Былы дыпламат Мацукевіч: Рэжым шле сігналы аб сваёй гатоўнасці нешта абмяркоўваць
«Я думаю, што ўладаў цікавіць магчымасць нармалізацыі адносін», — кажа Павел Мацукевіч.
У эфіры «Еўрарадыё» былы дыпламат, а цяпер старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч выказаў свой пункт гледжання на тое, чаму Лукашэнка вызваляе некаторых палітвязняў.
За гэтым стаіць упэўненасць Лукашэнкі ў сваіх сілах і жаданне перазагрузіць адносіны з Захадам у 2025 годзе, лічыць Мацукевіч.
«Рэжым відавочна шле сігналы аб сваёй гатоўнасці нешта абмяркоўваць, бо Аляксандр Лукашэнка відавочна збіраецца прыняць удзел у выбарах 2025 года. І паколькі яго асабіста могуць цікавіць толькі пытанні захавання, умацавання ўлады і, адпаведна, прызнання, то, я думаю, канчаткова мэта — паспрабаваць «захаваць стары файл».
Мацукевіч адзначае, што адносіны з Захадам могуць трансфармавацца з «рэжыму супрацьстаяння і прамой канфрантацыі» ў «рэжым суіснавання».
На думку былога дыпламата, з-за таго, што канфрантацыя з Захадам знаходзіцца ў актыўнай фазе, Лукашэнка не выпускае знакавых фігур і працягвае рэпрэсіі.
«Я думаю, што ўладаў цікавіць магчымасць нармалізацыі адносін. Пра 2019-ты тут марыць складана, але прынцыпова ў гэтым [нармалізацыі адносін з Захадам] мы павінны ўсе быць зацікаўлены».
Ён лічыць, што санкцыі — не ў інтарэсах беларусаў, а канфрантацыя з Захадам адсякае нашу краіну ад Еўропы.
Мацукевіч перакананы: «Улада ў 2025 годзе не зменіцца, і, магчыма, яна не зменіцца і ў 2030-м. Максімальна, на што можна разлічваць, гэта на транзіт улады дзе-небудзь да 2030-га года. І гэта было б сур'ёзным зрушэннем. Але пра гэта таксама трэба дамаўляцца».
Мацукевіч мяркуе, што «мы згубілі чатыры гады ўпустую». Пытанне пра транзіт улады трэба было ставіць у той момант, калі былі пратэсты, калі стала зразумела, што ўлада нікуды не сыдзе, а крывая пратэстаў пайшла ў бок згасання.
«Рэпрэсіўнае жыццё, якое цяпер квітнее ў Беларусі, таксама не з'яўляецца нармальным станам для гэтага рэжыму. Гэты рэжым у прынцыпе гатовы мірыцца і цярпець шмат чаго, акрамя замаху на ўладу. Праблема ў тым, што кожны раз, калі ён бачыць прыкметы гэтага замаху, ён дастае самую вялікую дубіну».
У сітуацыя, што склалася, Мацукевіч не бачыць магчымасцей для пачатку дыялогу дэмакратычных сіл з уладамі. Былы дыпламат мяркуе, што дэмакратычным сілам варта накіраваць усю энергію на вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій.
Каментары