб убачыць гістарычную частку горада. Паркоўкі аказаліся платнымі, але мясцовы жыхар падказаў, што па выхадных можна ставіць машыну бясплатна.

Яшчэ адзін нюанс: па нядзелях у Польшчы практычна нічога не працуе, а ў нас скончыліся запасы ежы і нават звычайнай вады, але і тут пашанцавала: якраз гэтая нядзеля была гандлёвай, і мы паспелі трапіць у краму.

З гатэлем выйшла накладачка: ён аказаўся хостэлам. Калі браніравала, не звярнула ўвагу на тое, што там агульны санвузел. Мы, дарослыя, вялікай праблемы ў гэтым не ўбачылі, а вось дзеці спачатку адчулі стрэс, бо паняцце «інтэрната» ім незнаёмае. Нумар на пецярых чалавек на адну ноч абышоўся нам у €50.

Раніцай мы выехалі ў Познань, дзе жывуць сваякі, — і правялі там тры ночы. У першы дзень у нас была экскурсія па горадзе з гідам, гэта быў падарунак ад сваякоў. Шмат цікавага ўбачылі і даведаліся. Мабыць, самастойна за чатыры гадзіны столькі паглядзець не атрымалася б.

На другі дзень мы з'ездзілі ў нямецкі Франкфурт-на-Одэры. Да яго ад Познані практычна па прамой 170 км, з іх большая частка дарогі ідзе па платнай магістралі, за яе заплацілі каля €9 у адзін бок.

Франкфурт-на-Одэры знаходзіцца проста на мяжы з Польшчай, прычым мяжа натуральная — Одэр. Пераехаў праз мост — і ты ўжо ў іншай краіне. Адзінае, па дарозе быў затор, і мы прасоўваліся каля гадзіны да моста.

Горад практычна цалкам быў разбураны падчас вайны, але ў ім дакладна ёсць што паглядзець. Дзівакаваты фантан Comic Brunnen і незвычайны Sieben-Raben-Brunnen, Царква Святой Марыі, ратуша, Царква Святой Гертруды, Галоўпаштамт, раскошны будынак універсітэта Europa-Universität Viadrina, які функцыянуе з 1506 года, выдатны парк з помнікам савецкім салдатам Sowjetisches Ehrenmal…

Яшчэ ўдалося знайсці вулку з захаваным кавалачкам старога горада. Цяпер яна забудаваная новымі рознакаляровымі хаткамі і па стылі вельмі нагадвае венецыянскі востраў Бурана.

Што яшчэ прыемна здзівіла ў Франкфурце — добразычлівасць людзей. Мясцовыя жыхары ахвотна прыходзілі на дапамогу, нягледзячы на наша поўнае няведанне нямецкай мовы.

Пасля трэцяй ночы ў Познані раніцай мы выехалі ў бок мора (гэта яшчэ каля 300 км). Выбар прыпаў на пасёлак Яраславец.

Месца для пражывання я выбірала па прынцыпе суадносін «цана — аддаленасць ад мора». І ўвогуле, не пралічылася. Віла аказалася вельмі ўтульнай, размяшчалася за 500 метраў ад першай берагавой лініі. Побач шмат крамаў і кавярняў, выдатныя лавачкі з выпечкай, рыбай, сувенірамі…

Наш пакой аказаўся невялікім, мансарднага тыпу, але з балконам і міні-кухняй. Таксама там была агульная кухня, прасавальная дошка і прас, розныя кнігі і настольныя гульні, у двары — альтанка з аэрахакеем і міні-футболам, мангал, пясочніца і комплекс для дзяцей… Увогуле, усё, што трэба для сямейнага адпачынку.

На моры мы правялі чатыры ночы, за жыллё заплацілі €345.
Балтыйскае мора непрадказальнае, але нам удалося і пазагараць, і паплаваць, і проста нагуляцца ды надыхацца морам. Дарэчы, ніводнай машыны з беларускімі нумарамі мы не ўбачылі ні па дарозе ад Познані, ні ў самім пасёлку. Мабыць, суровае Балтыйскае мора — не самы прывабны варыянт для беларусаў.

