Экс-зорка зборнай Германіі распілаваў бензапілой гараж суседа, які псаваў яму від
Гараж замінаў Енсу Леману любавацца возерам.
Былы брамнік зборнай Германіі і «Арсенала» Енс Леман прызнаў сябе вінаватым у тым, што распілаваў бензапілой гараж, які псаваў яму від. У ходзе апеляцыйнага разбору ў Мюнхене Леман пагадзіўся з абвінаваўчым прысудам па справе аб нанясенні шкоды маёмасці і спробе махлярства, піша Bild.
Суд мае вырашыць, які штраф выплаціць Леман.
Былы галкіпер зборнай Германіі паўстаў перад судом за тое, што летам 2022 года распілаваў бензапілой бэльку даху нядаўна пабудаванага гаража на ўчастку свайго суседа на возеры Штарнберг. Па версіі следства, Леман зрабіў гэтае, бо гараж перашкаджаў яму глядзець на возера.
Іншая частка абвінавачвання звязана з тым, што Леман адмовіўся аплачваць паркоўку свайго аўтамабіля Porsche ў аэрапорце Мюнхена.
Выязджаючы з паркоўкі, ён прыціснуўся ўшчыльную да іншага аўтамабіля і праехаў пад шлагбаўмам, зэканоміўшы пры гэтым крыху менш за 230 еўра.
Пасля таго як Леман прызнаў сваю віну, судовы працэс можа быць значна скарочаны. Адвакат Лемана і пракуратура дамовіліся аб угодзе яшчэ да пачатку працэсу.
«Спадар Леман прызнае сваю віну. Ён дасягнуў пагаднення з суседзямі. А паркоўка ў выніку была аплачаная», — растлумачыў адвакат Лемана Фларыян Уфер.
Удакладняецца, што Леман у якасці кампенсацыі аддаў суседу, чый гараж ён пашкодзіў, 60 тысяч еўра.
Каментары