На зваротным шляху начлег мы запланавалі ў літоўскіх Друскеніках. Да яго ад Яраслаўца 660 км. Ноч у апартаментах ў прыватным сектары абышлася нам у €66.

Раніцай мы выселіліся і паехалі ў аквапарк на чатыры гадзіны. У ліпені і жніўні там не дзейнічаюць зніжкі, білет для дарослага ў сярэднім каштуе €25-30, у залежнасці ад колькасці гадзін і абранага комплексу паслуг. Пасля водных забаў паабедалі цэпелінамі ва ўлюбёным рэстаранчыку (€8).

Зваротную мяжу мы праходзілі ў Салечніках і правялі там 33 гадзіны (нават успамінаць не хочацца). Ратавала наяўнасць кавярні з прымальнымі, дарэчы, цэнамі. Абед, які складаецца з гарніру, мясной стравы і салаты, каштаваў €5, марозіва — €1.

Колькі выдаткавалі?

У цэлым паездка ў нас атрымалася даволі бюджэтнай. Вядома, усё залежыць ад асабістых патрэбаў і пажаданняў. Асабіста мне падарожжа абышлося прыкладна ў €370, уключаючы агульныя выдаткі (жыллё, паліва, прадукты і т. п.) і асабістыя траты (сувеніры, сёе-тое з адзення, прадукты дадому і паходы ў кавярні).

Дзе-нідзе нам удалося ашчадзіць проста па збегу абставінаў. З-за ўведзеных Літвой абмежаванняў на ўвоз прадуктаў з сабой запасаў ежы мы не бралі — толькі мінімальна неабходнае на суткі. Закупляліся ў асноўным у Польшчы. Цэны ў супермаркетах там цяпер супастаўныя з нашымі, але нешта прадаецца танней.

У Ярослаўцы ў крамах заўсёды быў выбар гатовай ежы, якую трэба было толькі разагрэць у мікрахвалёўцы. Пару разоў мы гатавалі самыя простыя стравы, вечарам хадзілі ў кавярню і куплялі рыбу ў лавачцы каля мора.

У пачатку паездкі мы завялі агульны кашалёк, у які скідаліся па меры неабходнасці на паліва, ежу, іншыя агульныя выдаткі. Агулам за 12 дзён нашы выдаткі на пецярых чалавек склалі:

  • 
жыллё — €461;
  • бензін і іншыя транспартныя выдаткі — €281;
  • прадукты (без уліку некалькіх паходаў у кавярні) — €250.
  • Разам: €992 (амаль €200 на чалавека).

Такая паездка, нягледзячы на некаторыя складанасці і месцамі моцную фізічную стомленасць, прынесла шмат эмоцый і ўражанняў, дадала ў скарбонку масу прыемных успамінаў. У самастойных падарожжах вучышся выкручвацца з розных сітуацый, камунікаваць нават без ведання мовы, і гэтаму разам з намі вучацца нашы дзеці.

Каментары1

  • Добры зайчык
    12.10.2024
    Красаўцы! Дай бог, каб паўтарылі такі трып.

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне7

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусь прыехаў акцёр Тыль Швайгер2

Беспілотнік упершыню атакаваў тэрыторыю Дагестана

Трамп перамагае са значным адрывам, бярэ ўсе хісткія штаты28

З-за рэгулявання штарміць сферу таксі: машын стала менш, паслугі падаражэлі1

Што з выездам з Беларусі раніцай у сераду?

Што будзе, калі знайсці грошы ў банкамаце: досвед мінчанкі

Біткойн рэкордна вырас на фоне навін пра паспяховыя вынікі Трампа

Трамп выйграў першы хісткі штат

Нерухомасць як інвестыцыя. Наколькі выгадна «бетанаваць» грошы ў Беларусі?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне7

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне

Галоўнае
Усе навіны →